КЛЕЦЬ,

традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел. нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз. свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],

расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.​Глазуновым, Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым. П.​Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;

Избранное. М., 1991;

Стихотворения. М., 1991.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з’яў. Вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай. Вытокі бел. Л.г. ў працах па ўсх.-слав. дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А.​І.​Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел бел. гаворак на 2 гал. часткі — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. — і вызначыў іх тэр. межы Я.​Ф.​Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вял. значэнне ў станаўленні Л.г. мелі працы П.​А.​Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю стараж. форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з’яў. Якасна новы этап у развіцці Л.г. звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаў бел., рус. і ўкр. моў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з’яў, уласцівых агульнанац. бел. мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для бел., рус. і ўкр. моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай бел. гаворак, праблемамі гіст. дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спец. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97).

Літ.:

Эдельман Д.И. Основные вопросы лингвистической географии. М., 1968;

Ареальные исследования в языкознании и этнографии: (Язык и этнос). Л., 1983;

Крывіцкі А.А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.

Ю.​Ф.​Мацкевіч.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЗА (ням. Linse ад лац. lens сачавіца),

празрыстае для светлавых прамянёў цела, якое абмежавана дзвюма пераламляльнымі паверхнямі (крывалінейнымі або крывалінейнай і плоскай) і мае вось або плоскасць сіметрыі. Найб. пашыраны Л. са сферычнымі паверхнямі. Яны прызначаны для пераўтварэння формы светлавога пучка і з’яўляюцца асн. элементам аптычных сістэм (напр., Аб’ектыў, Акуляр).

Адрозніваюць збіральныя і рассейвальныя Л. Збіральная пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, які сыходзіцца ў адным пункце F′ (гал. фокусе Л.). Такая Л. ўтварае сапраўдны відарыс аб’екта, калі ён знаходзіцца перад фокусам Л., і ўяўны — калі аб’ект размешчаны паміж фокусамі і Л. (гл. Лупа). Рассейвальная Л. пераўтварае пучок паралельных прамянёў у пучок, што разыходзіцца, і заўсёды ўтварае ўяўны відарыс аб’екта. Асн. характарыстыкі Л. — фокусная адлегласць і аптычная сіла, якія характарызуюць яе пераламляльную здольнасць. Калі таўшчыня Л. значна меншая за радыусы крывізны пераламляльных паверхняў, яна наз. тонкай. Аптычная сіла Д і фокусная адлегласць 𝑓​1 тонкай Л. вызначаюцца формулай Д = ​1/𝑓​1 = (n−1) (​1/r1−​1/r2), дзе n — паказчык пераламлення матэрыялу Л., r1 і r2 — радыусы крывізны яе паверхняў; для выпуклай адносна аб’екта паверхні r>0, для ўвагнутай r<0. Адлегласці ад аптычнага цэнтра Л. да аб’екта (x) і яго відарыса (x′) звязаны паміж сабой формулай Л.: 1/x1 − 1/x = 1/ƒ′ (адлегласці ад Л. ўздоўж ходу светлавога праменя лічацца дадатнымі, супраць ходу — адмоўнымі). Гл. таксама Аберацыі аптычных сістэм, Відарыс аптычны, Павелічэнне аптычнае.

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗАВІ́ТАЎ (Канстанцін Барысавіч) (17.11.1893, г. Даўгаўпілс, Латвія — 23.5.1946),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916), Паўлаўскае ваен. вучылішча. Ўдзельнік 1-й сусв. вайны. У 1917—18 нам. старшыні і сакратар ваен. аддзела Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік абвяшчэння БНР (25.3.1918), чл. яе Рады, нар. сакратар ваен. спраў у 1-м урадзе БНР. У 1919 нач. канцылярыі Мін-ва бел. спраў ва ўрадзе Літвы, кіраўнік Вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Па даручэнні ўрада БНР устанавіў дыпламат. адносіны з урадамі Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, звяртаўся да ўрада ЗША з просьбай аб аказанні ваен. дапамогі БНР, вёў работу па арганізацыі бел. войска. У 1920 урад БНР прысвоіў Е. званне ген.-маёра. З 1921 у Рызе, займаўся публіцыстычнай, грамадска-паліт. і культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў. У 1923—24 дырэктар Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Удзельнік Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921) і Берліне (1925). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і латв. ўладамі. У жн. 1941 ва ўмовах ням. акупацыі стварыў і ўзначаліў у Рызе Бел. цэнтр. к-т (у 1942 пераўтвораны ў Бел. нац. аб’яднанне). На 2-м Усебел. кангрэсе (чэрв. 1944, Мінск) абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ўзначаліў гал. ваен. ўпраўленне, быў ген. інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэр. Германіі. У чэрв. 1944 эвакуіраваўся ў Рыгу, у жн. 1944 — у Берлін. 26.4.1945 затрыманы сав. контрразведкай і перапраўлены ў Маскву, у ліст. 1945 — у Мінск. Памёр у турэмнай бальніцы ў час следства.

