хімічныя злучэнні з малекулярнай масай ад некалькіх тысяч да дзесяткаў мільёнаў. Малекулы высокамалекулярных злучэнняў (макрамалекулы) складаюцца з тысяч атамаў, звязаных хім. сувязямі. Паводле паходжання падзяляюць на прыродныя, ці біяпалімеры (напр., бялкі, нуклеінавыя кіслоты, поліцукрыды), і сінтэтычныя (напр., поліэтылен, поліаміды), паводле саставу — на неарганічныя палімеры, арганічныя і элементаарганічныя палімеры.
У залежнасці ад размяшчэння ў макрамалекуле атамаў і груп атамаў (манамерных звёнаў) адрозніваюць высокамалекулярныя злучэнні: лінейныя, макрамалекулы якіх утвараюць адкрыты лінейны ланцуг (напр., каўчук натуральны) ці выцягнутую ў ланцуг паслядоўнасць цыклаў (напр., цэлюлоза); разгалінаваныя, макрамалекулы якіх — лінейны ланцуг з адгалінаваннямі (напр., крухмал); сеткавыя — трохвымерная сетка з адрэзкаў высокамалекулярных злучэнняў ланцуговай будовы (напр., ацверджаныя фенола-альдэгідныя смолы). Макрамалекулы аднолькавага хім. саставу могуць быць пабудаваны з манамерных звёнаў рознай прасторавай канфігурацыі (гл.Прасторавая ізамерыя). Палімеры з адвольным чаргаваннем стэрэаізамерных звёнаў наз. атактычнымі. Стэрэарэгулярныя палімеры складаюцца з аднолькавых ці розных, але размешчаных у ланцугу ў пэўнай паслядоўнасці стэрэаізамераў. Паводле тыпу манамерных звёнаў палімеры падзяляюць на гомапалімеры (палімер утвораны адным манамерам, напр. поліэтылен) і супалімеры (палімер утвораны з розных манамерных звёнаў, напр.бутадыен-стырольныя каўчукі). Асн.фіз.-хім. і мех. ўласцівасці высокамалекулярных злучэнняў: здольнасць утвараць высокатрывалыя валокны і плёнкі палімерныя, набракаць перад растварэннем і ўтвараць высокавязкія растворы, здольнасць да вял. абарачальных дэфармацый (высокаэластычнасць). Гэтыя ўласцівасці абумоўлены высокай малекулярнай масай, ланцуговай будовай і гнуткасцю макрамалекул. У лінейных высокамалекулярных злучэннях яны выяўлены найб. поўна. Трохвымерныя высокамалекулярныя злучэнні з вял. частатой сеткі нерастваральныя, няплаўкія і не здольныя да высокаэластычных дэфармацый. Высокамалекулярныя злучэнні могуць існаваць у крышт. і аморфным фазавым стане. Аморфныя высокамалекулярныя злучэнні акрамя высокаэластычнага могуць знаходзіцца ў шклопадобным і вязкацякучым станах. Высокамалекулярныя злучэнні з нізкай (ніжэй за пакаёвую) т-рай пераходу з шклопадобнага ў высокаэластычны стан наз.эластамерамі, з высокай — пластыкамі (гл.Пластычныя масы).
Палімеры маюць малую шчыльнасць (900—2200 кг/м³), нізкі каэф. трэння і малы знос, выдатныя дыэл. і аптычныя ўласцівасці, высокую хім. ўстойлівасць да к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Прыродныя высокамалекулярныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў клетках жывых арганізмаў у выніку біясінтэзу, вылучаюць з расліннай і жывёльнай сыравіны. Сінт. высокамалекулярныя злучэнні атрымліваюць полімерызацыяй і полікандэнсацыяй. Асн. тыпы палімерных матэрыялаў — пластычныя масы, гума, валокны хімічныя, лакі, фарбы, эмалі, клеі, герметыкі, іонаабменныя смолы выкарыстоўваюць у розных галінахнар. гаспадаркі і побыце. Біяпалімеры складаюць аснову жывых арганізмаў і ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах іх жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛО́ГІЯ (ад геа... + марфалогія),
навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб.вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінахгасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.
Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).
На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.Л.Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ (ад лац. intelligens разумны, дасведчаны),
сацыяльная група (слой) людзей, прафесійна занятых складанай творчай працай, развіццём і пашырэннем культуры. Тэрмін «І.» ўпершыню ўведзены ў 1860-я г.рус. пісьменнікам П.Дз.Бабарыкіным. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які гістарычна адбыўся яшчэ ва ўмовах рабаўладання, феадалізму і ўзмацняўся ў працэсе фарміравання і развіцця індустр. грамадства. На гэтай аснове павялічвалася і большала колькасць і роля І., якая вылучалася ў асобную групу (інжынеры, юрысты, урачы, работнікі культуры, навукі і інш.). На этапе навук.-тэхн. рэвалюцыі і пераходу да постіндустр. грамадства ўдзельная вага І. ў некат. галінах прам-сці склала 30—50% працуючых. Пашыраецца слой адм.-кіраўнічых работнікаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. І. неаднародная па сваім сац. паходжанні, статусе і сац.-паліт. арыентацыі; выконвае функцыі тэарэт. асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, вытв. сіл, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных ін-таў. На Захадзе больш пашыраны тэрмін «інтэлектуальны», ён ужываецца і як сінонім І.
Фарміраванне нац. І. ў Беларусі адбывалася ў рэчышчы агульных заканамернасцей, хоць мела адметную спецыфіку, абумоўленую тым, што на працягу многіх стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе іншых дзяржаў. Вытокі бел. І. ў глыбокай старажытнасці і звязаны з перыядам станаўлення Полацкага, Тураўскага, Пінскага і інш. княстваў Кіеўскай Русі. У эпоху ВКЛнац. І. была прадстаўлена нешматлікім сац. слоем паліт. дзеячаў, духавенства, вучоных, філосафаў, мастакоў, архітэктараў і інш. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай (1569) і стварэнне Рэчы Паспалітай прывяло да актыўнага фарміравання ў Беларусі польскамоўнай І. У 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі склаўся самаст.сац. слой І., якая развівала нац. л-ру, мастацтва, тэатр, актыўна ўдзельнічала ў грамадска-паліт. жыцці. У пач. 1920-х г. І. ў БССР складала каля 6 тыс.чал. (0,1% агульнай колькасці насельніцтва), у 1926—40 тыс.чал., у 1939—156 тыс.чал. Інтэнсіўна І. фарміравалася ў пасляваен. перыяд. У 1989 на 1 тыс.чал. ва ўзросце 15 гадоў і старэй прыпадала 108 чал. з вышэйшай і 494 чал. з незакончанай вышэйшай і сярэдняй (агульнай і спец.) адукацыяй. У 1996 з 4360,3 тыс.чал., занятых у эканоміцы Рэспублікі Беларусь, у сферах, звязаных з разумовай працай, было 1016,4 тыс.чал. (23,3%).
