КРЭЙН ((Crane) Стывен) (1.11.1871, Ньюарк, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 5.6.1900),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це г. Сіракузы. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам Л.​Талстога, Э.​Заля, Р.​Кіплінга. Дэбютаваў цыклам замалёвак «Эскізы з жыцця». Супрацьстаяў пашыранаму ў амер. л-ры 19 ст. «ружоваму рэалізму», належаў да т. зв. разграбальнікаў бруду. У творах узнімаў вострыя сац. праблемы: жыццё гар. беднаты, лёс дзіцяці ў жорсткіх жыццёвых абставінах (аповесці «Мэгі, дзіця вуліц», 1893; «Маці Джорджа», 1896, і інш.), грамадз. вайна паміж амер. Поўднем і Поўначчу («Пунсовы знак доблесці», 1895). Майстар псіхал. навелы: «Пачвара», «Смерць і дзіця» і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Трэцяя фіялка» (1897), паэт. кніг «Чорныя вершнікі» (1895) і «Вайна добрая» (1899). Адзін з заснавальнікаў жанру ваен. рэпартажу ў амер. л-ры. Творам К. ўласцівы драматызм калізій, пластычнасць апісанняў, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый з імпрэсіянісцкімі.

Тв.:

Рус. пер. — Алый знак доблести. М., 1989;

Полн. собр. стихотворений. Чебоксары, 1994.

Літ.:

Васильевская О.В. Творчество Стивена Крейна. М., 1967.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.

Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.

Няпарны шаўкапрад: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень на лісці дуба; 4 — кукалка.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДЗЬКА (Raphanus),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6—8 відаў (або 1 паліморфны від Р. дзікая, ці палявая — R. raphanistrum), пашыраных у Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. За 2 тыс. гадоў да н.э. Р. выкарыстоўвалася ў медыцыне. На Беларусі культывуюцца Р. пасяўная, або агародная (R. sativus), і яе разнавіднасці, Р. звычайная і радыска.

Адна-, двух-, рэдка шматгаловыя травяністыя караняплодныя расліны. Лісце рассечанае. Кветкі белыя, жоўтыя, ружовыя, фіялетавыя, у суквецці гронка. Плод — стручок. На Беларусі раянаваны сарты Адэская 5, Грайваронская, Зімовая круглая чорная, Зімовая круглая белая, Майская і інш. Караняплоды рознай формы (ад круглай да верацёнападобнай) і афарбоўкі (белыя, жоўтыя, шэрыя, фіялетавыя, карычневыя, чорныя), з белай мякаццю, ужываюцца сырыя. Маюць 1,6% цукру, каля 1,9% бялку, вітаміны С і групы В, карацін, эфірны алей, востры смак ім надаюць гліказіды. Харч., алейныя, меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.

Сарты рэдзькі: 1 — Зімовая круглая белая; 2 — Зімовая круглая чорная; 3 — Грайваронская; 4 — Маргеланская.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМГА, ласось высакародны (Salmo salar),

рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн. ч. Атл. ак., паўд.-зах. ч. Ледавітага ак. каля берагоў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Існуе азёрная форма С. — азёрны ласось (S. s. morpha sebago) у буйных паўн. азёрах Лабрадор, Ладажскае, Анежскае і інш. На Беларусі да пабудовы на рэках плацін заходзіла на нераст з Балтыйскага м. ў рэкі Нёман, Зах. Дзвіна, Вілія, Буг. Апошні раз назіралася ў р. Вілія (1954).

Даўж. цела да 1,5 м, маса да 39 кг. Луска дробная, серабрыстая. Перад нерастам цела цямнее, на баках і галаве паяўляюцца чорныя, чырв. і аранжавыя плямы, у самцоў падаўжаюцца і скрыўляюцца сківіцы. Скура на спіне патаўшчаецца. Плоднасць да 26 тыс. ікрынак. Ікра буйная, аранжавая. У рэкі заходзіць пераважна восенню. Моладзь жыве ў рэках да 5 гадоў, корміцца беспазваночнымі і дробнай рыбай, у моры — рыбай і ракападобнымі. Каштоўны аб’ект промыслу і развядзення.

