у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.Тынтарэта, А.Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.Гундуліч), музыцы (Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн, І.К.Бах) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БАЯ ДУ́МКАў судаводстве,
у бел. праве выкладзенае пісьмова і далучанае да справы меркаванне суддзі або засядацеля, не згодных з рашэннем ці прыгаворам суда, прынятым большасцю галасоў. Пры абвяшчэнні рашэння (прыгавору) у зале судовага пасяджэння не аб’яўляецца, але далучаецца да справы. Калі па справе, дзе адзін з суддзяў застаўся пры асобай думцы, не паступіць касацыйнай скаргі або пратэсту, суд пасля набыцця рашэннем (прыгаворам) законнай сілы накіроўвае справу старшыні вышэйстаячай суд. інстанцыі для вырашэння пытання аб апратэставанні вынікаў суд. разгляду ў парадку нагляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АСО́БЫЯ НАРА́ДЫ»,
дзяржаўныя ўстановы ў Расіі, створаныя для кіравання эканам. жыццём у гады 1-й сусв. вайны 1914—18. «Асобых нарадаў» было 5: па абароне, перавозках, харчаванні, уладкаванні бежанцаў, забеспячэнні палівам шляхоў зносін. Паводле Палажэння, зацверджанага царом 17.8.1915, «Асобыя нарады» з’яўляліся вышэйшымі дзярж. ўстановамі, мелі права патрабаваць садзейнічання ўсіх грамадскіх і ўрадавых арг-цый, устанаўліваць цэны, накладваць секвестр і інш.ПасляКастр. рэвалюцыі 1917 улікова-рэгістрацыйны апарат і тэхн. кадры «Асобых нарадаў» выкарыстаны сав. уладай пры стварэнні Вышэйшага савета нар. гаспадаркі і інш. органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПА́СІЯ, Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?),
адна з выдатных жанчын Стараж. Грэцыі. Не мела афіц. грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.
Літ.:
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СІК (Рыгор Іванавіч) (н. 5.1.1935, в. Іванкавічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-ртэхн.н. (1984), праф. (1989). Засл. меліяратар Беларусі (1980). Скончыў Бел.с.-г. акадэмію (1958). З 1960 у Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, з 1992 заг. аддзела. Навук. працы па тэорыі комплекснага рэгулявання водна-паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжыму меліяраваных зямель, распрацоўцы прыёмаў іх аднаўлення пасля забруджвання радыенуклідамі.
Тв.:
Комплексное регулирование условий жизни растений на торфяных почвах. Мн., 1980 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ СІНА́П,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Антонаўка і Пепін літоўскі. Раянаваны ў Беларусі з 1967.
Дрэва моцнарослае, з незагушчанай шырокапірамідальнай кронай. Плоданашэнне з 4—5-га года пасля пасадкі. Сорт ураджайны, высоказімаўстойлівы, устойлівы да грыбных і ракавых захворванняў. Плады аднатыпныя, сярэдняй велічыні (120 г), круглавата-авальнай формы, з характэрнымі плоскімі рэбрамі па паверхні. Скурка шчыльная, тоўстая, спачатку зялёная, у перыяд захоўвання зеленавата-жоўтая. Мякаць плода шчыльная, дробназярністая, кісла-салодкая. Збор пладоў — у 1-й пал. кастрычніка; захоўваецца да чэрвеня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕМ ((Bem) Юзаф) (17.3.1794, г. Тарнаў, Польшча — 10.12.1850),
польскі ваен. і паліт. дзеяч, ваен. тэарэтык. Генерал польск., венг. і тур. армій. Удзельнік кампаніі 1812 у складзе войскаў Напалеона. У 1815—25 афіцэр арміі Каралеўства Польскага, звольнены за ўдзел у тайнай патрыят. арг-цыі. У час паўстання 1830—31 адзін з кіраўнікоў абароны Варшавы. Удзельнічаў у абароне рэв. Вены (кастр. 1848), узначаліў венг. армію (1849). Пасля паражэння венг. рэвалюцыі ўцёк у Турцыю, прыняў іслам і пад імем Мурат-пашы служыў у тур. арміі. Аўтар прац па матэматыцы, ваен. справе, гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗО́ЎСКІ (Максім Сазонтавіч) (27.10.1745, г. Глухаў Сумскай вобл., Ўкраіна — 2.4.1777),
расійскі кампазітар. З канца 1750-х г. жыў у Пецярбургу. У 1769—73 вучыўся ў Балонскай філарманічнай акадэміі (у 1771 атрымаў званне акадэміка-кампазітара). Пасля вяртання з Італіі, дзе жыў у 1766—74, залічаны ў Прыдворную пеўчую капэлу. Аўтар оперы «Дэмафонт» (лібр. П.Метастазіо, 1773), духоўных канцэртаў, богаслужэбных песнапенняў. Майстар хар. пісьма а капэла, разам з Дз.Бартнянскім стварыў новы класічны тып рус.хар. канцэрта.
Літ.:
Рыцарева М. Композитор М.С.Березовский: Жизнь и творчество. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр.Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл.РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар.к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́РМ (ад бія... + грэч. herma падводная скала),
простая арганагенная пабудова, якая ўтварылася на месцы росту калоній арганізмаў, здольных адкладваць вапну, захоўваць пасля адмірання прыжыццёвую форму. Даўж. біягерма да кіламетра.
Марфалагічна біягерм як геал. цела — масіў або выпуклая лінза, палеагеаграфічна — падводны выступ, узгорак. У асадкавых адкладах Беларусі выкапнёвыя дробныя Б. з каралаў, страматапораў, імшанак, сіне-зялёных і чырвоных водарасцяў (багранак) трапляюцца ў сілурыйскіх і ніжнедэвонскіх утварэннях Брэсцкай упадзіны, верхнедэвонскіх і кам. вуг. утварэннях Прыпяцкага прагіну. Да верхнедэвонскіх біягермных адкладаў Прыпяцкага прагіну прымеркаваны радовішчы нафты і газу. Гл. таксама Біястромы.