У.​М.​Міхнюк.

К.Б.Езавітаў.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫТО́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На Пн Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 29,9 тыс. км². Нас. 1,5 млн. чал., гарадскога 53% (1996). Цэнтр — г. Жытомір. Найб. гарады: Бярдзічаў, Корасцень, Наваград-Валынскі, Карастышаў, Малін, Оўруч.

Прырода. Паўд. і паўд.-зах. часткі вобласці знаходзяцца ў межах Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 300 м). Пн і ПнУ займае Палеская нізіна і Оўруцкае ўзв. (найб. выш. 316 м). Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, лабрадарыты, мармур, вапнякі, гліны, жал. і тытанавыя руды, буры вугаль, торф, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5,6 °C, ліп. 18,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 500 мм на Пд да 600 мм на Пн. Гал. рэкі належаць да бас. Дняпра; Цецераў, Ірпень, Случ, Уж, Убарць. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пд шэрыя лясныя і чарназёмныя. Лясы мяшаныя (хвоя, дуб, граб, бяроза, асіна), займаюць 31,7% тэр., у Ж.в. — Палескі запаведнік.

Гаспадарка Ж.в. адносіцца да індустрыяльна-аграрных раёнаў Украіны. Развіццё прам-сці грунтуецца на с.-г. сыравіне, мясц. мінер. і працоўных рэсурсах. Асн. галіны прам-сці: харчасмакавая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая, агароднінакансервавая, піваварная), маш.-буд. (хім. абсталяванне, дарожныя і с.-r. машыны, электрапрылады), лёгкая (тэкст., швейная, абутковая), хім., мікрабіял., дрэваапр., мэблевая, фарфора-фаянсавая, шкляная. Вытв-сць буд. матэрыялаў Здабыча бурага вугалю. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, жыта) і тэхн. (лён, буракі, хмель) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пчалярства, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Адэса—С.-Пецярбург, Харкаў—Львоў, Брэст—Кіеў, Масква—Чоп, аўтадарогі Кіеў—Львоў, Вінніца—Мазыр, Кіеў—Брэст.

П.​І.​Рогач.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

наступальная аперацыя рас. войск 5, 1, 2 і 10-й армій 18—28 сак. ў раёне воз. Нарач у 1-ю сусв. вайну. На канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (14.2.1916, Францыя) было дасягнута пагадненне пачаць наступленне супраць Германіі на Зах. фронце 1 ліп., а на Усх. (рас.) фронце — 15 чэрвеня. Аднак з-за цяжкага становішча франц. армій пад Вердэнам (гл. Вердэнская аперацыя 1916) рас. камандаванне па просьбе саюзнікаў вырашыла пачаць наступленне датэрмінова. Аперацыя праводзілася левым флангам Паўн. і правым флангам Зах. франтоў у раёне Дзвінск — воз. Нарач. Гал. ўдар наносіла 2-я рас. армія з мэтай прарваць фронт 2 групамі: 3 карпусы наступалі на Пн ад чыгункі Паставы—Свянцяны і 3 карпусы паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Часці 5-й арміі дзейнічалі ў раёне Дзвінска, 14-ы корпус 1-й арміі — у раёне Відзаў. 10-я армія вяла баі ў напрамку Крэва—Ашмяны. Войскі дзейнічалі ў час веснавога бездарожжа, разрознена, без агульнага ўзаемадзеяння. З-за недахопу цяжкай артылерыі і снарадаў да яе не было забяспечана падаўленне абароны праціўніка. У канцы сакавіка наступленне спынена з-за немагчымасці перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я. У выніку Н.а. рас. войскі атрымалі толькі мясц. поспех і панеслі вял. страты (толькі 2-я армія страціла каля 78,5 тыс. забітымі і параненымі). Аднак аперацыя аказала значную дапамогу саюзнікам, адцягнуўшы на сябе вял. частку войск праціўніка: 22—28 сак. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.

