О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок),

опій, высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМАСКО́ЎНЫ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН Складаецца з больш як 90 радовішчаў у Наўгародскай, Цвярской, Смаленскай, Калужскай, Тульскай і Разанскай абл. Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Вуглі выяўлены ў 1722, здабываюцца з 1855. Балансавыя запасы да глыб. 200 м — 4,1 млрд. т. Вугляносная тоўшча ніжняга карбону (магутнасць да 50 м) мае 4 прамысл. пласты (магутнасць 1,4—12 м) бурага вугалю (тэхн. група В-2). Цеплыня згарання на рабочае паліва 11,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабам.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),

адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Адкрыта ў 1985. Распрацоўваецца з 1986. Паклады нафты пл. каля 9 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Нафтаносныя блокі залягаюць на глыб. 3450—4050 м. Пароды-калектары — трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафіністая. Разведаныя запасы каля 7 млн. т, перспектыўныя больш за 1,1 млн. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНАЕ ГРАМА́ДСТВА (абшчынна-родавае, родавае грамадства),

гістарычная эпоха ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення дзяржавы. Характарызуецца калектыўнай працай і спажываннем. Пачало складвацца больш як 1,5 млн. г. назад. Развівалася разам са станаўленнем чалавека, удасканаленнем метадаў выкарыстання гатовых дароў прыроды, а потым і развіццём прадукцыйных сіл. Прайшло некалькі этапаў станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак (праабшчына), ранняя родавая абшчына (каменны век), пазнародавая патрыярхальная абшчына (бронзавы век), распад родаплемяннога ладу і пераход да феадалізму (жалезны век).

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРТ-ОФ-СПЕЙН (Port of Spain),

горад, сталіца дзяржавы Трынідад і Табага. Знаходзіцца на ПнЗ в-ва Трынідад. Засн. іспанцамі ў 18 ст. на месцы індзейскага паселішча. 43,4 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 300 тыс. ж. (1996). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: металаапр., тэкст., харч., цэм., буд. матэрыялаў, суднабудаўнічая. Асобныя ф-ты Вест-Індскага ун-та. Нац. музей і маст. галерэя. Парк Саванна. Турызм.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТСМУТ (Portsmouth),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Гэмпшыр. Засн. ў 1653. 25,4 тыс. ж., з гарадамі Довер, Рочэстэр і агульнымі прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Мэн). Марскі порт, трансп. вузел. Прам-сць: вытв-сць ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, стралк. зброі, суднарамонтная, гарбарна-абутковая, гумавая, шкляная. Музейныя кварталы будынкаў 17 і 18 ст. У 1905 у П. падпісаны Портсмуцкі мірны дагавор 1905 паміж Расіяй і Японіяй.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТУ-АЛЕ́ГРЫ (Porto Alegre),

горад на Пд Бразіліі. Адм. ц. штата Рыу-Гранды-ду-Сул. Засн. ў 1742. Каля 1,5 млн. ж., у агламерацыі больш за 3 млн. ж. (2000). Порт на беразе возера-лагуны Патус Атлантычнага ак., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр Пд краіны. Прам-сць: харч. (у т. л. мясахладабойная, масларобчая, мукамольная), тэкст., нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тытунёвая, дрэваапр., чорная металургія. Ун-ты. Музей мастацтва штата.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГУ́Л,

няяўка работніка на работу або адсутнасць яго на рабоце без уважлівых прычын больш за 3 гадз на працягу прац. дня. Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — адна з падстаў для скасавання прац. дагавора (кантракта) да заканчэння тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка. Існуе таксама паняцце т.зв. вымушанага П., які адбываецца з прычыны незаконнага звальнення работніка. Пры аднаўленні яго на рабоце па рашэнні органа, які разглядаў прац. спрэчку, работніку выплачваецца сярэдні заработак за час вымушанага П.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАЗА́Н (ням. Partisane ад франц. pertuisane),

кап’ё з плоскім і доўгім металічным наканечнікам, замацаваным на дрэўку даўжынёй да 2,5 м і больш. Наканечнік упрыгожвалі арнаментам, выявай герба і інш.; дрэўка размалёўвалі або абшывалі аксамітам, шоўкам і інш. У 16 ст. П. — зброя ландскнехтаў, У 17 — целаахоўнікаў пры манархах, у т. л. ў Рэчы Паспалітай. Пад назвай эспатон быў на ўзбраенні рас. арміі да пач. 19 ст.

Пратазан з выявай гербаў Рэчы Паспалітай. Каля 1700.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)