Літ.:
Социальное развитие советской интеллигенции М., 1986;
Вехи: Интеллигенция в России: Сб. ст., 1909—1910. М., 1991;
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К (РАН),
вышэйшая навук. самакіравальная ўстанова Рас. Федэрацыі. Засн. ў пач. 1724 (адкрыта ў канцы 1725). Да мая 1917 наз. Пецярбургская АН, да 1925 — Рас.АН, да 1991 — АНСССР. У 1725 налічвала 17 правадз.чл., у 1917 мела 49 правадз.чл. і аб’ядноўвала каля 30 навук. падраздзяленняў (109 навук. супрацоўнікаў). Прэзідыум у Маскве (з 1934). Аспірантура з 1929. Філіялы і н.-д. базы з 1930-х г. У 1991 рэарганізавана, у яе ўвайшлі члены былой АНСССР і зноў выбраныя. У 1994 больш за 440 правадз.чл., звыш 600 чл.-кар., больш за 120 замежных членаў. Аб’ядноўвае 18 аддзяленняў па галінах і кірунках навук; матэматыкі; агульнай фізікі і астраноміі; ядз. фізікі; фіз.-тэхн. праблем энергетыкі; выліч. тэхнікі і аўтаматызацыі; праблем машыназнаўства, механікі і працэсаў кіравання; агульнай і тэхн. хіміі; фізіка-хіміі і тэхналогіі неарган. матэрыялаў; біяхіміі, біяфізікі і хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў; фізіялогіі; агульнай біялогіі; геалогіі, геафізікі і геахіміі і горных навук; акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі; гісторыі; філасофіі і права; эканомікі; сусв. эканомікі і міжнар. адносін; л-ры і мовы; рэгіянальныя аддзяленні — Сібірскае (з 1957, прэзідыум у г. Новасібірск), Уральскае (з 1987, прэзідыум у г. Екацярынбург), Далёкаўсходняе (з 1987, прэзідыум у г. Уладзівасток) і навук. цэнтры. Усяго каля 300 навук. устаноў (каля 60 тыс.навук. супрацоўнікаў), больш за 200 навук. саветаў. Мае н.-д. флот. Рыхтуе навук. кадры. Публікуе навук. л-ру. Прысуджае медалі і прэміі за навук. працы. Падтрымлівае міжнар.навук. сувязі, у т. л. з Нац.АН Беларусі. Прэзідэнты РАН (у 1741—46, 1810—18 і ў 1916—17 не было); Л.Л.Блюментрост (1725—33), Г.К.Кейзерлінг (1733), І.А.Корф (1734—40), К. фон Брэверн (1740—41), К.Р.Разумоўскі (гл.Разумоўскія; 1746—98), А.Л.Нікалаі (1798—1803), М.М.Навасільцаў (1803—10), С.С.Увараў (1818—55), Дз.М.Блудаў (1855—64), Ф.П.Літке (1864—82), Дз.А.Талстой (1882—89), вял.кн. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў; 1889—1915), А.П.Карпінскі (1917—36), У.Л.Камароў (1936—45), С.Л.Вавілаў (1945—51), А.М.Несмяянаў (1951—61), М.У.Келдыш (1961—75), А.П.Аляксандраў (1975—86), Г.І.Марчук (1986—91), Ю.С.Осіпаў (з 1991).
Літ.:
Российская Академия наук: Персональный состав. Кн 1—3. М., 1999;
Уставы Российской академии наук, 1724—1999. М., 1999.
У.Я.Калаткоў.
Будынак Прэзідыума Расійскай акадэміі навук у Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕ́ЗІЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (франц. Polynēsie Française),
уладанне Францыі ў цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 3660 км². Нас. 242,1 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — таіцянская і французская. Адм. ц., найб. горад і порт — Папеэтэ на в-ве Таіці ў групе а-воў Таварыства. Адміністрацыйна падзяляецца на 5 астраўных груп: Маркізскія а-вы, архіпелагі Туамоту і Тубуаі, Падветраныя і Наветраныя а-вы з групы а-воў Таварыства; уключае таксама ненаселены в-аў Кліпертан ва ўсх. частцы Ціхага ак.Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. У складзе П.Ф. 215 астравоў і атолаў вулканічнага (35 астравоў) або каралавага (180 атолаў) паходжання. Вулканічнымі з’яўляецца большасць а-воў Таварыства, Тубуаі, Маркізскія; каралавыя атолы ўтвараюць архіпелаг Туамоту. Горы на вулканічных астравах дасягаюць 2241 м (г. Арахена на в-ве Таіці), каралавыя астравы ўздымаюцца над узр. м. на некалькі метраў. З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Макатэа), руды кобальту. Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на падветраных схілах да 3000—4000 мм на наветраных. Бываюць моцныя ўраганы. Рэкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах. Пад лесам і хмызнякамі 31% тэрыторыі. На наветраных схілах вечназялёныя субэкватарыяльныя і трапічныя лясы, падветраныя схілы ўкрыты травяністай расліннасцю. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў. У фауне адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, шмат птушак. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Біясферны рэзерват Атол-Таяра (а-вы Туамоту).
