СУЛЬФА́ТЫ,

солі і эфіры сернай к-ты H2SO4.

С. неарганічныя — сярэднія (з аніёнамі SO42−) і кіслыя, ці гідрасульфаты (з аніёнамі HSO4−), солі. Існуюць таксама двайныя С. — солі з 2 рознымі катыёнамі (гл. Галын). Сярэднія С. — крышт. рэчывы, пашыраны ў прыродзе, складаюць клас мінералаў, найважн. з іх — алуніт, ангідрыт, барыт, гіпс, мірабіліт, цэлесцін, галыны. Добра раствараюцца ў вадзе (выключэнне С. барыю BaSO4). З водных раствораў крышталізуюцца ў выглядзе крышталегідратаў. Крышталегідраты некат. цяжкіх металаў (медзь, жалеза, цынк) наз. купарвасамі. Прыродныя С. выкарыстоўваюць як сыравіну для прамысл. атрымання злучэнняў розных металаў, буд. матэрыялаў і інш., сінт. — у розных галінах прам-сці (гл. Алюмінію злучэнні, Амонію злучэнні, Барыю злучэнні, Жалеза злучэнні, Калію злучэнні, Кальцыю злучэнні, Натрыю злучэнні). С. арганічныя — эфіры сернай к-ты: алкілсульфаты — кіслыя эфіры, ці алкілсерныя к-ты (агульная ф-ла ROSO3H), і іх солі (ROSO3M, дзе R — першасны або другасны алкіл, М — натрый, амоній, трыэтыламоній); дыалкілсульфаты — поўныя эфіры (RO2)2SO2. Высокакіпячыя вадкасці [напр., дыэтылсульфат (C2H5O)2SO2 кіпіць пры 208 °C з раскладаннем] або цвёрдыя рэчывы. Алкілсульфаты добра раствараюцца ў вадзе. Дыалкілсульфаты выкарыстоўваюць для алкіліравання, солі вышэйшых алкілсульфатаў (R мае 10—18 атамаў вугляроду) — як паверхнева-актыўныя рэчывы рознага прызначэння (аснова сінт. мыйных сродкаў, эмульгатары, стабілізатары і інш.).

А.​Я.​Міляшкевіч.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)