від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл.Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПІРО́ЎКА (франц. draperie),
размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза. Выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатр.-дэкар. і выяўл. мастацтве.
У мастацтве сярэдневякоўя Д. вызначалася кампазіцыйнай умоўнасцю, хавала чалавечую фігуру, не выяўляла яе пластыкі, руху, характарнасці. Для жывапісных твораў характэрна Д. ў выглядзе вял. колеравых плям, падзеленых каліграфічнымі лініямі. У мастацтве Адраджэння падкрэслівала жыццёвасць, адчувальнасць фігуры. Напружаны дынамізм барока выявіўся ў паказе імклівага, стыхійнага руху складак. У мастацтве класіцызму ўраўнаважанасць Д. садзейнічала стварэнню абстрактна ідэалізаванага вобраза. Для рамантызму характэрна неспакойная, рухомая Д., што падкрэслівала ўсхваляванасць агульнага вобразнага ладу. У рэаліст. мастацтве 19 ст. Д. мела натуральны характар, набліжаны да матэрыяльнай адчувальнасці.
Разнастайнасцю вызначаецца Д. ў творах бел. мастакоў. Насычаны каларыт, пастознасць пісьма надаюць ёй дэкар. характар у творах М.Станюты і М.Філіповіча. Рысы экспрэсіўнасці мае яна ў творах А.Анікейчыка, М.Данцыга, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага і інш. Імкненнем да макс. выразнасці Д. вызначаюцца творы А.Марачкіна, М.Селешчука, У.Тоўсціка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́НЫ РАЗВІЦЦЯ́, анамаліі развіцця,
парушэнні ўнутрывантробнага развіцця, што прыводзяць да адхілення ў будове ці функцыях асобнага органа, сістэмы органаў або ўсяго арганізма. Вынік гаметапатыі (паталогія жан. яйцаклетак і сперматазоідаў), эмбрыяпатыі (паталогія эмбрыёна — перыяд развіцця ва ўлонні маці да 10—12 тыдняў) і фетапатыі (паталогія плода ва ўлонні маці ад 10—12 тыдняў да нараджэння). Могуць быць звязаны з ускладненай спадчыннасцю і шкоднымі фактарамі знешняга асяроддзя (хваробы ці шкодныя прывычкі маці ў перыяд развіцця плода, фіз., хім., радыяцыйныя і інш. фактары, няправільнае харчаванне і інш.). Могуць быць вынікам камбінаванага ўздзеяння спадчынных і шкодных фактараў знешняга асяроддзя (мультыфактаральныя З.р.). Да З.р. адносяць прыроджаную адсутнасць якога-н. органа (аплазія, агенезія), яго зменшаны (гіпаплазія) ці павялічаны (макрасамія) памер, эктапію (размяшчэнне органа ў незвычайным месцы, напр., ныркі ў малым тазе), наяўнасць дабавачных органаў, зліццё паміж сабой органаў ці іх частак. Найчасцей бываюць З.р. апорна-рухальнага апарату (вывіхі, касалапасць і інш.), твару (расколіна верхняй губы), цвёрдага паднябення, унутр. органаў (парок сэрца, страўнікава-кішачнага тракту і мочапалавой сістэмы). Назіраюцца таксама і ў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДРЫ́ЛЯ (франц. quadrille ад ісп. cuadrilla літар. група з чатырох чалавек),
танец, пашыраны ў многіх еўрап. народаў. Муз. памер як правіла 74. Цотная колькасць пар становіцца па вуглах квадрата або ў 2 рады адзін супраць аднаго. У К. некалькі частак — кален, кожная мае сваю назву (якую звычайна аб’яўляе адзін з танцораў), мелодыю, пэўны парадак рухаў. У канцы 17—19 ст. К. — папулярны салонны танец. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Зазнала моцны ўплыў нац. традыцый і стала часткай нар. харэаграфіі. Захаваўшы асн. кампазіцыйныя моманты (размяшчэнне пар па квадраце або радамі, абмен і пераходы партнёраў, пэўная паслядоўнасць фігур), бел. К. па сваім харэаграфічным змесце, колькасці і назвах фігур арыгінальныя і самабытныя. У некат. рэгіёнах ператварыліся ў сюіты з раней вядомых традыц. і новых танцаў.
