ГЕО́РГІЕЎСКІ КАВАЛЕ́Р,

1) воін рус. арміі, узнагароджаны ордэнам велікамучаніка і перамаганосца Георгія.

2) Воін рус. арміі, узнагароджаны знакам Ваеннага ордэна (з 1913 Георгіеўскі крыж).

Ордэн велікамучаніка і перамаганосца Георгія ўстаноўлены 8.12.1769 імператрыцай Кацярынай II як узнагарода за баявыя заслугі для генералаў і афіцэраў. Падзяляўся на 4 ступені (класы): 1, 2 і 3-й ступені насілі на шыі, 4-й — у пятліцы на стужцы георгіеўскіх колераў (аранжавы з чорным). Ордэн 1-й ступені меў 3 знакі: крыж, зорку з вензелем СГ (св. Георгій) і надпісам «За службу і храбрасць», стужку з крыжам на банце на ўзроўні бядра; ордэн 2-й ступені — крыж і зорку; 3-й і 4-й ступеней — крыж. Усе крыжы былі з золата з белай эмаллю, на правым баку — фініфцевая выява святога, на адваротным — вензель СГ. Асобам нехрысціянскага веравызнання замест крыжа выдаваўся Георгіеўскі медаль. Да 1855 ордэнам св. Георгія 4-й ступені ўзнагароджваліся таксама афіцэрскія чыны за 25 гадоў службы ў арміі, а на флоце за ўдзел у 18 (з 1833 — 20) навігацыйных кампаніях; усяго за выслугу гадоў было ўзнагароджана 10 300 чал. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 ордэнам св. Георгія ўзнагароджаны: 1-й ступені не было, 2-й — 4 чал., 3-й — 53 чал., 4-й — 3504 чал. У Расіі былі 4 поўныя Георгіеўскія кавалеры (асобы, узнагароджаныя ордэнам св. Георгія 4 ступеней): фельдмаршалы М.​І.​Кутузаў, М.​Б.​Барклай дэ Толі, І.​Ф.​Паскевіч, І.​І.​Дзібіч. У 1826 у Зімовым палацы ў Пецярбургу была адкрыта Ваен. галерэя 1812, дзе прадстаўлены Георгіеўскія кавалеры генералы — удзельнікі Айч. вайны 1812. Сярод іх партрэты 20 Георгіеўскіх кавалераў, якія ў розны час служылі ў вайск. часцях з «бел.» назвамі: Бабруйская крэпасць — А.​І.​Грэсер (служыў у 1810—11, ваен. інжынер); Бел. гусарскі полк — П.​В.​Галянішчаў-Кутузаў (1803—07, шэф палка), Дз.​В.​Давыдаў (1804—06), С.​М.​Ланской (1811—14, шэф палка), М.​І.​Мезянцоў (май—жн. 1814, шэф палка); Бел. егерскі корпус — К.​Ф.​Багавут (1795—97), М.​В.​Вуіч (1786—97), Я.​І.​Маркаў (1794—97); Брэсцкі пях. полк — П.​І.​Івеліч (1806—13, камандзір палка); Віцебскі пях. полк — Паскевіч (май—кастр. 1810, камандзір палка); Гродзенскі гусарскі полк — Дз.​Дз.​Шэпелеў (1806—10, шэф палка), Я.​П.​Кульнеў (1806—12, у 1811—12 шэф палка), Ф.​В.​Рыдзігер (1806—24, 1845—?, з 1812 шэф палка); Гродзенскі кадэцкі корпус — А.​А.​Закрэўскі (да 1802 кадэт); Імператарская шляхецкая Бел. харугва — Я.​І.​Чапліц (1783—88); Магілёўскі гарнізонны батальён — Я.​А.​Галавін (1797—1801); Мінскі пях. полк — У.​П.​Мезянцоў (3—22. 7.1808); Полацкі пях. полк — П.​А.​Філісаў (1807—15, шэф палка); Татарскі уланскі полк (першапачаткова камплектаваўся з татар ВКЛ) — К.​Б.​Кнорынг (1806—12, камандзір і шэф палка), В.​В.​Ешын (1809—15, з 1812 камандзір палка). З 1849 імёны генералаў і афіцэраў Георгіеўскіх кавалераў змяшчаліся на сценах Георгіеўскай залы Вял. Крамлёўскага палаца ў Маскве.

