заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
хімічныя працэсы ў геасферах, што выклікаюць міграцыю хім. элементаў і іх ізатопаў. Вядуць да канцэнтрацыі іх і ўтварэння радовішчаў карысных выкапняў або да рассейвання, утварэння арэолаў вакол радовішчаў і геахімічных анамалій, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя.
Найб. вывучаныя геахімічныя працэсы ў літасферы, гідрасферы і ніжніх слаях атмасферы, а таксама ў біясферы. Аб геахімічных працэсах у ніжняй мантыі і ядры Зямлі існуюць толькі гіпотэзы. Паводле формы міграцыі хім. элементаў вылучаюць некалькі груп геахімічных працэсаў. Да механічных геахімічных працэсаў належаць эрозія, абразія, дэфляцыя, плоскасны змыў і ўтварэнне дэлювію. З ім звязана фарміраванне россыпных радовішчаў золата, плаціны, алмазаў. Фізіка-хімічныя геахімічныя працэсы ўключаюць эндагенныя, глыбінныя (працякаюць без доступу свабоднага кіслароду, пры высокіх т-рах і ціску; да іх належаць магматычныя, метамарфічныя і гідратэрмальныя), экзагенныя, або гіпергенныя працэсы (адбываюцца на паверхні Зямлі і на невял. глыбінях пры нізкіх т-рах і ціску, пераважна з удзелам свабоднага кіслароду). Біягеахімічныя геахімічныя працэсы абумоўленыя дзейнасцю арганізмаў; разам з тэхнагеннымі геахімічнымі працэсамі, што працякаюць пры гасп. дзейнасці чалавека, яны ахопліваюць усю наасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст.Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,
спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл.Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЬША́НЬ,
горная сістэма ў Кітаі паміж Цайдамскай катлавінай на Пд і пустыняй Алашань на Пн. Часам разглядаецца як частка Куньлуня. Даўж. каля 800 км, шыр. да 320 км. Складаецца з некалькіх кароткіх высокіх хрыбтоў, размешчаных паралельна або кулісападобна, якія цягнуцца пераважна з ПнЗ на ПдУ і падзяляюцца падоўжанымі далінамі. Асн. хрыбты: Ціляньшань, Сулэнаньшань з выш. да 6346 м, Улан-Дабан, Дакэн-Дабан, Кукунор. Паўн. хрыбты ўзвышаюцца над пустыняй Алашань да 4500 м, адносныя перавышэнні паўд. схілаў Н. каля 1500 м. Паўд. адгор’і часта ўтвараюць рады кароткіх кражаў. Складзены пераважна з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карставы альпійскі рэльеф, каля 1000 ледавікоў. Зледзяненне развіта пераважна ў Зах. Н. пераважаюць ледавікі даўж. 1—2 км. Снегавая лінія зніжаецца з 3 на У ад 5200 да 4200 м. Большая ч. Н. адносіцца да вобласці ўнутр. сцёку Цэнтр. Азіі, паўд.-ўсх. раёны — да бас.р. Хуанхэ. Рэкі мнагаводныя вясной і летам. На З пераважаюць пустыні і стэпы, на У — лесастэпы і стэпы, хваёвыя лясы, лугі. Радовішчы жал. і поліметалічных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРА́ЛЬНІК З СУСТРЭ́ЧНЫМІ ПУЧКА́МІ, калайдэр,
устаноўка, у якой ажыццяўляюцца сутыкненні сустрэчных пучкоў зараджаных часціц, паскораных эл. полем да высокіх энергій; адзін з паскаральнікаў зараджаных часціц. Ужываюцца паскаральнікі з сустрэчнымі электрон-пазітроннымі, электрон-пратоннымі, пратон-пратоннымі і пратон-антыпратоннымі пучкамі.
