ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭАПА́Г

(грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАВЕ́Ц,

5 стаянак эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Асавец Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобласці. Даследаваны ў 1934, 1960—80-я г. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі, агнішчы, апрацаваныя косці, гліняны посуд мясц. варыянта нарвенскай культуры і паўночнабеларускай культуры, крамянёвыя і касцяныя наканечнікі коп’яў і стрэл, крамянёвыя прылады працы, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, упрыгожанні, а таксама самыя стараж. на тэр. Беларусі драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак і інш.

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЎНЫ́Я Е́ЛЬНІКІ,

абмежаваныя месцы росту елкі еўрапейскай за межамі яе арэала. Вядомы на Пд Беларусі (Палессе). Вызначаюцца своеасаблівымі мікракліматычнымі і глебава-гідралагічнымі ўмовамі і фітацэнатычнай структурай. У складзе іх дрэвастою пераважае карпацкая раса елкі еўрапейскай (Picea abies subsp. acuminata), для якой характэрны хуткі рост. Выяўлены 31 Астраўныя ельнікі агульнай пл. Каля 10 тыс. га. Гарбавіцкія і Добрушскія (Гомельская вобл.), Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія (Брэсцкая вобл.) Астраўныя ельнікі абвешчаны помнікамі прыроды рэсп. значэння.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СІЙ АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ

(Athanasios; каля 295—2.5.373),

царкоўны дзеяч і багаслоў, прадстаўнік патрыстыкі. Епіскап г. Александрыя з 328. У барацьбе з арыянствам распрацаваў містычнае вучэнне пра «адзінасутнасць» Бога-айца і Бога-сына, дагматызаванае на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. Ідэалам рэліг. жыцця лічыў аскетызм. Адстойваў незалежнасць Александрыйскай царквы, за што ў 335—65 імператары 5 разоў яго звяргалі і ссылалі. Аўтар «Жыція Антонія», прысвечанага заснавальніку манаства ў Егіпце Антонію Вялікаму.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕМЕНІ́ДЫ,

дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір І, Камбіс І (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый І (522—486), Ксеркс І (486—465), Артаксеркс І (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,

цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БІН ЯР,

урочышча на паўн.-зах. ускраіне Кіева, месца масавай загубы ў 1941—43 ням. фашыстамі мірнага насельніцтва і сав. ваеннапалонных. На працягу 1941—43 у Бабіным яры забіта каля 100 тыс. чал., пераважна яўр. нацыянальнасці. Толькі паводле афіц. ням. звестак 29—30.9.1941 у Яры расстраляны 33 771 яўрэй. У 1976 у раёне Бабінага яра ўзведзены манумент ахвярам фашызму. Да тэмы Бабінага яра звярталіся многія дзеячы мастацтва, у т. л. І.Эрэнбург, Я.Еўтушэнка, А.Кузняцоў, Дз.Шастаковіч.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЕР»

(Bayer A.G.),

хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належаць найб. хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛМА,

вадасховішча ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Волма (бас. Дняпра); за 41 км ад вусця, за 16 км на З ад г. Чэрвень. Створана ў 1932. Пл. 0,87 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 3,1 м (1988). У выніку моцнага зарастання каля берагоў і заглейвання дна аб’ём вады зменшыўся з 1,25 да 0,62 млн. м³. Выкарыстоўваецца для рыбаводства і адпачынку, паблізу санаторый-прафілакторый «Волма».

А.А.Макарэвіч.

т. 4, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)