ГАІ́ЦІ (Haïti),

Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,9 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс. ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс. ж., Ганаіў — 63 тыс. ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.

Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр. з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш. с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.

Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.​Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах. ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх. ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.​Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.​К.​Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.​Б.​Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыя Амер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.​Прэваль. Гаіці — чл. ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер. эканам. супольнасці. Найб. паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.

І.​В.​Загарэц (гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гаіці.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНІЦТВА,

1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).

2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.​І.​Герцэна і М.​Г.​Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).

2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял. утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас. сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.​М.​Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.

У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя «Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.​А.​Ішуцін і І.​А.​Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.​В.​Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш. рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.​Р.​Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».

На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв. Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел. рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш. бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час. «Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел. рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.

На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.

Літ.:

Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;

Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;

Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;

Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;

Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;

Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг. Мн., 1983.

В.​В.​Сяргеенкава, М.​В.​Біч.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),

нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн. чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс. чал.), Літве (258 тыс. чал.), Украіне (219,2 тыс. чал.), Расіі (94,6 тыс. чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс. чал.), ЗША (5,6 млн. чал.), Германіі (1,5 млн. чал.), Францыі (1 млн. чал.), Канадзе (400 тыс. чал.), Бразіліі (200 тыс. чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс. чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн. чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.

Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.

Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв. буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст. паланізацыя бел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.​Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс. чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс. чал. П. У 1921 ЦВК БССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦК КП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз. Бел. дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ. «Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял. Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс. чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ. «Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час. «Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.

А.​І.​Валахановіч, І.​В.​Карашчанка.

т. 12, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ на Беларусі,

аб’яднанне каталіцкіх дыяцэзій на тэр. Беларусі. Зах.-хрысц. ўплывы пранікалі на бел. землі з 11 ст. праз місіянераў, гандл. і эканам. сувязі з зах.-еўрап. краінамі (гл. Хрысціянства). У 1250-я г. ў сувязі з прыняццем вял. кн. Міндоўгам каталіцкага хрышчэння адбылося першае прызначэнне рымска-каталіцкага біскупа для часткі бел. і літ. зямель. У 1263—1387 Р.-к.ц. не мела ў ВКЛ тэр. арг-цыі, хоць місіянерская дзейнасць не спынялася. Трывала ў ВКЛ каталіцызм замацаваўся пры вял. кн. Ягайле, калі ён заснаваў у 1387 Віленскую рымска-каталіцкую епархію, якая ахоплівала літ. і большую частку бел. зямель. Паўд.-зах. землі Беларусі, у т. л. Брэст, Пінск, уваходзілі ў склад Уладзімірскага біскупства (г. Уладзімір на Валыні). У 1417 створана Жмудскае біскупства, у 1613 — Смаленскае. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў перыяд Рэфармацыі Р.-к.ц. часткова страціла свае пазіцыі. Для пераадолення крызісу праведзена царк. рэформа, якая была падтрымана папствам і санкцыяніравана Трыдэнцкім саборам 1545—63. У парафіях ад ксяндзоў патрабавалася весці метрычныя запісы, здзяйсняць паломніцтвы, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пач. школы, б-кі (гл. таксама Контррэфармацыя). Вял. ролю ў пашырэнні каталіцызму на Беларусі адыгралі ордэны манаскія. У 1772 на тэр. Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (аўгусцінцы, баніфраты, бернардзінцы, дамініканцы, камуністы, кармеліты, марыяне, місіянеры, піяры, рахіты, трынітарыі, францысканцы і інш.). Іх дзейнасць прыўнесла на Беларусь зах.-еўрап. культ. ўплыў і пакінула прыкметны след у яе гісторыі і культуры, спрыяла развіццю навуч. устаноў і кнігадрукавання, навукі, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інстр. музыкі.

У 1772 у выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Рас. імперыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тыс. католікаў. У 1773 указам Кацярыны II тут утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія) з цэнтрам у Магілёве; яе біскупу (на той час С.І.Богуш-Сестранцэвіч) падпарадкаваліся ўсе касцёлы і кляштары ў дзяржаве. У 1783 замест Бел. дыяцэзіі створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія, зацверджаная булай папы Пія VI. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795—98 замест скасаванага Віленскага біскупства створана Інфлянцкае біскупства з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленскае біскупства адноўлена. На 1798 у Рас. імперыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзій, з іх З (Віленская, Магілёўская, Мінская рымска-каталіцкая епархія) ахоплівалі ўсю тэр. Беларусі. У 1797 для кіравання Р.-к.ц. створаны дэпартамент для рымска-каталіцкіх спраў пры Юстыц-калегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў. У 1801 замест дэпартамента засн. рымска-каталіцкая духоўная калегія, якой было падпарадкавана ўсё каталіцкае духавенства. У 1869 Мінская дыяцэзія скасавана, кіраванне яе касцёламі даручалася магілёўскаму архібіскупу. У сувязі з паўстаннямі 1830—31 і 1863—64 царскія ўлады закрылі шэраг бел. каталіцкіх кляштараў, былі скасаваны езуіцкія навучальныя ўстановы, школы і калегіумы піяраў і дамініканцаў. У 1892 усе навуч. ўстановы пры касцёлах перададзены мін-ву нар. асветы. Духоўную адукацыю ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. атрымлівалі ў Рыме, Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Полацкай езуіцкай акадэміі, семінарыях у Вільні, Беластоку, Магілёве, Мінску. У 2-й пал. 19 ст. дзейнічалі Духоўная акадэмія ў С.-Пецярбургу і па адной семінарыі ў кожнай дыяцэзіі.

