неспрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае дастатковага вопыту, умення, ведаў. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі. «На першы раз хопіць, — сказаў ён, — вы яшчэ неспрактыкаваныя падрыўнікі». Пянкрат. Знізу [заявы] красаваўся няроўны, выведзены неспрактыкаванаю рукою крыжык. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́свіць, ‑пасу, ‑пасеш, ‑пасе; ‑пасём, ‑пасяце, ‑пасуць і ‑пасу, ‑пасвіш, ‑пасвіць; ‑пасвім, ‑пасвіце; зак., каго-што.

Пасвіць некаторы час. — Глядзі толькі, не крыўдзі.. [каня], — паківаў пальцам конюх. — Удзень папасі з гадзіну, а потым напаі ў рэчцы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць чорным, чарнейшым. Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі. Краўчанка. Грачанё за гэтыя дні падрасло і яшчэ больш пачарнела. Якімовіч. Твар .. [Любы Лук’янскай] пачарнеў ад болю. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перавя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перавязваць — перавязаць.

2. Тое, чым перавязана рана, хворае месца; павязка. Я прысеў на ўзбочыне. Абмацаў перавязку: яна зусім ссунулася з раны. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карчакава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. З вялікай колькасцю карчоў, карчакоў; карчысты. Каляіністай і карчакаватай дарогай .. ехалі дзве сялянскія фурманкі. Чорны.

2. Абл. Каржакаваты (пра чалавека, яго постаць). Па вуліцы бегае стараста Адам, тоўсты карчакаваты мужык. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змары́цца, змаруся, зморышся, зморыцца; зак.

Адчуць знямогу, стомленасць; знясіліцца, стаміцца. Відаць, ішоў .. [дзядок] .. здалёку, бо змарыўся і цяжка дыхаў, шукаючы вачамі вольнага месца. Якімовіч. Галоўнае пры касьбе — не спяшацца, не высільвацца, каб не змарыцца да пары. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпла́каць, ‑плачу, ‑плачаш, ‑плача; зак.

1. Скончыць, перастаць плакаць.

2. Праплакаць пэўны час.

3. што. Выказаць, плачучы, свой душэўны боль. Язэпка ўжо адплакаў, колькі мог, сваю разлуку з домам. Якімовіч. Адплачце, гусі, Сум над балатамі. Кляшторны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які любіць і ўмее запасацца, ствараць запас. Бочку з вадою, відаць, трымалі тут запаслівыя гаспадары для паліўкі град. Якімовіч. Запаслівы, як і любы шафёр, Цімашэнка дастаў з багажнай скрынкі кавалак ружовага сала. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Агаліцца, апусцець. Лес згалеў.

2. перан. Крайне збяднець. Казалі, быццам і сам .. [Дракула] быў некалі невялікім панам. Потым згалеў, прадаў свой фальварак і пайшоў у цівуны да пана Ясінскага. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скры́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да скрыпка. Падрос музыка, зрабіў сабе скрыпачку ды пайшоў у свет. Якімовіч.

скрыпа́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да скрыпач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)