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, разам з еўрапейска-палінезійскімі метысамі складаюць 78%; падзяляюцца на блізкія народы: таіцяне (больш за 50% насельніцтва краіны), туамоту, тубуайцы, маркізцы, мангарэва. Жывуць таксама кітайцы (12%) і французы (10%). Вернікі пераважна пратэстанты (54%) і католікі (30%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. 66,7 чал. на 1 км. Каля 67% насельніцтва жыве на в-ве Таіці (пл. 1042 км²), дзе на ўзбярэжжы шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%.
У найб. горадзе Папеэтэ каля 30 тыс.ж. (1999). У прам-сці занята 19% працаздольных, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 13%, у абслуговых галінах — 68%.
Гісторыя. Заселена палінезійцамі ў канцы 1-га тыс. да н.э. — 1-м тыс.н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў найб. ўзроўню цывілізацыі дасягнулі жыхары а-воў Таварыства, дзе ўзнік шэраг дзярж. утварэнняў. У 1595 ісп. мараплавец А.Менданья дэ Нейра адкрыў Маркізскія а-вы, у 1722 галандзец Я.Рогевен — некаторыя з а-воў Таварыства, у 1767 брытанец С.Уоліс — в-аў Таіці, у 1777 капітан Дж.Кук — а-вы Тубуаі. Да пач. 19 ст. таіцянскія правадыры з роду Памарэ стварылі дзяржаву, якая ўключала а-вы Таварыства, Тубуаі і ч. а-воў Туамогу. З пач. 19 ст. тут з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1842 астравы абвешчаны франц. пратэктаратамі, якія ў 1885 аб’яднаны ў адзіную калонію «Франц. ўладанні ў Акіяніі» (з 1958 — П.Ф.). З 1946 — заморская тэр. Францыі. У 1957 створана тэр. асамблея П.Ф. З 1960-х г. месца правядзення франц.ядз. выпрабаванняў (у 1966 першы выбух на атоле Муруроа). У 1977 атрымала ўнутр. самакіраванне, з 1996 мае статус аўт.тэр. Францыі.
Гаспадарка. П.Ф. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 10 800 дол. за год. 18% яго ствараецца ў прам-сці, 4% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 78% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча фасфарытаў на в-ве Макатэа. 57% электраэнергіі даюць ЦЭС на імпартным паліве, 43% — ГЭС. У 1997 атрымана 350 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. З прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць мылаварныя ф-кі і алейныя з-ды (перапрацоўка какосавых арэхаў). Ёсць піваварныя з-ды, прадпрыемствы па вытв-сці мукі, фруктовых сокаў, воцату, перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Пашыў адзення, апрацоўка перламутравых ракавін, разьба па дрэве, ювелірная справа, выраб сувеніраў. Ёсць мех. майстэрні, прадпрыемствы па буд-ве і рамонце невял. суднаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3,6 тыс.га, пад плантацыямі какосавых пальмаў і інш. дрэў каля 18 тыс.га, пад пашай каля 18 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — какосавая пальма і ваніль. Вырошчваюць таксама каву, цукр. трыснёг, цытрусавыя, бананы, ананасы, гранаты, манга, папайю, авакада, хлебнае дрэва, кукурузу, арахіс, тара, ямс, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць мясную буйн. раг. жывёлу, коней, свіней, птушку. Прамысловае рыбалоўства. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц (у лагунах атолаў), апрацоўка жэмчугу і перламутру. Транспарт пераважна марскі. У краіне 792 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Таіці. Міжнар. турызм (штогод астравы наведваюць больш за 150 тыс. замежных турыстаў). Значную ролю адыгрывае абслугоўванне палігонаў для выпрабавання атамнай зброі (атол Муруроа) і інш. ваенных баз. У 1996 экспарт склаў 212 млн.дол., імпарт — 860 млн.дол. У экспарце пераважае жэмчуг (больш за 50% ад кошту), прадукты перапрацоўкі какосавых арэхаў, перламутр, ваніль, рыба і рыбапрадукты, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя (52% экспарту, 32% імпарту), ЗША, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі (каля 400 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэ́рмін1, ‑у, ж.