Бываюць цыклічныя (найб. пашыраны) і лінейныя. Маюць мішэнь — пучок часціц ад другога паскаральніка ці другі пучок ад гэтага ж паскаральніка; для павелічэння шчыльнасці пучкоў часціц — спец. накапляльныя кольцы, дае назапашваюцца і адна- ці шматразова сутыкаюцца зараджаныя часціцы. Найб, эфектыўна пераўтвараюць энергію паскораных зараджаных часціц у энергію спакою новых элементарных часціц. Напр., існуе паскаральнік, дае электроны (ці пазітроны) з энергіяй 30 ГэВ сутыкаюцца з пратонамі з энергіяй 800 ГэВ, у выніку могуць атрымлівацца часціцы з масай спакою да 300 ГэВ (г Гамбург, Германія).
І.С.Сацункевіч.
Да арт.Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі. Схема будовы лінейнага індукцыйнага паскаральніка: 1 — асяродак індуктара; 2 — абмотка ўзбуджэння; 3 — факусавальная шпуля; 4 — напрамак інжэкцыі паскораных электронаў.Да арт.Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі: 1 — схема электрон-пазітроннага паскаральніка (HERA — вакуумны тунэль; PETRA — інжэктар электронаў); 2 — знешні выгляд элементаў магнітнага ланцуга паскаральніка (адхіляльныя магніты — белы колер, факусавальныя — блакітны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́НКА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, формула Планка,
закон размеркавання энергіі ў спектры раўнаважнага выпрамянення пры пэўнай т-ры; адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення. Тэарэтычна выведзены М.Планкам (1900) на аснове гіпотэзы квантавання энергіі выпрамянення.
Паводле П.З.В. выпрамяняльная здольнасць uv,T абсалютна чорнага цела ў залежнасці ад частаты ϴ і абс. т-ры T вызначаецца формулай
, дзе h — Планка пастаянная, k — Больцмана пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Пры высокіх частотах (hv ≫ kT) з П.з.в. вынікае Віна закона выпрамянення, пры нізкіх частотах (hv ≪ kT) — Рэлея—Джынса закон выпрамянення, пасля інтэгравання па частотах ад 0 да ∞ атрымліваецца Стэфана—Больцмана закон выпрамянення. На аснове П.з.в. вызначаны фіз. пастаянныя h і k, распрацаваны метады вызначэння т-ры нагрэтых цел (напр., паверхняў Сонца і зорак), ім карыстаюцца пры разліках энергет. характарыстык крыніц святла. П.з.в. — асобны выпадак Бозе—Эйнштэйна размеркавання часціц з нулявой масай спакою (фатонаў), ён стаў адной з перадумоў стварэння квантавай механікі. Гл. таксама Кірхгофа закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАРЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
газаразрадная прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, выхадны сігнал якой прапарцыянальны энергіі зарэгістраванай часціцы.
Зараджаная часціца пры праходжанні праз газ, які запаўняе П.Л., стварае на сваім шляху іон-электронныя пары, лік якіх залежыць ад энергіі, страчанай часціцай у газе. У адрозненне ад іанізацыйнай камеры анодная нітка П.л. мае малую таўшчыню (да 0,1 мм і менш), у выніку чаго электроны паблізу ад яе набываюць энергію, дастатковую для другаснай іанізацыі і на анод прыходзіць лавіна электронаў. Паводле энергет. раздзялення П.л. пераўзыходзіць сцынтыляцыйны лічыльнік, але саступае паўправадніковаму дэтэктару, аднак у адрозненне ад яго дазваляе працаваць у вобласці энергій, меншых за 1 кэВ У фізіцы высокіх энергій пашыраны прапарцыянальныя камеры, што налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч П.л., далучаных да ЭВМ, якая запамінае і апрацоўвае інфармацыю. П.л. выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў, астрафізіцы, тэхніцы, медыцыне, геалогіі і інш.
Схема прапарцыянальнага лічыльніка: 1 — нітка-анод; 2 — акно; 3 — крыніца часціц; 4 — катод; 5 — крыніца высокага напружання; 6 — лічыльнік імпульсаў; а — вобласць дрэйфу электронаў, б — вобласць газавага ўзмацнення; R — супраціўленне нагрузкі.