Існуе шмат мясц. варыянтаў К., у назвах якіх адлюстраваны асаблівасці структуры («Прамая», «Касая», «Крутавая», «З пятага»), колькасць удзельнікаў («Тонкая», «Тоўстая»), мясцовасць бытавання («Лядкаўская», «Ланская», «Турэйская», «Смаргонская», «Воранаўская», «Сянкевіцкая»), сувязь з інш. танцамі («Лянсей», «Урубель»). Паводле нар. К. створана шмат яркіх сцэн. пастановак. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),
1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).
2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.
3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ РЭВІ́ЗІЯ 1552,
апісанне Полаччыны, зробленае рэвізорамі маршалкам гаспадарскім Я.Кмітам і канюшым трокскім М.Падцандкоўскім. Было важным сац.-эканам. мерапрыемствам, ажыццёўленым вярх. уладай з мэтаю дакладнага ўліку эканам. стану зямель у Полацкім ваяв., замкаў, гарадоў, у т. л. Полацка, ваен. рэсурсаў і патрэб, павелічэння дзярж. даходаў і інш. Уключала падрабязнае апісанне абарончых збудаванняў Полацка (вежы, сцены, брамы, масты), гармат, павіннасцей асн. груп насельніцтва, зямельных уладанняў шляхты (з пазначэннем колькасці дымоў у сёлах, узбр. коннікаў, вылучаных у войска), духавенства, мяшчан. Рэвізія дае магчымасць меркаваць пра колькасць і размяшчэннегар. насельніцтва, тапаграфію Полацка, заняткі, сац. дыферэнцыяцыю гараджан і інш. Дакументы П.р. выдадзены ў 1880 Ю.Шуйскім паводле дэфектнага спіса сярэдзіны 18 ст., што належаў б-цы графаў Браніцкіх (у серыі: Крыніцы па гісторыі Польшчы. Кракаў, т. 5) і ў 1905 І.І.Лапам паводле спіса канца 16 або 1-й пал. 17 ст. Ваенна-вучонага архіва Гал. штаба (Чытанні ў Т-ве гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Кн. 2). Апошняе выданне зроблена на больш высокім навук. узроўні, мае імянны, геагр. і прадметны паказальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫРА́НА (Tirana, Tiranë),
горад, сталіца Албаніі. Знаходзіцца ў міжгорнай катлавіне за 40 км ад Адрыятычнага м.Адм. ц.аднайм. рэці; утварае самастойную адм. адзінку. Каля 300 тыс.ж. (2001). Чыгункай звязана з портам Дурэс. Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У Т. і прыгарадах вырабляецца больш за 20% прамысл. прадукцыі Албаніі. Прам-сць: тэкст., металаапр., маш.-буд., харч., шкляна-керамічная, абутковая. Цэнтр маст. апрацоўкі дрэва, серабра, керамікі. Алб.АН. 2 ун-ты. Нац.гіст. музей, галерэя выяўл. мастацтваў і інш.Т-р оперы і балета. Арх. помнікі: мячэць Хаджы-Этхем-бея (1794—1821), ансамбль пл. Скандэрбега (1920—30-я г.) і інш. Паблізу здабыча вугалю.
Упершыню згадваецца як невял. гандл. паселішча. У 1614 на яго месцы Сулейман-паша Бардзіні заснаваў горад, развіццю якога садзейнічала выгаднае размяшчэнне на перакрыжаванні гандл. шляхоў. У пач. 20 ст. — 15 тыс.ж. У 1912 увайшла ў склад Албаніі, з 1920 яе сталіца. У крас. 1939 — вер. 1943 акупіравана італьян., у вер. 1943 — ліст. 1944 — герм. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІРАСІ́МА, Хіросіма,
горад у Японіі, на ПдЗ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Хірасіма. 1109 тыс.ж. (1995). Порт у дэльце р. Ота. Важны трансп., прамысл. і культ.цэнтр. Аэрапорт. Прам-сць: судна- і станкабудаванне, аўтамаб., ваен., гумава-тэхнічная, дрэваапр., папяровая, тэкст., харч., паліграфічная. Ун-т. Парк Міру (1951—52) — арх.-паркавы сімвалічны ансамбль са шматлікімі скульптурамі, кенатафам, Вечным агнём, Фантанам малітвы, мемарыяльным музеем Міру. Каркас Прамысл. выставачнай залы (адзіны будынак, ацалелы ў час бамбардзіроўкі; вядомы як Атамны Дом). Фестываль Міру (6 жніўня).