1. Пэўны прамежак часу, адведзены для чаго‑н. Выпрабавальны тэрмін. Месячны тэрмін. □ Тры месяцы — тэрмін невялікі, але дастатковы для таго, каб добра пазнаць чалавека.Данілевіч.Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкак, каля сарцавіны.Танк.Пражыў месяц [Базыль] дома, а за гэты тэрмін шмат чаго змяніў у сваёй гаспадарцы.Нікановіч.// Спрыяльная пара, зручны момант для чаго‑н. Каб выканаць такія абавязацельствы, трэба вельмі многа папрацаваць і перш за ўсё не ўпусціць лепшыя тэрміны на сяўбе.«Звязда».
2. Вызначаны час, пэўная дата, да наступлення якой павінна што‑н. адбыцца, закончыцца. Ад ліп нёсся прыемны водар маладой квецені: сёлета яны зацвілі раней тэрміну.Ваданосаў.// Пэўны момант, час, пасля якога што‑н. павінна адбыцца. Вера не адгаворвала. Казала, што чакае тэрміну і паедзе вучыцца на курсы.Грамовіч.
•••
У тэрмін — у час, своечасова, у пару.
тэ́рмін2, ‑а, м.
1. Слова (або злучэнне слоў), якое дакладна абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве і пад. Філасофскіх тэрміны. Мовазнаўчыя тэрміны. Юрыдычныя тэрміны. □ Тэрміны лацінскага паходжання вельмі пашыраны былі .. ў старабеларускай юрыспрудэнцыі, дзе .. шырока выкарыстоўвалася дакументацыя на лацінскай мове.Жураўскі.// Спецыяльнае слова або выраз, прынятыя для абазначэння чаго‑н. у якім‑н. асяроддзі, прафесіі. Паляўнічы тэрмін. Шахматны тэрмін.
2.Спец. Суб’ект або прэдыкат суджэння, якія ўваходзяць у састаў сілагізма.
[Ад лац. terminus — канец, мяжа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, якая распрацоўвае і вырабляе сродкі аўтаматызацыі матэм. вылічэнняў, апрацоўкі інфармацыі і кіравання (напр., электронныя вылічальныя машыны, вылічальныя сістэмы, комплексы, іх перыферыйнае абсталяванне) у розных галінах дзейнасці чалавека; навука аб прынцыпах пабудовы, дзеяння і праектавання гэтых сродкаў. Вылічальная тэхніка пашырана ў вылічальных цэнтрах, сістэмах сувязі, сістэмах навігацыі плавальных і лятальных апаратаў, касм. аб’ектаў і інш., сістэмах аўтам. кіравання для збору, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, інфарм. пошукавых сістэмах і інш. Сістэмы кіравання з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі бываюць вялікімі сістэмамі, што ахопліваюць усю краіну, раён, галіну прам-сці цалкам або групу прадпрыемстваў, і лакальнымі, якія дзейнічаюць у межах аднаго з-да або цэха. Кірункі сучаснай вылічальнай тэхнікі: фіз.-тэхн. асновы элементнай базы вылічальнай тэхнікі; архітэктура ЭВМ; матэматычнае забеспячэнневыліч. сістэм і комплексаў; выкарыстанне сродкаў вылічальнай тэхнікі (гл.Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання).