Пасля Кастр, рэвалюцыі 1917 у Расіі, ва ўмовах неўмяшання дзяржавы ў справы царквы, была адноўлена Мінская дыяцэзія. Але ў 1920—30-я г. Р.-к.ц. перажыла шэраг антырэліг. кампаній: канфіскацыю царк. каштоўнасцей, закрыццё касцёлаў, суд. працэсы над прадстаўнікамі каталіцкага духавенства па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і шпіянажы на карысць Польшчы. На 1938 у БССР не засталося ніводнага дзеючага касцёла. У Зах. Беларусі ў складзе Польшчы Р.-к.ц. знаходзілася ў спрыяльных умовах: у Драгічыне і Пінску былі адкрыты духоўныя семінарыі, адраджаліся кляштары, будаваліся новыя касцёлы і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) уплыў Р.-к.ц. рэзка скараціўся, ксяндзы падвяргаліся рэпрэсіям. У Вял. Айч. вайну многія ксяндзы ўдзельнічалі ў партыз. руху, асабліва актыўным было польскае духавенства ў Арміі Краёвай. За ўдзел у антыфаш. руху акупантамі загублена больш за 100 чал. каталіцкага духавенства. На 1945 у БССР захавалася 325 касцёлаў (90 разбурана ў вайну). Пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці Р.-к.ц., духавенства масава выязджала ў Польшчу, многія рэпрэсіраваны. На 1.1.1960 у БССР існавала 191 каталіцкае аб’яднанне са 102 ксяндзамі, у 1985—96 аб’яднанняў з 52 ксяндзамі. Сувязі Р.-к.ц. Беларусі з Ватыканам былі парушаны (ажыццяўляліся нелегальна праз епіскапат Польшчы). Кадры духавенства для Беларусі рыхтаваліся з 1975 у Рыжскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У 2-й пал. 1980-х г. у СССР пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці, у т. л. Р.-к.ц. Адчыняюцца старыя і будуюцца новыя касцёлы, аднаўляецца дзейнасць манаскіх ордэнаў, вядзецца місіянерская дзейнасць, выдаецца рэліг. л-ра і інш. Арганізаваны епархіяльныя структуры: у 1989 засн. апостальская адміністрацыя ў Мінску, у 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенскае біскупства (у межах Гродзенскай вобл.), Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (у межах Мінскай, Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай дыяцэзіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1998 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 417 парафій, 266 ксяндзоў, 7 кляштараў, Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне (з 1990), выдаюцца час. «Наша вера» (Мінск), «Дыялог» (Баранавічы), «Ave Maria» (час. Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), «Ave Maria. Маленькі рыцар Беззаганнай» (Мінск), «Misericordia» («Міласэрнасць», Гродна), газ. «Слова Жыцця» (Гродна), «Odkupiciel» («Збавіцель», Гродна), «Каталіцкія навіны» (Мінск; Магілёў).

Літ.:

Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971;

Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;

Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;

Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст. Мн., 1999;

Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994. № 1—2.

Ганчарук, В.​В.​Грыгор’ева, А.​М.​Філатава, Э.​С.​Ярмусік.

Да арт. Рымска-каталіцкая царква на Беларусі. Свята Божага Цела ў касцёле Францыска Ксаверыя (б. езуіцкім) у Гродне. 1994.

т. 13, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адно́сіны, ‑сін; адз. няма.

1. Характар паводзін, абыходжання каго‑н. з кім‑, чым‑н. Выхаваць сацыялістычныя адносіны да сродкаў вытворчасці. □ Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы. Шамякін. Дзеці нейкім сваім дзіцячым пачуццём разбіраюцца ў шчырасці дарослых, у адносінах іх да сябе. Васілевіч. // Погляд на што‑н., разуменне чаго‑н. Камуністычныя адносіны да працы.

2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі ці краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці, суіснавання. Дыпламатычныя, гандлёвыя, эканамічныя адносіны. Адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таварыскія адносіны.

3. Узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў. Адносіны прычыны да выніку. Пытанне аб адносінах свядомасці да матэрыі.

