метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАКЧЭ́ЕЎ (Барыс Уладзіміравіч) (н. 19.4.1926, в. Турбанава Брэйтаўскага р-на Яраслаўскай вобл.),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). З 1971 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў станковым жывапісе. Яго творчасці ўласцівы жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць. Асн. работы: «Этапы вялікага шляху» (1959), серыя «Брэсцкая крэпасць» (1961—70), «Хлеб» (1969), «Гродзенскія гусары каля Полацка» (1995) і інш. Аўтар пейзажных кампазіцый: «Сакавік» (1964), «На сплаве» (1973), «Стары млын у Манькавічах» (1981), «Народныя песні» (1982), «Зямля заслаўская» (1985), «Ф.Скарына» (1990), «З думкай аб родных нівах. М.Багдановіч» (1991), «Вечар у Жыровічах» (1993). Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» (1971, Бел.дзярж. музей гісторыі Вял.Айч. Вайны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́Н-НАШЧО́КІН (Афанасій Лаўрэнцьевіч) (каля 1605, Пскоў — 1680),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч, дыпламат. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у штурме Віцебска (1654), кіраваў штурмам Дрысы (1655). Ваявода Друі (1654), Кокнеса (1656—61). Заснаваў на Зах. Дзвіне суднаверф. У 1658 у Валіесары заключыў на 3 гады перамір’е са Швецыяй, паводле якога за Расіяй заставаліся заваяваныя ў Лівоніі землі. Прыхільнік саюзу з Рэччу Паспалітай для барацьбы супраць Швецыі. Падпісаў Андросаўскае перамір’е 1667. У 1671 пастрыгся ў манахі. У 1679 вёў перагаворы з Рэччу Паспалітай, каб прадоўжыць Андросаўскае перамір’е. Ініцыятар стварэння паштовай сувязі паміж Масквою, Рыгай і Вільняй.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломатич. службы XVI—XVII веков. М., 1989. С. 108—146.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБКО́Ў (Уладзімір Андрэевіч) (н. 22.2.1939, ст. Салтанаўка Жлобінскага р-на),
бел. гісторык і палітолаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1989). Д-ргіст.н. (1978), праф. (1983). Скончыў БДУ (1963). З 1956 працаваў у рэсп. друку, на Бел. радыё. У 1969—90 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1992 заг. кафедры паліталогіі Бел.дзярж.эканам. ун-та, адначасова з 1993 дырэктар Мінскага НДІсац.-эканам. і паліт. праблем. Даследуе праблемы развіцця паліт. працэсу, дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў, узаемадзеяння органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Аўтар манаграфій «Навуковы падыход у партыйнай рабоце» (1985), «Адраджэнне духу ленінізму» (1989). Навуковы кіраўнік і адзін з аўтараў калектыўных прац «Куды ідзе Беларусь?» (ч.1, 1994), «Паліталогія» (1995), «Тэхналогія палітыкі» (1995). Прэзідэнт Бел. асацыяцыі паліт.навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у т. л. спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ (Генадзь Георгіевіч) (12.9.1934, Мінск — 8.10.1993),
бел.парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1963), Мінскую ВПШ (1977). Працаваў дыктарам на Бел.рэсп. радыё, інж.-тэхнолагам, нач.тэхн. бюро, нам.заг. аддзела тэхн. кантролю на з-дзе імя Кастр. рэвалюцыі. З 1967 на парт. і сав. рабоце: сакратар Маладзечанскага, 1-ы сакратар Мінскага гаркомаў КПБ, старшыня Мінскага гарвыканкома. З 1983 2-і сакратар ЦККПБ. У 1987—91 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспубліцы. З 1993 пасол па асобых даручэннях Мін-ва замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Чл.ЦК і Бюро ЦККПБ у 1983—87, чл.ЦККПСС у 1986—91. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1975—80, 1985—90, Вярх. Савета СССР у 1979—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́М (Апанас Андрэевіч) (н. 8.2.1914, в. Урэчча Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік-біяарганік. Акад.АН Беларусі (1970). Д-рхім.н. (1960), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1983). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1934). З 1963 у Ін-це арган.. хіміі АНСССР, з 1972 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі, у 1974—88 дырэктар Ін-та біяарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па біяарган. хіміі стэроідаў, бялкоў, пептыдаў, нуклеатыдаў. Адкрыў з’яву рухомасці двайных сувязяў у спалучаных дыенавых злучэннях. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Конформационный анализ и установление пространственной структуры белковых молекул. Мн., 1989 (разам з С.А.Шэрманам, А.М.Андрыянавым);
Стероиды: Экол. функции. Мн., 1990 (разам з М.У.Каўганка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Пампей Мікалаевіч) (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗ-КАРНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (10.10.1796, Магілёўская губ. — 19.1.1862),
бел. гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык. Ген.-маёр рас. арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік вайны з Турцыяй 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобласці. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў гіст. дакументы ў дзярж., манастырскіх, прыватных архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
Тв.:
Витебская губерния. СПб., 1852;
Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб., 1855 (репр. изд. Мн., 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ГІСТО́РЫКАЎ (БАГ),
грамадская навуковая арг-цыя. Створана 5.2.1993 у Мінску на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Аб’ядноўвае вучоных гісторыкаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гіст. дысцыплін, бібліятэчных, музейных, архіўных работнікаў, краязнаўцаў. Мае на мэце садзейнічаць развіццю фундаментальных даследаванняў па гісторыі Беларусі і ўсеаг. гісторыі, пашыраць гіст. адукаванасць грамадства, папулярызаваць і распаўсюджваць гіст. веды, фарміраваць нац.гіст. свядомасць насельніцтва Беларусі. Удзельнічае ў каардынацыі навук. даследаванняў у галіновых навук. установах Беларусі і ВНУ, у рабоце па павышэнні кваліфікацыі кадраў гіст. навукі, садзейнічае публікацыі вынікаў навук. даследаванняў, праводзіць навук. канферэнцыі, супрацоўнічае з органамі дзярж. улады і кіравання. Складаецца з індывід. і калект. членаў. Вышэйшы орган БАГ — з’езд, які склікаецца раз у 3 гады. Кіруючы орган — рада. У перыяд паміж з’ездамі і пасяджэннямі рады дзейнасць БАГ накіроўвае прэзідыум.