Сёмга: 1 — самец у звычайным, 2 — у шлюбным убранні.

т. 14, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гуллі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Вясёлы, жартаўлівы. Гуллівы настрой. □ Голас у .. [Аксаны] чысты, лёгкі, і песня гэткая ж лёгкая і гуллівая, як бліскучыя чорныя яе вочы. Галавач.

2. Ахвочы пагуляць; гарэзлівы, шустры. Гуллівае дзіця. Гуллівая вавёрка. □ Мігатліва бліскацелі трапяткія крылачкі гуллівых стракоз. Пестрак. // перан. Рухавы, зменлівы. [Жыта] то калышацца вясёлымі гуллівымі хвалямі, то нікне шэрымі каласамі ў нейкай задуме. Дуброўскі. Зіму змыюць паводкі гуллівыя. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гля́нец, ‑нцу, м.

1. Бляск начышчанай адпаліраванай або пакрытай лакам паверхні. [Аўтамабіль] быў чысценькі і аж зіхацеў на сонцы сваім лакавым глянцам. Якімовіч. // перан. Бляск вачэй, валасоў, скуры і інш. На рукі гэтай маладзіцы гляньце: яны і чорныя, яны аж з глянцам. Дубоўка.

2. перан. Беззаганны выгляд; знешняя культурнасць. Пан камендант цалкам разгубіўся, і ўвесь яго глянец знік, як з мокрай курыцы. Машара.

[Ням. Glanz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́глуха, прысл.

1. Вельмі шчыльна, без адтулін. [Блецька] стараўся ўвайсці праз чорныя дзверы, але яны былі наглуха забіты цвікамі. Чорны. Вокны наглуха завешаны чорнай паперай. Алешка. // Вельмі моцна, так, што нельга перамясціць, ссунуць, адвярнуць. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Лынькоў.

2. На ўсе гузікі, кручкі, засцежкі (зашпіліцца). Людзі ішлі па вуліцы, наглуха зашпіленыя. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыхі́льны, ‑ая, ‑ае.

Непрыязна настроены; які праяўляе недружалюбнасць да каго‑, чаго‑н. [Пісар:] — [А. Мікалай] да цябе, брат, вельмі добра адносіцца і паважае, але яго трохі не задавольвае, што ты вечарамі нейкія гутаркі вядзеш з людзьмі, да царквы непрыхільнымі. Колас. // Які змяшчае ў сабе або выказвае неадабрэнне. Непрыхільны водзыў. □ Маці кідала на Макара непрыхільныя позіркі. Асіпенка. Чорныя пукатыя вочы малога былі строгія, нават непрыхільныя. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакасі́цца, ‑кашуся, ‑косішся, ‑косіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць касым (у 2 знач.); перакасіцца, пакрывіцца. Месцамі штыкетнік .. пакасіўся. Шыловіч. — Трэці год за вёскай на пяску чатыры шулкі стаяць, пачарнелі І пакасіліся ад дажджу і часу... Ракітны.

2. Паглядзець скоса. Уласюк закурыў папяросу, пакасіўся на цёмны куток пакоя. Колас. Сіняўскі падкруціў чорныя вусы, пакасіўся на камандзіра. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ума́заць, умажу, умажаш, умажа; зак., што.

1. Запэцкаць, забрудзіць. Умазаць лоб у сажу. □ [Сашка] вунь ужо ўюном палез паміж машын і пад машыны. І ўмажа што-небудзь, абавязкова ўмажа, не вопратку, дык рукі. «Беларусь». Боганчык стаў церці рукамі вочы — згледзеў, што чорныя пальцы: умазаў, калі бег праз гарэлы сасоннік. Пташнікаў.

2. Замацаваць што‑н. устаўленае растворам гліны, цэменту. Умазаць кацёл у печ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)