ВЕРХНЕКАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е,
на ПнУ Сібіры, у вярхоўях р. Калыма, у Магаданскай вобл. Расіі. Сістэма ізаляваных масіваў і кароткіх пласкаверхіх хрыбтоў. Пераважныя вышыні 1300—2000 м. Вяршыні гор купалападобныя. Паўд.-ўсх. частка адрозніваецца стромкімі схіламі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Складзена са сланцаў і пясчанікаў пермскага і трыясавага ўзросту. Радовішчы золата, волава, мінер. крыніцы. Верхнекалымскае нагор’е перасякаюць р. Аян-Юрах, Бёролёх і інш. Па далінах рэк і на схілах лістоўнічнае рэдкалессе і зараснікі кедравага сланіку, вышэй за 1200—1800 м — хмызняковая горная тундра, каменныя россыпы.
т. 4, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХА́Н Вялікі і Малы,
хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г. Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр. ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ХРЫБЕ́Т,
лінейна выцягнутая горная форма рэльефу са схіламі, павернутымі ў процілеглыя бакі. Характэрна значная даўжыня і добра выражаная вось, пераважна ў выглядзе лініі водападзелу, уздоўж якой знаходзяцца найб. значныя вяршыні (гл. Горны грэбень). Вось хрыбта, у залежнасці ад асаблівасці развіцця і літалагічнага складу горных парод можа мець вастраверхую, купалападобную ці плоскавяршынную форму. Ад суседніх хрыбтоў аддзяляецца горнымі далінамі, унутрыгорнымі катлавінамі. Тэрмін «хрыбет» можа ўваходзіць у назву вял. горнай краіны, якая мае некалькі асобных хрыбтоў (напр., Верхаянскі хр., хр. Чэрскага ва Усх. Сібіры, Аляскінскі хрыбет у Паўн. Амерыцы).
т. 5, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ТА-ГНЕЙС,
поўнакрышталічная сланцаватая ці палоскавая горная парода паводле саставу аналагічная граніту. Структура прамежкавая паміж гнейсам і гранітам. Складзены пераважна з мінералаў плагіяклазу, мікракліну, кварцу і слюды (пераважна біятыту). Тэкстура вызначаецца субпаралельным размяшчэннем таблітчастых і прызматычных крышталёў (палявога шпату, слюды, рагавой падманкі і інш.) і падоўжных уключэнняў, а таксама скопішчам мінералаў у палосы ці праслойкі, якія чаргуюцца. Граніта-гнейс ўтвараюцца ў зонах высокага метамарфізму і цесна асацыіруюць з гнейсамі рознага саставу. На Беларусі пашыраны ў дакембрыйскіх утварэннях Беларускай антэклізы. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙЗЕН (ням. Greisen),
горная парода метасаматычнага паходжання, якая складаецца пераважна з кварцу і светлых слюд—лепідаліту і мускавіту. Часта мае каштоўныя рудныя мінералы ў выглядзе ўкрапін (касітэрыт, вальфраміт, пірыт і інш.) у прамысл. колькасцях, тады грэйзен разглядаюць як руды. Залягаюць у выглядзе жыл і ўчасткаў унутры гранітных масіваў, пераважна ў іх краявых частках. Грэйзены ўтвараюцца ў выніку высокатэмпературнага (300—500 °C) метасаматозу і перакрышталізацыі гранітоідаў пад уздзеяннем газаў і раствораў. Служаць пошукавымі прыкметамі на радовішчы руд рэдкіх металаў і каляровых камянёў (тапазу, берылу і інш.).
т. 5, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЕРСІ́Т [ад ням. назвы Kuckers сяла Кукрузэ (Эстонія)],
масіўная, плітчастая, глініста-мергелістая горная парода; разнавіднасць гаручых сланцаў. Трапляецца ў адкладах сярэдняга ардовіку. Пашырана ў Прыбалтыйскім сланцавым басейне. Гал. кампаненты: кераген (арган. рэчыва, 20—70%), тонказярністы абломачны матэрыял, карбанат кальцыю. Тонкія пласты (0,03—0,6 м) з найб. колькасцю К. аб’ядноўваюць у прамысл. пласт (магутнасць да 5 м). Попельнасць 40—60%, цеплатворная здольнасць 10,5—11,6 МДж/кг. Выкарыстоўваецца як паліва, для атрымання быт. газу, бензіну, бітумаў і інш., попел — у вытв-сці буд. матэрыялаў, для вапнавання глебы.
т. 8, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
горная сістэма на ПнЗ Канады, частка ўсх. пояса Кардыльер Паўн. Амерыкі. Абмежавана р. Піл на Пн і р. Саўт-Нахані на Пд. Даўж. каля 700 км. Выш. да 2469 м. Складзена пераважна з асадкавых парод. Ледавіковыя формы рэльефу. Характэрны востраканцовыя вяршыні і стромкія скалістыя схілы, расчлянёныя трогавымі далінамі. На схілах бяруць пачатак шматлікія прытокі р. Макензі. Расліннасць: таежныя яловыя лясы, рэдкалессе (да выш. 1200—1500 м), горныя тундры. Нац. парк Нахані (пл. 476,5 тыс. га, засн. ў 1972), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Названа ў гонар А.Макензі.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІ АЛТА́Й,
горная сістэма ў Манголіі і Кітаі, паўд.-ўсх. ч. Алтая. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км. Шыр. 150—300 км. Некалькі паралельных хрыбтоў выш. да 4362 м (г. Мунххайрхан—Ула), падзеленых падоўжнымі тэктанічнымі ўпадзінамі. Складзены з палеазойскіх крышт. сланцаў, парфіраў, гранітаў. Вяршыні пераважна платопадобныя, найб. высокія горы з рэльефам альпійскага тыпу. Асобныя каравыя і вісячыя ледавікі (найб. Патаніна ледавік). Пераважаюць стэпы, на больш вільготных паўд.-зах. схілах — участкі лясоў (елка, лістоўніца) і лугоў. У міжгорных упадзінах — паўпустыні. Каля вяршынь альпійскія лугі.
т. 10, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лёс2
(ням. Löss)
асадачная горная парода светла-жоўтага колеру, на якой фарміруецца ўрадлівая глеба.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гнейс
(ням. Gneis)
горная парода, якая складаецца з палявога шпату, кварцу, каляровых мінералаў і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)