25.2.1807 для ўзнагароджвання за баявыя заслугі ніжніх чыноў (салдат, матросаў і унтэр-афіцэраў) заснаваны знак узнагароды Ваен. ордэна, які быў прылічаны да ордэна св. Георгія. Уяўляў сабой сярэбраны крыж, на правым баку якога была выява св.Георгія на кані, на адваротным — вензель СГ. Насілі яго на георгіеўскай стужцы, ступеней не меў. З 1809 на знаках сталі прастаўляць парадкавы нумар. Нехрысціян замест крыжа ўзнагароджвалі медалём «За храбрасць» на георгіеўскай стужцы, а з 1844 ім выдавалі крыжы з двухгаловым арлом замест выявы святога. З 1856 знак узнагароды меў 4 ступені: 1-я і 2-я — залатыя крыжы, 3-я і 4-я — сярэбраныя; 1-я і 3-я ступені дапаўняліся бантам на стужцы. Нумарацыя прастаўлялася нанава на кожнай ступені. Парадак узнагароджвання быў такі: спачатку выдавалася 4-я ступень, потым — 3-я і г.д. Асоба, якая атрымала ўсе 4 ступені, наз. поўным Георгіеўскім кавалерам (да 1913). У выключных выпадках (напрыклад, матросам крэйсера «Вараг» у 1904) адразу выдаваўся знак узнагароды 1-й ступені, узнагароджаны лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. 23.8.1913 знак Ваен. ордэна афіцыйна сталі называць Георгіеўскім крыжам, у сувязі з гэтым праслаўлялася новая нумарацыя. Першыя 2 ступені вырабляліся з пазалочанага серабра, а з 23.9.1916 — з жоўтага і белага некаштоўнага металу. Георгіеўскім крыжам узнагароджвалі і пры Часовым урадзе (сак.кастр. 1917), паводле рашэння агульных сходаў ніжніх чыноў роты або батальёна Георгіеўскім крыжам 1-й і 2-й ступеней маглі ўзнагароджвацца і афіцэры. У гэтым выпадку да стужкі прымацоўвалася металічная галінка.

У 1878 для медаля «За храбрасць» (якім да 1844 замест знака Ваен. ордэна ўзнагароджвалі нехрысціян) былі ўстаноўлены 4 ступені з нумарамі: першыя 2 былі залатыя, астатнія — сярэбраныя. Паводле статута 23.8.1913 медаль стаў наз. Георгіеўскім і падпарадкоўваўся Георгіеўскаму крыжу. На 6.12.1916 медалём усіх ступеней было ўзнагароджана больш за 1 505 000 чал. З 1913 поўным Георгіеўскім кавалерам афіцыйна лічыўся воін, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам усіх 4 ступеней і Георгіеўскім медалём 4 ступеней. У 1-ю сусв. вайну вядома толькі некалькі поўных Георгіеўскіх кавалераў, у т. л. вахмістр Ключнікаў. Георгіеўскім крыжам 4 ступеняў былі ўзнагароджаны наступныя воіны беларусы і ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі руска-турэцкай 1877—78, руска-японскай 1904—05 і 1-й сусв. войнаў: Л.​А.​Арцём’еў, І.​М.​Богдан, С.​П.​Богдан, Дз.​М.​Васільеў, К.​А.​Вышнікаў, С.​А.​Гавяза, А.​К.​Грыб (узнагароджаны адразу 1-й ступенню за ўдзел у Цусімскім баі 1905), І.​Я.​Гудкоў, М.​А.​Дубовік, І.​Я.​Ждановіч, П.​В.​Заблоцкі, М.​І.​Здановіч, А.​Дз.​Казачонак, С.​Дз.​Казачонак, П.​І.​Казятнікаў, Д.​В.​Канопка, І.​І.​Коўкель, П.​В.​Леанкоў, А.​П.​Лешчык, Я.​І.​Новікаў, В.​Л.​Раловец, Л.​А.​Сільвановіч, І.​Ф.​Фамін, І.​М.​Чахоўскі, А.​А.​Шугаеў, Н.​М.​Ярома і інш.

