бязла́ддзе, ‑я, н.

Разм. Адсутнасць або парушэнне ладу, парадку ў чым‑н.; беспарадак. Бязладдзе гукаў. □ Мітусіліся па цэху людзі, — кожны нешта рабіў, нешта некуды нёс. Няўжо ў гэтым бязладдзі і мітусні быў пэўны парадак, няўжо ўсё гэта нехта прадумаў і спланаваў, нехта гэтым кіруе?.. Краўчанка. Тут [ля штаба] было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі стомленыя. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

літа́нне, ‑я, н.

1. Малітва ў католікаў, у якой звяртаюцца да бога або святых з просьбай аб заступніцтве. Ксёндз стаяў над пасцеллю хворай, гатовы да літанняў, да малітвы. Сабаленка.

2. перан. Разм. Доўгае манатоннае пералічванне чаго‑н. — Каб вам здароўечка ўсюды служыла, каб вашы ручкі-ножкі... — пачаў літанне Архіп. Пестрак. // Галашэнне. У той, дзень на станцыі было многа плачу, слёз, жаночых літанняў. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы; Р мн. ‑савак і (радзей) засо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

Рухомая металічная або драўляная пласцінка на прабоях для запірання дзвярэй. Зачыніць дзверы на засаўку. □ Злева, ля вушака, было маленькае акенца, праз якое.. адмыкалі сені: пацягнеш за вяровачку — і адсунеш жалезную або драўляную засаўку. Дамашэвіч. // Прыстасаванне ў форме шырокай металічнай пласціны, якой закрываюць комін; юшка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зая́длы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які надта прыахвоціўся да чаго‑н.; заўзяты. Заядлы курэц. Заядлы танцор. □ Тутэйшых заядлых паляўнічых было мала, і качак, можна сказаць, амаль ніхто не турбаваў. Лупсякоў.

2. Які вядзецца, выконваецца з асаблівай упартасцю, напорыстасцю; зацяты. Заядлая спрэчка. Заядлая барацьба. □ Джэк .. кідаўся ўперад на мужчын з заядлым брэхам. Крапіва.

3. Злосны, задзірысты. Заядлы чалавек. □ Маеўскія сабакі малыя, але заядлыя. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звысо́ку, прысл.

1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.

2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згале́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Голы, апусцелы (пра дрэвы, нівы і пад.). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай. Мележ. Згадай гэты дзень залаты, што над пушчай, згалелымі пожнямі рассыпаў залатыя лісты. Дубоўка.

2. перан. Вельмі бедны, збяднелы. Нялёгка было згалеламу шляхцюку служыць сярод багатай знаці, але к трыццаці гадам і ён стаў паручнікам. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марко́тна,

1. Прысл. да маркотны. Вакол, ападаючы, шамацела лісце, угары маркотна, цягуча шумеў густы вецер. Мележ.

2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці суму, маркоты. [Аляўціна Пятроўна:] — Мо табе, Макарка, што баліць? — Не, нічога не баліць, проста так маркотна, — адказаў я як мага спакайней. Сабаленка. Мне было крыху маркотна, напэўна, таму, што са старонак кнігі паўставала даволі сумная гісторыя таленавітага чалавека. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мірга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Тое, што і маргаць (у 1, 2 знач.). [Маці] стаяла сярод хаты з падарункам і часта-часта міргала вачыма. Скрыпка. Касірка міргае дзяўчынцы з раздачы [у сталовай], каб падышла да стала. Мыслівец.

2. перан. Мігаць, мігцець. Навокал было цёмна, толькі паасобныя агеньчыкі хат міргалі на ўзгорку. Броўка. Дзве вісячыя лямпы задыхаліся .. ад сціснутага паветра, міргалі і капцілі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мно́гія,

1. Пэўная колькасць каго‑, чаго‑н. Многія расліны не любяць высокай тэмпературы. □ [Міканор:] — Многіх такіх паноў ды падпанкаў рэвалюцыя турнула з нашай зямлі. Бялевіч. // у знач. наз. мно́гія, ‑іх. Значная колькасць людзей. Многія не вярнуліся з вайны.

2. у знач. наз. мно́гае, ‑ага, н. Аб чым‑н. значным па аб’ёму, зместу або колькасці. Даведацца аб многім. □ Многае для старога было нечаканым. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мно́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. Колькасна павялічвацца; расці. У хаце і ў клеці, у клуні і хлявах дабра было многа, і дабро гэта расло і множылася. Колас. На шкле набухалі, множыліся дажджавыя кроплі. Навуменка.

2. Уст. Размнажацца. Розныя «божыя кароўкі», жучкі, матылькі, вусені жылі і множыліся на гэтым кавалку зямлі. Бядуля.

3. Падвяргацца множанню. Тры множыцца на два.

4. Зал. да множыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)