4. Дачыненне да каго‑, чаго‑н., сувязь з кім‑, чым‑н. І прозвішча яго — Дарожка — ніякіх адносін, здаецца, да дзятлаў не мае. Якімовіч.

•••

Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.

У адносінах да каго, чаго — ужываецца ў якасці прыназоўніка са значэннем напрамку дзеяння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і карпа́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. у чым. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. Корпацца ў пяску. Корпацца ў градах. // Не спяшаючыся, разбірацца ў чым‑н., папраўляючы, наладжваючы. Корпацца ў прыёмніку. Корпацца ў фотаапараце. □ Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. // Шукаць, перабіраючы што‑н. Корпацца ў паперах. Корпацца ў чамадане. □ Салёнаў доўга корпаўся ў скрынцы — перабіраў шурупчыкі, маткі старога дроту, сапсаваныя ліхтарыкі — шукаў шкларэз. Даніленка.

2. перан. Рабіць што‑н. марудна, не спяшаючыся або няўмела. Пляменніца працавала на ферме, а маці Ліды, пастарэлая і зусім знядужаная, пакрысе корпалася каля дому. Кавалёў. — Дакуль вы будзеце корпацца... Не на вечарынку ж збіраецеся... Васілевіч.

3. перан. Вельмі дэталёва аналізаваць што‑н., абдумваць што‑н., разбірацца ў чым‑н. — І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ілю́зія, ‑і, ж.

Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.

[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., што.

1. Перавысіць мацнейшым гукамі іншыя гукі, зрабіўшы іх нячутнымі. [Салаўіных] песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Колас. У вёсцы чуваць былі галасы. Вось іх заглушыў новы стрэл. Лупсякоў. // Зрабіць менш чутным; адбіць (пра пах і інш.). Нішто не магло заглушыць гэтага цёплага прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. // Разм. Спыніць работу механізма, дзейнасць якога суправаджаецца гукамі. Якаў заглушыў матор, хоць мог і не паслухаць кладаўшчыка. Кулакоўскі.

2. перан. Зменшыць сілу якога‑н. пачуцця; прыглушыць. Жанчына хацела заглушыць сабе боль і маўчаць, што б з ёй ні рабілі. Сабаленка. Суцешыць Міхася, заглушыць яго гора ніхто не мог. Якімовіч.

3. Разросшыся, не даць расці другім раслінам, перашкодзіць іх росту. Жыта заглушыла васількі. Бялевіч.

4. перан. Задушыць, знішчыць. Ні беднасць, ні эксплуатацыя, ні прыгнёт не маглі заглушыць у працоўным чалавеку яго творчых сіл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зе́лень, ‑і, ж.

1. зб. Трава, лісце дрэў, кустоў; зялёная расліннасць, зеляніна. Вясенняя зелень. Пах зелені. Зелень садоў. □ Мноства зелені ў цэнтры горада — гэта магутная крыніца свежага паветра. Лобан. — Парэчча добра мне знаёма! А колькі зелені там летам! Як у вяночку, стаіць хата. Колас. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты. Чарнышэвіч.

2. зб. Некаторыя віды гародніны і траў, якія скарыстоўваюцца ў ежу. Прадавец зелені. Палажыць зелень у суп.

3. Зялёны колер, зялёная афарбоўка чаго‑н. Светафор бліснуў яркай зеленню.

4. Разм. Зялёны налёт. Медны дрот пакрыўся зеленню.

5. Зялёная фарба.

6. Разм. Пра нясталых, маладасведчаных людзей. — Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардвей. Мележ.

•••

Брыльянтавая зелень — анілінавая фарба, якая скарыстоўваецца ў медыцыне як антысептычны сродак.

Парыжская зелень — светла-зялёны нерастварымы ў вадзе парашок, які скарыстоўваецца для барацьбы з насякомымі — шкоднікамі сельскагаспадарчых раслін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маўклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць многа гаварыць; негаваркі. Віктараў бацька быў разважлівы, маўклівы, гаварыць многа не любіў, затое словы яго ніколі не разыходзіліся са справай. Гроднеў. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік. // Які маўчыць, не ўступае ў размову. Праводзячы .. [Марыю], маці ўпотай плакала, а бацька ішоў маўклівы і сумны. Кулакоўскі. Байцы спалі, толькі каля зямлянак і пры ганках хадзілі маўклівыя вартавыя. Мележ. // перан. Поўны маўчання, нямы. Дубы стаялі маўклівыя, паважныя, ні адзін лісток не трапятаўся на іх. Шамякін. Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная. Чарнышэвіч.

2. Зразумелы без слоў. У маўклівай згодзе абое [Агапа з Ігнасём] стараліся менш паказвацца ў людзі. Мурашка. // Які не суправаджаецца словамі. Маўклівае здзіўленне. □ Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. Старшыня калгаса згадзіўся [склікаць сход] з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)