Дэкрэтам СНК РСФСР ад 29.12.1917 усе ордэны і медалі (у т. л. Георгіеўскія), якія існавалі на той час, былі скасаваны. У 1943 у час Вял. Айч. вайны на ўзор Георгіеўскага крыжа для салдат і сяржантаў (у авіяцыі і для мал. лейтэнантаў) быў устаноўлены ордэн Славы 3-х ступеней на георгіеўскай стужцы, у 1945 — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» на георгіеўскай стужцы, якім узнагароджваліся ўсе ўдзельнікі вайны.

Кр.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 г. Спб., 1830. Т. 18. С. 1020—1024; Т. 29. С. 1013—1016.

Літ.:

Спасский И.Г. Иностранные и русские ордена до 1917 года. Л., 1963. С. 115—116;

Кузнецов А.А. Ордена и медали России. М., 1985. С. 44—69, 157—159.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́РНА-АБРА́ДАВАЯ ПАЭ́ЗІЯ,

творчасць, якая суправаджала агр. святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года; від фальклору. Ёсць у многіх народаў Еўропы. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў як нац. адметная з’ява склалася не пазней 14—16 ст. Яна багата развілася, добра захавалася і з’яўляецца феноменам бел. традыцыйнай культуры. Вылучаюцца 4 цыклы: зімовы, веснавы, летні і асенні. Кожная пара года мела адпаведныя рытуалы, звычаі, песеннае суправаджэнне. Агульнымі ў іх былі агр. аснова, мэтавая ўстаноўка, паасобныя матывы. Усе абрадава-песенныя комплексы прасякнуты клопатам пра будучыню сял. двара і сям’і: у пару засеяць ніву, вырасціць і сабраць ураджай, уратаваць яго ад стыхіі, статак — ад паморку і звяроў. Мела таксама эстэт. значэнне і гулліва-пацяшальную функцыянальнасць. Уключае больш за 25 песенных разнавіднасцей.

