ГАЛУА́ ((Galois) Эварыст) (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ.М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖ,
графема ў бел. алфавіце для абазначэння асобнага складанага гука. Дыграф, утвораны з літар «д» і «ж», перадае афрыкату «дж». У пісьмовых помніках выкарыстоўваецца з 16 ст., аднак старабел. аўтарамі гук «дж» часцей перадаваўся літарамі «ч», «ж», спалучэннямі «д» і «ч», «ж» і «ч» («ѣздживаль», «розъежчалъ», «приеждчий»). У сучаснайбел.літ. мове спалучэнне «дж» вымаўляецца па-рознаму: у словах тыпу «аджыць», «паджылкі», дзе «д» — частка прыстаўкі, а «ж» — пачатковы гук кораня, «дж» чытаецца як спалучэнне 2 гукаў «д» і «ж» («ад-жыць»); у выпадку, калі «д» і «ж» не стаяць на стыку 2 марфем, яны вымаўляюцца як адзін непадзельны гук («джунглі», «загароджаны», «ураджай»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́КАННЕ,
у беларускай мове фанетычная з’ява, звязаная са змяненнем гука «д» пры яго памякчэнні на мяккую афрыкату «дз» (за выключэннем «д» у прыстаўках, дзе яно не пераходзіць у «дз»). Развілося не пазней 14 ст., у помніках бел. мовы адлюстроўваецца з пач. 16 ст. («адзін за всехъ», «пападзись», «людзіе», «игдзе», «серца людзские»), Ёсць 2 погляды на паходжанне Дз. і цекання ў бел. мове. Выказаная ў 19 ст. А.А.Шахматавым гіпотэза пра запазычанне Дз. з польскай мовы не атрымала пашырэння. Агульнапрызнанай лічыцца гіпотэза Я.Ф.Карскага пра самаст. развіццё Дз. на бел. глебе.
Літ.:
Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫДО́ВІЧ (Марыя Андрэеўна) (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСТА́ЎКАў кніжнай графіцы,
невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснайбел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.
Застаўка з рукапісу 11 ст.Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.Застаўка з «Бібліі» Ф.Скарыны. 1518.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Сяргей Валер’евіч) (н. 20.6.1961, г. Магілёў),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец. Канд.філал.н. (1991). Скончыў БДУ (1985). З 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснайбел. паэзіі (зб.арт. «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную л-ру ВКЛ (кн. «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.», 1993). Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), створаных на аснове літ. твораў і фалькл. матэрыяле, і інш. Піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЯ (Ларыса Лявонцьеўна) (н. 17.3.1919, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на),
бел.літ.-знавец, педагог. Канд.філал.н. (1963). Скончыла Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічала. У 1955—94 выкладала ў БДУ. Даследуе стараж.бел. і рус. л-ры, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выступае з літ.-крытычнымі артыкуламі па сучаснайбел. л-ры. Складальнік навучальных і метадычных дапаможнікаў, хрэстаматый для студэнтаў і школьнікаў: «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979), «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982; абедзве з Л.Гусевай), «Аб мінулым Бацькаўшчыны» (1985), «Руская літаратура XVIII ст.» (1988), «Літаратура Старажытнай Русі і XVIII ст.» (1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́Я РЫ́БЫ (Osteichthyes),
клас водных пазваночных. 2 падкл.: прамянёвапёрыя (Actinopterygii) і лопасцевапёрыя (Sarcopteiygii), 11 надатр., 38 атр., каля 20 тыс. відаў. З’явіліся ў канцы сілуру (каля 410 млн. гадоў назад). У сучаснай іхтыяфауне прэсных і марскіх вадаёмаў складаюць больш за 96% відаў. На Беларусі 58 відаў; рэшткі выкапнёвых К. р. трапляюцца ў адкладах позняга сілуру, дэвону і карбону (каля 400—300 млн.г. назад).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 7 м (бялуга), маса да 1,5 т. Маюць унутр. касцявы шкілет і акасцяненні ў вонкавым шкілеце; луска пласціністая, касцявая. Дыханне шчэлепнае, зрэдку лёгачнае (у дваякадыхальных). Апладненне вонкавае, зрэдку ўнутранае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),
у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.
Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.
На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕБАНО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Іванавіч; н. 14.3.1934, в. Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыў БДУ (1957). Працаваў на Бел. тэлебачанні (у 1977—96 гал. рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі). Друкуецца з 1971. Аўтар аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), п’ес «Аплявуха» (паст. 1960), «Санітарны дзень» (паст. на Бел. радыё 1994), «Збродныя душы» (1997); сцэнарыяў тэлефільмаў: дакументальных «Вясёлка над полем» (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Салдаты перамогі» (1975), мастацкіх «Вера» (1993), «Варыяцыі» (1995); апавяданняў. Асн. тэмы твораў — жыццё сучаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы; ім уласцівы добразычлівы дасціпны гумар, нестандартныя сітуацыі, сакавітая мова.