планавае міжгаліновае і тэрытарыяльнае пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў у б.СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі для забеспячэння патрэб нар. гаспадаркі ў рабочай сіле і для працаўладкавання грамадзян. Ажыццяўляўся спец.дзярж. органам. Рабочыя арганізаванага набору мелі льготы, накіроўваліся пераважна на новабудоўлі. З Беларусі да 1941 па арганізаваным наборы рабочых накіравана 1 млн. 629 тыс.чал. (пераважна сельскага насельніцтва) на лесанарыхтоўкі, у рыбную прам-сць, у Данбас, на будоўлі Масквы, Ленінграда і інш. За 1944—76 арганізаваны набор рабочых склаў 588,4 тыс.чал., найб. інтэнсіўны ён быў у 1950—53. У 1956—66 з БССР на асваенне цалінных зямель накіравана больш за 48 тыс. сем’яў (каля 179 тыс.чал.). У 1961—71 штогодні набор зменшыўся больш як у 5 разоў. З фарміраваннем рыначнай эканомікі забеспячэнне нар. гаспадаркі рабочай сілай адбываецца праз рынак працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак амер.паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-й сусв. вайны, склалася вакол К-таэканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.К.Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. прадказанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РАК ((Gierek) Эдвард) (н. 6.1.1913, в. Паромбка, цяпер у межах г. Сасновец, Польшча),
польскі дзярж. і парт. дзеяч. У 1923—48 жыў і працаваў на вугальных шахтах у Францыі і Бельгіі. У 1946—48 узначальваў Нац. раду палякаў у Бельгіі. З 1948 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП), сакратар ЦК (1956—64), чл. Палітбюро ЦК ПАРП (1956, 1959—80), 1-ы сакратар катавіцкага к-та ПАРП (1957—70). У 1970—80 1-ы сакратар ЦК ПАРП. Прыхільнік эканам. супрацоўніцтва Польшчы з Захадам, выкарыстання замежных крэдытаў з мэтай паскарэння развіцця краіны, пры гэтым захоўваліся прынцыпы сацыяліст.эканомікі і залежнасць Польшчы ад СССР. У выніку выраслі даўгі і Польшча апынулася ў глыбокім эканам. крызісе. У перыяд узнікнення хвалі забастовак ва ўсёй краіне ў 1980 Герак выведзены з ЦК, у 1981 выключаны з ПАРП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),
прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́НДАНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін з буйнейшых ун-таў і навукова-даследчых цэнтраў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1836 паводле ўказа караля Вільгельма IV як установа, правамочная прысуджаць вучоныя ступені; пасля рэарганізацыі з 1898 выконвае функцыі і ВНУ. У склад Л.у. ў 1907 уключаны Універсітэцкі (засн. ў 1826), а ў 1910 — Каралеўскі (засн. ў 1829) каледжы. У 1997 было 51,4 тыс. студэнтаў; ф-ты: тэалогіі, педагогікі, эканомікі, тэхн., права, мед., музыкі, мастацтваў і інш.Навуч. працэс і даследчая работа ва ун-це праводзяцца ў школах, каледжах і ін-тах, у т. л. ў Каралеўскай мед. школе, фармацэўтычнай, па даследаванні краін Усходу і Афрыкі, Імперскім каледжы навукі тэхналогіі і медыцыны, ін-тах класічнай адукацыі, германазнаўства, правазнаўства, мастацтваў і інш. У б-цы Л.у. каля 1,5 млн. тамоў. Ёсць б-кі пры школах і каледжах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
комплекс мер і кірункаў у сферы знешнеэканам. дзейнасці, якая ажыццяўляецца праз мытную сістэму. Мэты М.п. Рэспублікі Беларусь — забеспячэнне найб. эфектыўнага выкарыстання інструментаў мытнага кантролю і рэгулявання тавараабмену на мытнай тэрыторыі краіны, удзел у рэалізацыі гандл.-паліт. задач па абароне бел. рынку, стымуляванні развіцця нац.эканомікі, садзейнічанні ў правядзенні структурнай перабудовы і інш. задач эканам. палітыкі дзяржавы, таксама інш. мэты, што вызначаюцца яе кіраўніцтвам у адпаведнасці з мытным заканадаўствам. Рэспубліка Беларусь імкнецца актыўна ўдзельнічаць у міжнар. супрацоўніцтве ў галіне мытнай справы, якая развіваецца ў кірунку гарманізацыі і уніфікацыі з агульнапрынятымі міжнар. нормамі і практыкай. Асн. сродкамі рэалізацыі М.п. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: устанаўленне тарыфных і некаторых мер дзярж. мытнага рэгулявання; ажыццяўленне дзярж. мытнага кантролю мытнымі органамі краіны; удзел краіны ў мытных саюзах і інш. формах інтэграцыі эканам. сувязяў з інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІЦТВАЗНА́ЎСТВА,
навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркі на аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.
Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.
На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл на працягу сутак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЧЫН (Рыгор Яўхімавіч) (8.3.1894, в. Задашчэнне Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),
бел. правазнавец. Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1924). З 1921 у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе РСФСР (з 1923 Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР). З 1924 нам. старшыні Камісіі заканад. меркаванняў пры СНКБССР. З 1931 у Ін-це сав. будаўніцтва і права АН Беларусі. Працаваў у Ін-це бел. культуры, Ін-це эканомікіАНБССР. Даследаваў пытанні сав. федэрацыі і нац.-дзярж. будаўніцтва ў БССР. 24.1.1937 арыштаваны і Ваен. калегіяй Вярх. Суда СССР у чэрв. 1938 асуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Советские республики в их взаимоотношениях. Мн., 1922;
Наша Канстытуцыя. Мн., 1928;
Ідэя беларускае дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкае Беларусі // Зап.Аддз.гуманіт.навук.Пр. кафедры сучаснага права БАН. Мн., 1929. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕВЕ́Н ((Pleven) Рэнэ Жан) (15.4.1901, г. Рэн, Францыя — 13.1.1993),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 2-ю сусв. вайну з 1940 чл. руху «Свабодная Францыя». У 1941—44 камісар фінансаў, калоній, замежных спраў Франц.нац.к-та і Франц.к-танац. вызвалення. У 1944—46 міністр калоній, фінансаў, нац.эканомікі Часовага ўрада. У 1946—69 дэп.Нац. сходу. У 1946—53 старшыня партыі Дэмакр. і сацыяліст. саюза Супраціўлення. Міністр нац. абароны (1949—50, 1952—54), прэм’ер-міністр (ліп. 1950 — лют. 1951 і жн. 1951 — студз. 1952) Францыі. Выступаў за стварэнне і ўмацаванне зах. саюза і НАТО. У 1950 прапанаваў праект стварэння ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў (Плевена план). Садзейнічаў уцягванню Францыі ў калан. вайну ў Індакітаі. Міністр замежных спраў (1958), юстыцыі (1969—73). У 1974—76 старшыня Брэтонскага рэгіянальнага савета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),
форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.
Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).
На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.