міябла́сты

(ад мія- + -бласты)

маладыя мышачныя клеткі ÿ беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сперматаго́ніі

(ад гр. sperma, -atos = семя + -гонія)

мужчынскія палавыя клеткі ў пачатковы перыяд сперматагенезу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэлабла́сты

(ад гр. telos = канец + -бласты)

зародкавыя клеткі, з якіх фарміруецца мезадэрма ў першаснаротых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цытакіне́з

(ад цыта- + -кінез)

працэс дзялення цела мацярынскай клеткі з утварэннем дзвюх даччыных клетак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),

тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз. гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗОТАБА́КТЭР (Azotobacter),

род аэробных азотфіксавальных бактэрый. Жывуць свабодна ў глебе, водным асяроддзі. Упершыню апісаны галанд. вучоным М.​Беерынкам (1901). Форма азотабактэру палачкападобная або сферычная, памер 2×5 мкм; грамадмоўныя, могуць перамяшчацца з дапамогай жгуцікаў; з узростам ператвараюцца ў нерухомыя, укрытыя слізістай капсулай сферычныя клеткі (цысты), больш устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя. На працягу росту звязваюць да 20 г малекулярнага азоту на 1 г выкарыстанага вугляводу. Найбольш пашыраны на акультураных глебах Azotobacter chroococcum выкарыстоўваецца для атрымання азотабактэрыну. Прадуцыруюць поліцукрыды, шэраг вітамінаў, антыбіётыкі.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЛЁ,

расшыраная частка стрававода ў беспазваночных (многія малюскі, чэрві, насякомыя) і птушак. Служыць для назапашвання, захоўвання, зрэдку папярэдняй біяхім. апрацоўкі корму. У пчол у валлі нектар перапрацоўваецца ў мёд. Валлё развіта ў драпежных і некаторых зерняедных птушак, знаходзіцца над ключыцай і звычайна мае залозы. Скарачэнні валля забяспечваюць паступленне корму ў страўнік, адрыгванне яго пры выкормліванні птушанят або выдаленне неператраўленых рэшткаў (драпежныя птушкі). У галубоў клеткі эпітэлію валля адрываюцца і змешваюцца з сакрэтам залоз, утвараючы белаватую вадкасць, т.зв. птушынае (валлёвае) малако, якім выкормліваюцца птушаняты.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАФАМІ́Н, 3,4-дыоксіфенілэтыламін,

медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСТРЫ́ДЫІ (Clostridium),

род спараносных бактэрый. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, рэштках жывёл і раслін, харч. прадуктах. Ёсць патагенныя віды (выклікаюць хваробы чалавека і жывёл), напр.: C. botulinum — узбуджальнік батулізму, C. perfringens і C. histolyticum — узбуджальнікі газавай гангрэны. Некат. К. фіксуюць азот (напр., C. pasteurianum). Цукралітычныя К. (напр., C. acetobutylicum) выкарыстоўваюць для атрымання ацэтону і бутанолу.

Палачкі 0,6—1,2×3—7 мкм, рухомыя, грамстаноўчыя; пры спораўтварэнні клеткі набракаюць і набываюць форму верацяна. Анаэробы. Зброджваюць вугляводы і азоцістыя рэчывы.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МБІЙ (ад позналац. cambium абмен, змена),

слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)