Засн. ў 1580—1610 як прызамкавы горад і порт. Зручнае размяшчэнне спрыяла развіццю гандлю, рамяства, прам-сці. У 2-ю сусв. вайну падвергнуты атамнай бамбардзіроўцы (6.8.1945) амер. авіяцыяй. Ад выбуху загінула больш за 200 тыс.чал., разбурана каля 75 тыс. будынкаў; многія жыхары памерлі пасля вайны ад хвароб, звязаных з радыяцыяй. Адбудавана, на месцы выбуху атамнай бомбы ў Х. ўзведзены мемарыяльны комплекс Міру. З 1959 у Х. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Літ.:
Искендеров А.А. Феодальный город Японии XVI столетия. М., 1961;
Брукнер К. Садако хочет жить!: Пер. с нем. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ШНІЦКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі і ням.-фаш. гарнізонам
(каля 300 чал.) у г.Чашнікі 19—22 студз. і 19—21 кастр. ў Вял.Айч. вайну. 19 студз. 3 атрады (320 чал.) Чашніцкай партыз. брыгады «Дубава» блакіравалі гарнізон і на працягу 3 дзён вялі па ім гарматны агонь. Каб затрымаць падмацаванне гарнізону, што рухалася з в. Бачэйкава Бешанковіцкага р-на, 22 студз. партызаны ўзарвалі мост цераз р. Ула і распачалі бой. Аднак з-за перавагі сіл праціўніка з наступленнем цемнаты атрады адышлі ў размяшчэнне брыгады. Бой у кастр. — састаўная частка Лепельскай аперацыі 1943. У ноч на 20 кастр. 3 батальёны Смаленскага партыз. палка атакавалі гарнізон (каля 700 чал.) і выцеснілі праціўніка з займаемых пазіцый. Аднак ён, замацаваўшыся ў цагляных будынках касцёла, школы, дома культуры, бальніцы, арганізаваў 4 контратакі, якія былі адбіты партызанамі. Бой працягваўся больш за суткі, пакуль з г. Сянно да гітлераўцаў не падышло падмацаванне. Партызаны пад прыкрыццем дымавой заслоны адышлі. У г. Чашнікі на брацкай магіле партызан (27 чал.),
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́КСПАРТ (англ. export ад лац. exportare вывозіць),
вываз тавараў і капіталаў за мяжу для рэалізацыі на знешніх рынках; вываз за мяжу тавараў айч. вытв-сці і рээкспарт тавараў замежнага паходжання. Адрозніваюць Э. тавараў, вырабаў, інш. матэрыяльных і рэчавых даброт; Э. як кампенсацыю прадастаўленых замежнаму партнёру паслуг вытв. характару і спажывецкага прызначэння; Э. капіталу — размяшчэнне яго за мяжой у грашовай або таварнай форме праз сферу паслуг (у т. л. ў форме патэнтаў, ліцэнзій, ноў-хаў), што вядзе да стварэння замежнай уласнасці або інш. формы абавязацельстваў, якія даюць права на сістэматычнае атрыманне прыбыткаў. Вылучаюць таксама нябачны Э., што фарміруецца за кошт платы ад рэалізацыі трансп. паслуг айч. транспартам па перавозцы пасажыраў і грузаў інш. краін, даходаў ад замежнага турызму і інш. Ва ўмовах рыначных адносін Э. — асн. форма міжнар.эканам. супрацоўніцтва і падзелу працы, служыць матэрыяльнай перадумовай імпарту як асн. крыніцы яго аплаты і разлікаў па знешнім доўгу. Экспартныя і імпартныя адносіны ўзаемазвязаны і разам даюць магчымасць ацаніць эфектыўнасць знешняга гандлю. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі.