ПА́ЛЬМЕРСТАН ((Palmerston) Генры Джон Тэмпл) (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),
брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНУ́ЗА (Паўлюк) (Павел Кузьміч; н. 18.3.1918, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1941). У 1945—78 настаўнічаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. Друкуецца з 1936. У зб. «Разгневаная зямля» (1946) біяграфія франтавога пакалення пазначана асабістай выверанасцю, суаднесена з уласным лёсам. Стваральная праца народа, вернасць грамадз. абавязку, трываласць маральна-этычных ідэалаў, гісторыя і сучаснасць адлюстраваны ў зб-ках «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць...» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі «Добры дожджык», 1960; «Дзе вясны пачатак» 1965; «Вясновыя тэлеграмы», 1976; «Фарбы восені», 1982; «Звініць ручаёк», 1988). Перакладае з рус., укр., польск. і інш. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВЫ́Я ТУМА́ННАСЦІ,
воблакі міжзорнага рэчыва, якія ўтрымліваюць вял. колькасць касм. пылу (да 104 часцінак/см³; гл.Туманнасці галактычныя). Назіраюцца як цёмныя вобласці, скрозь якія не бачны размешчаныя за імі зоркі, радзей як светлыя адбівальныя туманнасці, калі блізка знаходзіцца яркая зорка і яе святло адбіваецца часцінкамі пылу (папярочнік асветленай вобласці не большы за 1 пс). Многа цёмных П.т. знаходзіцца ў вобласці Млечнага Шляху (яны ўтвараюць доўгую паласу). Найб. вядомыя з іх «Конская Галава» і «Вугальны Мяшок» (памеры апошняй 8 пс, адлегласць 150 пс). Вял. колькасць адбівальных П.т. знаходзіцца ў спіральных рукавах Галактыкі; разам з газавымі туманнасцямі яны ўтвараюць газава-пылавыя комплексы памерам у дзесяткі і сотні парсек. Невял. ўтварэнні з канцэнтрацыяй пылу ў дзесяткі і сотні разоў большай, чым у П.т., наз. глобуламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НАВАЯ НОЧ,
у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ННЕ,
адлёт з вулля маткі з часткай пчол для ўтварэння новай сям’і; прыроднае размнажэнне пчаліных сем’яў. Бывае ў 1-й пал. лета (на Беларусі ў 1-й пал.чэрв.), калі пчаліная сям’я мае вял. колькасць расплоду і лішак рабочых пчол.
Перад Р. пчаліная сям’я будуе матачнікі для маладых матак, пчолы-разведчыкі знаходзяць новае жыллё. У гэты час яйцаноскасць і маса маткі значна зніжаецца, памяншаецца аб’ём яе яечнікаў, выпростваюцца паветраныя мяшкі ў брушку. і яна набывае здольнасць да палёту. Пры Р. з вулля вылятаюць пчолы з маткай, «прышчэпліваюцца» (збіваюцца ў кучу) на галінцы дрэва, потым пералятаюць і робяць новае гняздо. Ад адной пчалінай сям’і можа аддзяліцца некалькі раёў. У штучных умовах аддзяляюць ч. пчалінай сям’і і падсаджваюць да іх плодную матку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТЫТУ́ЦЫЯ (лац. restitutio аднаўленне),
1) у цывільным праве — вяртанне бакамі, якія заключылі здзелку, усяго атрыманага па здзелцы ў выпадку прызнання яе несапраўднай. Пры немагчымасці вярнуць атрыманае ў натуры кампенсуецца яго кошт у грашах, каліінш. вынікі несапраўднасці здзелкі не прадугледжаны ў-законе. Агульным правілам з’яўляецца двухбаковая Р. — кожны з бакоў вяртае другому ўсё атрыманае па здзелцы, а пры немагчымасці гэта зрабіць вяртае яго кошт у грашах.
2) У міжнародным праве — вяртанне маёмасці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэр. другой дзяржавы, якая з’яўлялася яго ваен. праціўнікам. Міжнар.-прававыя акты, прынятыя ў перыяд і пасля заканчэння 2-й сусв. вайны, прадугледжвалі вяртанне ў парадку Р. дзяржавам, якія падвергліся нападу і акупацыі фаш. Германіяй і яе саюзнікамі, матэрыяльных каштоўнасцей, захопленых і незаконна вывезеных з часова акупіраваных тэрыторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ДКАЯ ГАРЭ́ЛКА,
у беларусаў і некат. інш. народаў вясельнае абрадавае пітво, якім частавалі сваякоў і бацькоў маладой за захаванне ёй цнатлівасці, маральнай чысціні. Наз. таксама «чырвоная гарэлка», «калінкі», «рожкі». Пасля шлюбнай ночы малады з дружкамі ехалі з бутэлькай С.г. да бацькоў маладой «на падзяку». С.г. рыхтавалі з падсалоджанай мёдам або цукрам і падфарбаванай чырвонымі ягадамі гарэлкі. На Пн Беларусі і ў Латгаліі С.г. варылі адмысловым спосабам у гліняным гаршку з рознымі духмянымі каранямі, кменам, мёдам або цукрам на прыпечку. Бутэльку з С.г. затыкалі галінкамі каліны і сцяблінкамі аўса, абвязвалі каляровым поясам або чырв. стужкай і загортвалі ў вышыты ручнік. Цешча, атрымаўшы яе, частавала маладога яешняй, а сваіх родных — С.г. У некат. рэгіёнах С.г. бралі з сабой бацькі маладой, калі ехалі на пярэзвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, каліінш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙШЫ (ад франц. seiches),
стаячыя хвалі вялікага (ад некалькіх мінут да дзесяткаў гадзін) перыяду, без пашырэння профілю хваль на паверхні замкнёных або паўзамкнёных вадаёмаў. Утвараюцца па інерцыі пасля спынення ветру, сейсмічных штуршкоў, рэзкіх змен атм. ціску або выпадзення інтэнсіўных ападкаў у розных частках вадаёма і інш. Частыя ў азёрах, калі паверхня возера нахіляецца папераменна ў розныя бакі. Нерухомая вось, вакал якой вагаецца люстэрка возера, наз. вузлавой лініяй. С. бываюць адна- і двухвузлавыя, з амплітудамі ад некалькіх міліметраў да некалькіх метраў (напр., у Жэнеўскім воз. амплітуда да 2 м з перыядам больш за 1 гадз). Назіраюцца на азёрах Беларусі: на воз. Нарач выш. хваль да 25 см, перыяды 45—51 мін, на меншых азёрах — 1—2 см, 10—15 мін.