Першыя прыстасаванні для механізацыі вылічэнняў (абак, кітайскі суанпан, лічыльнікі і інш.) вядомыя з глыбокай старажытнасці, вылічальныя прыстасаванні (шкала Непера, лагарыфмічная лінейка, арыфм. машына франц. вучонага Б.Паскаля і інш.) — з 17 ст. У 19 ст.англ. вучоны Ч.Бэбідж прапанаваў праект «аналітычнай машыны» (гл.Вылічальная машына). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё вылічальнай тэхнікі звязана з пабудовай аналагавых вылічальных машын. У 1944 у ЗША пабудавана першая лічбавая электронная вылічальная машына «МАРК-1» на эл.-магн. рэле, а першая хуткадзейная ЭВМ «ЭНІАК» — у 1946 (першая ў кантынентальнай Еўропе малая ЭВМ «МЭСМ» распрацавана ў 1950 у АН Украіны).
На Беларусі вылічальная тэхніка ў сваім развіцці прайшла шлях ад першай лямпавай ЭВМ да стварэння выліч. сістэм і аўтаматызаваных сістэм рознага прызначэння. Навук. даследаванні вядуцца ў БДУ, НДІЭВМ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, ін-тах матэматыкі, тэхн. кібернетыкі АН, Ваеннай акадэміі і інш. Першая ЭВМ «Прамень» распрацавана ў Ін-це фізікі і матэматыкі АН у канцы 1950-х г.Выліч. машыны М-3М асвоены Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе ў 1959; з 1960 пачаўся выпуск вылічальных машын «Мінск» 1-га і 2-га пакаленняў; з 1973 — машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ; у 1980-я г. распрацаваны высокапрадукцыйныя выліч. сістэмы ЕСЭВМ, а таксама комплексы на трансп. сродках; у 1990-я г. — новае пакаленне ЭВМ — сям’я «Мінск-9000» (ЕС-1230). За распрацоўку і асваенне сродкаў вылічальнай тэхнікі спец. прызначэння спецыялістам Мінскага з-да ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1985. За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытв. тэхналогію работнікам Брэсцкага эл.-мех. з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1981. Стваральнікі ЕСЭВМ адзначаны Ленінскай прэміяй 1983, Дзярж. прэміямі СССР 1978, 1983.
Літ.:
Заморин А.П. Мячев А.А., Селиванов Ю.П. Вычислительные машины, системы, комплексы: Справ. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л.вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л.трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л.аэратэнкі і інш.).
Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.
На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш.Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.
Літ.:
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIАўгуст
(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.
Літ.:
Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;
Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;
Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА МАСТА́ЦКАЯ,
выраб рэчаў утылітарна-дэкар. прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная К.м. ў індзейцаў Паўн. і Паўд. Амерыкі да 16 ст.н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Зах. Еўропе (рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш.). Традыцыі К.м. як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў нар. мастацтве Да 19 ст. Сярод твораў 15—19 ст. вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты. У 19 ст. ручная К.м. выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі К.м. адрадзіліся ў 20 ст. ў творах прафес. мастакоў.
На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з 11—12 ст. Росквіту К.м. дасягнула ў 16—17 ст. ў сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў (Брэст, Слуцк, Полацк, Віцебск, Магілёў і інш.), дзе выраблялі рэчы утылітарнага і маст. характару — дэкар. ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царк. крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У 18 ст. буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Гродна, Пінск, Мінск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш.Асн. від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і C-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геам. узораў. У 2-й пал 19 ст. ў сувязі з развіццём прамысловасці К.м. ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў нар. побыце. Сярод майстроў К.м. канца 19 — пач. 20 ст. П.Багрым, С.Манко, А.Уласік і інш. У 2-й пал. 20 ст. як маст. промысел выйшла з ужытку. У наш час К.м. вядома ў творчасці некаторых прафес.бел. мастакоў: А.Зайцава, Б.Казакова, Я.Карманава, С.Ларчанкі, Ю.Любімава, В.Сташчанюка, А.Сурскага і інш.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.
А.І.Сямёнаў.
Да арт.Коўка мастацкая. Люстра работы П.Багрыма з Крошынскага касцёла (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.). 2-я пал. 19 ст.Да арт.Коўка мастацкая Ю.Любімаў. Камінная рашотка. 1997.