Зімовыя песні і абрады прызначаны былі загадзя паспрыяць ураджаю, зберагчы азімы пасеў, рунь на палях. Насычанасцю абрадамі і песнямі вылучаліся святкаванні беднай і шчодрай куцці, каляд. Шмат увагі ў час калядна-навагодніх урачыстасцей аддавалася агр. і любоўнай варажбе, розным гасп. павер’ям і прыкметам. Зорнае неба на куццю абяцала ўраджай ягад і грыбоў, іней на дрэвах — багатую квецень у садах, снег і мяцеліца — частае раенне пчол. Гал. месца ў зімовым цыкле належала калядаванню і шчадраванню. Паэт. ядро яго складалі калядныя песні (у г.л. шчадроўскія, гл. Шчадрэц), якім уласцівы метафарычнасць, сімвалізм, пластыка вобразаў. Зімовы цыкл уключаў піліпаўскія песні, ігрышчы, драм. дзействы з пераапрананнем, абрадавы абход з «казой», звяздой, аграрна-шлюбную гульню «Жаніцьба Цярэшкі» і інш. На масленіцу выконваліся масленічныя песні, іх прызначэнне — наблізіць прыход вясны. Яны суправаджалі гульні моладзі, абход двароў, дзе была сёлетняя нявеста, выражалі матыў заклінання будучага ўраджаю. Веснавыя песні і абрады былі закліканы асвячаць час адраджэння прыроды, пачатку палявых работ, яравых усходаў, выгану жывёлы на пашу. Веснавы цыкл абрадаў уключаў гуканне вясны, вяснянкі, валачобны абрад і валачобныя песні, ваджэнне карагодаў, абрадавы выган жывёлы на юр’еву расу і юраўскія песні, ушанаванне памяці продкаў на Радаўніцу, Сёмуху або Тройцу; з культам расліннасці звязаны русальны тыдзень з русаллямі, абрад куста, траецкія песні, русальныя песні, куставыя песні і інш. Летнія песні і абрады паводле архаічнай свядомасці адлюстроўвалі клопаты пра захаванне збажыны ў пару яе даспявання, павінны былі садзейнічаць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, паданні, павер’і Купалля, маляўнічыя паводле зместу і формы, нясуць адбітак стараж. уяўленняў. Купальскія песні і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў пару яе найб. росквіту. Яны стварылі поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы, а таксама вобразы міфалагічныя. Уласна летнімі лічацца жніўныя песні, якія непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сял. сям’і — жніва, цяжкай працы, перажыванняў жняі, сац. адносіны, якія асабліва выявіліся ў песнях часоў прыгону. Важны элемент летняга цыкла — дажынкі. Асенні перыяд, звязаны з уборкай яравых, выбаркай і апрацоўкай лёну, сяўбой азімых — заканчэннем палявых работ, характарызаваўся дамінаваннем у восеньскіх песнях, якія спявалі толькі жанчыны, перадвясельных матываў, развіццём у іх моцнага лірычнага пачатку. Сярод восеньскіх свят вылучаліся пакровы, багач і асабліва змітраўскія дзяды (асяніны). Позняя восень, калі наступала перадышка ў гасп. рабоце, была спрыяльным часам для традыц. збораў (вечарынкі, попрадкі і інш.), дзе спявалі, загадвалі загадкі, расказвалі казкі. У межах усіх цыклаў бытавалі талочныя песні, якія спявалі пры застоллі пасля талакі. Разам з валачобнымі і восеньскімі песнямі яны — нац. адметная частка бел. фальклору. У жанравых адносінах К.-а.п. вельмі разнастайная: апрача каларытных абрадаў і звычаяў яна ўключае заклінальныя, велічальныя, баладныя, жартоўныя, лірычныя песні, рацэі, прыказкі, прымаўкі, паданні. У каляндарных прыказках і прымаўках адлюстраваліся шматвяковыя назіранні над прыродай, практычныя веды, парады, філас. абагульненні («Сей авёс у гразь — будзеш як князь», «Якое семя, такое і племя!», «Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку і сей памаленьку»), К.-а.п. як паэзія зямлі па сваёй сутнасці пераняла ад прыроды, працоўна-вытв. земляробчага побыту сваю выяўл палітру. Міфал. вобразы, народжаныя фантазіяй, суіснуюць у ёй з тымі, што ўзяты з рэчаіснасці, створаны па законах рэаліст. мастацтва. Вобразы сонца, вясны, купалкі, жыта, спарыша, зямлі суседнічаюць з вобразамі селяніна-гаспадара, хлопца, дзяўчыны, жняі-пастацянкі і інш. У велічальных песнях шырока карыстаюцца гіпербалай, беручы параўнанні з касм. і гасп. сфер. Яна мае характэрныя пастаянныя эпітэты («вясна-красна», «раса мядовая», «сяўба залатая». «сярпы сталёвыя або залатыя», «віно зеляно»). Уплыў хрысціянства закрануў нар. паэзію вонкава. Яна толькі часткова ўспрыняла паасобныя элементы хрысц. міфалогіі. Юрай, Мікола, Ілья, Пятро з песень гадавога круга — тыя ж сяляне, ратаі і сейбіты. І клопат іх пра жыта караністае ды ядраное, пра юр’еву расу, пагодлівы сенакос, раі семяністыя ды мядзістыя — чыста сялянскі. Асн. песенны фонд К.-а.п. яшчэ досыць трывала захоўваецца ў памяці вясковых жыхароў старэйшага пакалення Высокая эстэт. вартасць лепшых узораў К.-а.п. мае значэнне жыватворнай крыніцы для прафес культуры — л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва і інш.

Публ.:

Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Песні сямі вёсак;

Традыц. нар. лірыка Міншчыны. Мн., 1973;

Жніўныя песні. Мн., 1974;

Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975; Веснавыя песні. Мн, 1979; Валачобныя песні. Мн., 1980; Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні. Мн., 1985; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры. Гомельская вобл. Мн., 1989; Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі). Мн.. 1990; Паэзія беларускага земляробчага календара Мн., 1992; Жаніцьба Цярэшкі. Мн.,1993; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на Западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Гілевіч Н. Наша родная песня Мн., 1968;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс.А Купальскія песні. Мн., 1974;

Ягож. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарпаабрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў. Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, XIX — начало XX в.: Зимние праздники. М., 1973;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы, конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы. конец XIX — начало XX а: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Кледарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — нач. XX в. М., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье: Обряд, песня. Мн., 1986, Круглов Ю.Г. Русские обрядовые песни. 2 изд. М., 1989;

Беларускія народныя абрады / Склад. Л.​П.​Касцюкавец. Мн., 1994.