М.​І.​Камінскі.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРУШЭ́ВІЧ ((Naruszewicz) Адам Тадэвуш Станіслаў) (20.10.1733, каля г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.7.1796),

гісторык, паэт, перакладчык, рэлігійны дзеяч. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме, Віленскай акадэміі (1748—54), Ліёне (Францыя, 1758—62). Чл. ордэна езуітаў (1748—73). Да 1773 выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіуме (1762—64), Рыцарскай школе ў Варшаве (1766—67). З 1781 пісар вялікі ВКЛ і сакратар (да 1786) Пастаяннай Рады. Суправаджаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў паездках па Беларусі і Украіне (апісаў у «Дыярыушы падарожжа найяснейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Гродзенскі сейм», 1784 і «Дыярыушы падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Украіну», 1787). З 1788 біскуп смаленскі, з 1790 — луцкі. Прымаў удзел у працы Чатырохгадовага сейма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Калі ўступіў у Таргавіцкую канфедэрацыю, адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар паліт. од, ідылій, сатыр. твораў, перакладаў з франц. і лац. моў. Гал. праца Н. «Гісторыя польскага народа ад пачатку хрысціянства» (т. 2—7, 1780—86; т. 2, выд. 1824) ахоплівае падзеі ад старажытнасці да пач. панавання Ягелонаў (1386). Адзін з аўтараў «Палітычнай гісторыі старажытных дзяржаў...» (1772). Сабраныя Н. 231 том матэрыялаў («Acta regum et populi Poloni», т. зв. «Папкі Н.») — вял. каштоўнасць для сучаснай навукі.

Тв.:

Korespondencja A. Naruszewicza. Wrocław, 1959;

Liryki wybrane. Warszawa, 1964.

Літ.:

Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;

Grabski A.F. Perspektywy przeszłości. Lublin, 1983;

Królikowska M. Szkoła naruszewiczowska... Warszawa, 1989.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАХІ́МІЯ,

галіна хіміі, якая вывучае састаў, фіз.-хім. ўласцівасці, хім. ператварэнні, а таксама працэсы перапрацоўкі нафты і прыроднага газу. Гал. задача Н. — вывучэнне і распрацоўка метадаў і працэсаў перапрацоўкі вуглевадародаў нафты ў буйнатанажныя арган. прадукты, якія выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці разнастайнай хім. сінт. прадукцыі (гл. Нафтапрадукты). Адзін з асн. кірункаў даследаванняў — нафтахімічны сінтэз — распрацоўка эфектыўных метадаў атрымання важнейшых функцыян. вытворных (спіртоў, альдэгідаў, карбонавых кіслот, эфіраў і інш.) на аснове вуглевадародаў нафты і прыроднага газу, а таксама паўпрадуктаў і адходаў нафтаперапрацоўкі. У Н. комплексна выкарыстоўваюцца Метады арган. і фіз. хіміі, хім. тэхналогіі, каталізу, цеплатэхнікі, матэматыкі, кібернетыкі і інш. навук.

Пачатак даследаванняў па Н. (з 1870-х г.) звязаны з працамі рас. хімікаў Дз.​І.​Мендзялеева, Ф.​Ф.​Бейльштэйна, У.​В.​Маркоўнікава (вывучэнне вуглевадароднага саставу нафтаў розных каўк. радовішчаў) і ням. хіміка К.​Энглера (распрацоўка метадаў аналізу нафты). Як самаст. навука Н. сфарміравалася ў 1950—60-я г., калі ў прамысл. арган. сінтэзе перайшлі да выкарыстання пераважна нафтагазавай сыравіны.

На Беларусі даследаванні па Н. пачаліся ў Ін-це хіміі і Лабараторыі геахім. праблем АН Беларусі пасля адкрыцця першага радовішча нафты ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. (1953), праводзяцца ў Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН, Бел. тэхнал. ун-це. Вывучаны хім. састаў, фіз.-хім. і тэхнал. ўласцівасці прамысл. нафты Беларусі. Распрацаваны каталізатары дэгідрагенізацыі, экстрагенты араматычных вуглевадародаў, новыя сарбенты для нафтаперапрацоўчых і нафтахім. працэсаў.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла),

нервовая клетка, нейрацыт, асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв. трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.

А.​С.​Леанцюк.

Нейрон: 1 — цела клеткі; 2 — дэндрыт; 3 — аксон.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)