(Frahm) Герберт Эрнст Карл; 18.12.1913, г. Любек, Германія — 8.10.1992], палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Чл.С.-д. партыі Германіі (СДПГ) з 1930. Пры нацыстах у 1933 эмігрыраваў і жыў у Нарвегіі і Швецыі, дзе займаўся журналістыкай. Пазбаўлены ням. грамадзянства ў 1938, адноўлены ў 1948. З 1945 карэспандэнт сканд. газет у Германіі. Пазней на дэпутацкай і інш. рабоце ў Зах. Берліне, у 1957—66 кіруючы бургамістр. У 1958—63 старшыня СДПГ (Зах. Берліна),
у 1964—87 старшыня СДПГ. У 1966—69 віцэ-канцлер і міністр замежных спраў у кааліцыйным урадзе ФРГ. Федэральны канцлер у 1969—74, быў адным з ініцыятараў новай усх.палітыкі (падпісанне дагавораў з СССР і Польшчай у 1970, з ЧССР у 1973); ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да сац. кампрамісу. З 1976 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. У 1979—82 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар мемуараў. Нобелеўская прэмія міру 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),
тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.
Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦККВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац.палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТУНІ́ЗМ (франц. opportunisme ад лац. opportunus зручны),
1) адносіны асобы з грамадствам і дзяржавай, характэрнымі асаблівасцямі якіх з’яўляюцца прыстасаванне і згода. У сав.гіст. навуцы тэрмінам «апартунізм» пазначалася ідэалогія «прыстасавальніцтва, згодніцтва», якая адлюстроўвала вузкакласавы дагматычны стыль мыслення.
2) У паліт. жыцці, рабочым і прафс. руху палітыка вырашэння праблем не праз антаганізмы, напружанасць і рэвалюцыю, а метадамі плаўнага пераходу грамадства з аднаго стану ў іншы. Такую канцэпцыю (заснавальнікі Э.Бернштэйн, К.Кауцкі, Л.Мартаў) крытыкавалі У.І.Ленін і наступныя пакаленні камуністаў. У 1950—80-я г. ўнутры камуніст. руху развіта ў працах М.Джыласа, М.Нара, О.Шыка, Р.Гародзі, С.Карыльё. Гэтай канцэпцыі ў пэўнай ступені прытрымлівалася частка кіраўніцтва б.СССР на чале з М.С.Гарбачовым. Яе прыхільнікамі ў краінах Зах. Еўропы з’яўляюцца с.-д. і сацыяліст. партыі, якія ўваходзяць у Сацыялістычны Інтэрнацыянал. Гіст. практыка развіцця краін пацвердзіла жыццяздольнасць палітыкі апартунізму і яе ролю ў трансфармацыі грамадска-эканам. адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІКА́ЛА (Мікалай Фёдаравіч) (20.3.1897, г. Адэса, Украіна — 25.4.1938),
савецкі ваен. і парт. дзеяч. Скончыў Тыфліскую ваенна-фельч. школу (1915). З 1917 чл.РСДРП(б). У 1918 у г. Грозны: старшыня Савета, камандуючы часцямі Чырв. Арміі. У 1919—20 чл. Каўказскага краявога к-та РКП(б), ваен. камісар Церскай вобл. і Дагестана. З 1921 на парт. рабоце на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. З 1929 сакратар ЦК КП(б) Узбекістана, Азербайджана. З 1931 сакратар Маскоўскага абкома і гаркома ВКП(б). Са студз. 1932 да студз. 1937 1-ы сакратар ЦККП(б)Б, з лют. 1937 1-ы сакратар Харкаўскага гаркома КП(б)У. Чл. Бюро ЦККП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР, Рэўваенсавета БВА (1932—37). Чл.Цэнтр. Рэвізійнай камісіі ВКП(б) у 1930—34. Канд. у чл.ЦКВКП(б) з 1934. Чл.ЦВКСССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР, сам стаў ахвярай гэтай палітыкі. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎТУШЭ́НКА (Яўген Аляксандравіч) (н. 18.7.1933, г. Зіма Іркуцкай вобл., Расія),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1951—54). Друкуецца з 1949. Паэзія вызначаецца незалежнасцю пазіцыі, вострай пастаноўкай складаных маральных і сац. пытанняў, праблем грамадзянскасці, міжнар.палітыкі, гуманіст. і антываен. пафасам (зб-кі «Разведчыкі будучага», 1952, «Шаша энтузіястаў», 1956, «Яблык», 1960, «Інтымная лірыка», 1973, «Зварка выбухам», 1980, «Грамадзяне, паслухайце мяне...», 1989, і інш., паэмы «Брацкая ГЭС», 1965, «Мама і нейтронная бомба», 1982, за апошнюю Дзярж. прэмія СССР 1984). Выступае як празаік, публіцыст і крытык (зб-кі артыкулаў «Талент ёсць цуд невыпадковы», 1980, «Пункт апоры», 1981, раманы «Ягадныя мясціны», 1982, «Не памірай пасля смерці», 1993). Паставіў фільмы «Дзіцячы сад» (1984), «Пахаванне Сталіна» (1991), здымаўся ў іх. На бел. мову творы Е. перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, А.Вярцінскі, В.Макарэвіч, У.Нядзведскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл.Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́ТЫ ПА СПРА́ВАХ ЦА́РСТВА ПО́ЛЬСКАГА,
вышэйшыя дарадчыя органы пры рас. імператарах для выпрацоўкі дзярж.палітыкі ў дачыненні да Каралеўства Польскага (Царства Польскага) у 19 ст. 1) Засн. 29.8.1831 пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Быў таксама апошняй судовай інстанцыяй па справах аб удзельніках паўстання, у т. л. асуджаных Вярх.крымін. судом у Варшаве. З 1834 дзейнічаў нерэгулярна, скасаваны 21.11.1841. Старшыні: В.П.Качубей (1831—34), М.М.Навасільцаў (1834—38), І.В.Васільчыкаў (1838—41).
2) Засн. 8.3.1864 у сувязі з паўстаннем 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве; да 13.12.1866 дзейнічаў тайна. Рыхтаваў законапраекты, якія зацвярджаліся імператарам ці паступалі на абмеркаванне Дзярж. савета, па ўказанні імператара абмяркоўваў пытанні, якія датычыліся Царства Польскага. Скасаваны 10.6.1881. Старшыні: імператар Аляксандр II (1864—72), вял. князь Канстанцін Мікалаевіч (1872—81); фактычна гэтыя абавязкі выконвалі старшыні Кабінета міністраў П.П.Гагарын (1864—71), П.М.Ігнацьеў (1872—79), П.А.Валуеў (1879—81).