А.​С.​Ліс, І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спра́віцца, спраўлюся, справішся, справіцца; зак.

1. з чым і без дап. Змагчы зрабіць, выканаць што‑н. (якую‑н. работу, абавязак і пад.). Справіцца з заданнем. □ Зямля была мяккая, і Вова хутка справіўся з гэтай работай. Якімовіч. «Глядзі, якая яна [Усця], — думаў Васіль, — старшынёй калгаса пастаў — справіцца». Кулакоўскі. [Лясніцкі:] — А вось з санітарамі ў нас цяжка. Алена не можа справіцца адна. Шамякін.

2. з кім-чым. Перамагчы, узяць верх у баі, бойцы і пад. [Балук:] — Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. Колас. Алесь ведаў, што з Федзем яму аднаму не справіцца, і моцна свіснуў у два пальцы. Ваданосаў. Нягледзячы на здвоеныя кантынгенты войска і жандармерыі на заходнебеларускіх землях, акупацыйная ўлада не магла справіцца з партызанскім рухам. Ліс. // Прымусіць слухацца, падпарадкавацца. Брыгада павінна справіцца з тым, хто ёй не падпарадкуецца, хто ідзе супраць яе. Шыцік. А што ж гэта за манера Паддавацца дужа: Не ўламаеш кавалера, Не справішся з мужам! Лойка. // Адолець, асіліць што‑н. Справіцца з агнём. Справіцца з цяжкасцямі. □ Але .. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. // Сумець пакарыстацца чым‑н., гладзіць, саўладаць з чым‑н. Справіцца з машынай. □ Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі. Паслядовіч. З клямкай старшыня, нарэшце, справіўся сам і, бразнуўшы дзвярыма, скочыў з высокага ганка. Навуменка. // перан. Перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Справіцца з хваляваннем. □ Абое яны хацелі справіцца са сваёй няёмкасцю, і абаім гэта не ўдавалася. Асіпенка. Голас .. [маці] задрыжаў, але праз хвіліну яна справілася з сабою. Ус.

3. Атрымаць весткі, даведацца пра што‑н. [Гулік] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка справіцца, ці дома Нічыпар. Колас. — Ты скора ад нас едзеш? — справілася Зося. Гартны.

4. Паспець своечасова зрабіць, завяршыць што‑н. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Згледзеў [Андрэй], што .. [Валюта] справілася змяніць сукенку, была цяпер у зялёнай з гарошкам. Пташнікаў. Пасля работы Васіль прыйшоў у інтэрнат і ўжо справіўся памыцца і пераапрануцца, калі, нарэшце, вярнуўся з завода Саша. Шуцько. // Разм. З’есці, выпіць усё без астатку. Абое хутка справіліся з гарбатай, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Гартны.

5. Разм. З’ездзіўшы, схадзіўшы куды‑н., вярнуцца назад. Заўтра субота, паслязаўтра нядзеля, два выхадныя, спраўлюся туды і назад. Арабей.

6. Разм. Зраўняцца з кім‑н. Праўда, .. [Алена] не апошняя работніца ў засценку. І то сказаць, хто можа з ёю справіцца. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фронт, ‑у, М ‑нце; мн. франты, ‑оў; м.

1. Строй салдат, войск. Выстраіць ва фронт. □ Перад фронтам кожнай з паасобных брыгад Баранавіцкага злучэння была зачытана радыёграма начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху. Брыль. // Спец. Размяшчэнне караблёў або самалётаў на лініі, перпендыкулярнай курсу іх руху. // перан. Пра што‑н., што цягнецца лініяй, паласой. Фронт таполяў пры дарозе.

2. Звернуты да непрыяцеля край баявога размяшчэння войск або асобнай вайсковай адзінкі. Фронт расцягнуты на пяць кіламетраў. □ У гэты час прыйшоў загад нам наступаць з тылу, а танкам і пяхоце — з фронту. Так меркавалася прарваць нямецкую абарону. Няхай. Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, лініі фронту ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія. Кулакоўскі.

3. Месца, раён ваенных дзеянняў і размяшчэння войск у час вайны, у процілегласць тылу. Пасылаліся з далёкага фронту пісьмы ў глухія закуткі палескіх вёсак. Колас. [Пятро:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Вазілі раненых з фронту ў тыл. Мележ. Карыстаючыся часовым зацішшам на фронце, салдаты і малодшыя камандзіры штаба дывізіі праходзілі кожны дзень страявую падрыхтоўку. Машара. // Адзін з участкаў такога раёна. Паўднёвы фронт. Заходні фронт. // Дзеючая армія ў такім раёне. Вайна зацягвалася, і на фронт пачалі браць запасных. Рамановіч. // Ваенныя дзеянні ў такім раёне. Даўно ўжо франты адгрымелі, Ўзняліся да сонца дубы. Прыходзька.

4. Самае вялікае воінскае злучэнне ў ваенны час. У галоўным штабе фронту пастанавілі выбіць.. [белых] з пазіцый і пачаць адганяць. Чорны. Майстэрства вядзення вайны прасочваецца ў рамане [«Мінскі напрамак» І. Мележа] ва ўсіх яго звеннях — ад камандуючага фронтам да камандзіра аддзялення. Дзюбайла.

5. перан.; чаго. Месца, участак, на якім адначасова выконваецца некалькі працэсаў, работ. Фронт забудовы. □ Хлебаробы рэспублікі пашыраюць фронт сяўбы яравых. «Звязда». // чаго або які. Сфера, галіна якой‑н. дзяржаўнай, грамадскай і іншай дзейнасці. Працоўны фронт. Культурны фронт. // чаго або які. Аб’яднанне якіх‑н. грамадскіх сіл, якія ажыццяўляюць дасягненне якой‑н. мэты. Адзіны фронт прыхільнікаў міру. □ Ніканор даў сто рублёў у дапамогу жонкам і дзецям байцоў народнага фронту Іспаніі. Бядуля. Вы [камсамольцы] справамі мацуеце сваімі Сусветны фронт барацьбітоў за мір, І ганарыцца вамі ўся Радзіма. Танк.

6. У метэаралогіі — зона падзелу паміж рознымі паветранымі масамі. Сіноптык Мінскага бюро надвор’я.. вылучае на .. [карце] раёны, дзе прайшлі ападкі, дзе стаяла яснае бязвоблачнае надвор’е, дзе праходзяць атмасферныя франты, дзе ціск паветра паніжаецца або павышаецца ў параўнанні з папярэдняй картай. «Беларусь».

7. Спец. Пярэдняя частка чаго‑н. Фронт катла. Фронт абцаса.

•••

Адзіным фронтам — дружна, згуртавана.

На два франты — у двух напрамках (дзейнічаць).

На ўсіх франтах — усюды (паспяваць, спраўляцца).

Шырокім фронтам — шырока, з вялікім ахопам; скрозь.

[Ад лац. frons, frontis — лоб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́рта 1, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.

1. Група людзей, прызначаная ахоўваць каго‑, што‑н. На ўсіх дарогах, якія вялі ў атрад, была пастаўлена ўзмоцненая варта. Сіняўскі.

2. Вартаванне, абавязкі па ахове чаго‑н. Заступіць на варту. □ Набраў Іван цэлы жмут лучынак і пайшоў на варту. Якімовіч.

3. Месца, пункт вартавання; пост. Паставіць на варту.

•••

Ганаровая варта — воінскае падраздзяленне ці група асоб, выстраеныя для аддання пашаны (у гонар) каму‑н.

Быць (стаяць) на варце гл. быць.

Пасадзіць пад варту гл. пасадзіць.

Узяць пад варту гл. узяць.

ва́рта 2, безас. у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, трэба; мае сэнс; карысна. [Няслаўскі:] — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць. Мурашка. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротныя.. Дуброўскі.

2. каму. Па заслугах, так і трэба. Варта.. [Свеце], няхай не скача, што каза. Пташнікаў.

3. з інф. У саставе складаных сказаў абазначае ўмову хуткага з’яўлення наступных падзей. Варта, затаіўшыся, пастаяць адну хвілінку, каб адчуць, якім поўным жыццём жыве зімовая пушча. Краўчанка. Гэтаму.. вобразу маё ўяўленне надавала розныя формы і змест, варта было толькі затрымацца на іх.. даўжэй. Колас.

•••

Гэта нікуды не варта; куды гэта варта — вельмі кепска; непрыстойна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сціся, вядзецца; пр. вёўся, вялася, вялося; заг. вядзіся; незак.

1. Адбывацца, ажыццяўляць, праводзіцца. Вядзецца барацьба за высокую якасць прадукцыі. Вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва. □ Страляніна была моцная і інтэнсіўная. Здавалася, што яна вядзецца недзе зусім непадалёку. М. Ткачоў. Пачынаючы з гэтага дня, работы на канале вяліся ўжо штодзённа. Краўчанка. // Прадаўжацца, працягвацца. Жанчына ўздыхала І шаптала: «Вам як знаёмаму па шчырасці скажу...» Хаця знаёмства ў іх не так даўно вялося, Адразу тут каля акна і пачалося. Корбан. Вось так гамонка ў іх вялася У зручны выпадак не раз. Колас.

2. Жыць; пладзіцца, размнажацца. Калісьці зубры вяліся па ўсёй Еўропе. В. Вольскі. Пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, вераб’і, у дуплах вяліся шпакі. Чарнышэвіч. // Гадавацца, даваць прыплод. [Мацвей:] — У мяне свінні, на яго ліха, не вядуцца: падгладзіш крыху, то возьме і прыхварэе. Лобан.

3. Быць, мецца ў наяўнасці. Бацька гаспадарыў, дык і хлеб вёўся. Якімовіч. Кавалачак сала ў нас яшчэ вядзецца, а скончыцца — перабудзем дзён колькі на хлебе. Пальчэўскі.

4. безас. Быць звычаем, падтрымлівацца. Нас знаёміла Зося і ўсіх нас вяла, Як пры [сустрэчах] вялося, у дом да стала. Куляшоў. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з’яўляліся меней значныя асобы. Колас.

5. Зал. да весці (у 1, 2, 4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́ты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.

2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.

3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.

лю́ты 2, ‑ага, м.

Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́ва, ‑а; мн. дзі́вы, дзіў; н.

1. Нешта незвычайнае, тое, што выклікае здзіўленне. Загледзеўся [пан] на дзіва: такі недалужны конік, а цягне воз дроў, пад неба накладзены! Якімовіч. На твары ў .. [дзецюка] адбілася надзвычайнае здзіўленне: ён ніколі не бачыў такога дзіва, каб атаманам была дзеўка. Нікановіч. // Пра тое, што выклікае здзіўленне, захапленне сваімі выдатнымі якасцямі. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[аў]бок, Майстэрства дзіва. Колас. Было маленькае ярка-чырвонае дзіва на таку — малатарня. Мележ.

2. Разм. Здзіўленне. Старыя з дзівам паглядалі на свежыя хваёвыя слупы, што ўкопваліся ў зямлю. Бядуля. На дзіва ўсіх, шафёр адразу згадзіўся і выключыў матор. Кулакоўскі.

3. у знач. вык. Разм. Дзіўна. Я перачытаў гэтулькі кніг, што аж самому дзіва, колькі чалавек можа ўсяго перачытаць. Чорны. «Скуль іх [піянераў] столькі? — дзіва Гані: Ну, як макаў агарод!» Колас.

•••

Дзіва дзіўнае — вялікае дзіва. — Дзіва дзіўнае! — ускрыкнула Марыля, калі яны ўвайшлі ў Ладунькаву хату. — У печы не паліцца, а дым з коміна ідзе. Корбан.

Дзіва ўзяло (бярэ) каго — дзіўна каму‑н.

Дзіва што — безумоўна, так, несумненна.

Дзівам дзівіцца гл. дзівіцца.

Дзіву дацца гл. дацца.

На дзіва — надта добра, выдатна (удацца, выйсці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мясці́на, ‑ы, ж.

1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.

2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.

3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.

4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)