пады́спад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Адваротны бок; спод. Падыспад шапкі. Падыспад кашулі.
2. перан. Разм. Скрыты, адмоўны бок чаго‑н. [Кузьма Чорны:] — Вялікі пісьменнік [Бальзак]. Тут, братачка, нічога не скажаш. Увесь падыспад выверне табе. Скрыган. Тут [у палоне].. [Іван] убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне. Быкаў.
3. у знач. прысл. Уніз; пад што‑н. Надзець падыспад. □ Мы пачалі рыхтавацца да начлегу. Дах над галавой ёсць, а падыспад можна наламаць лапак, нарваць папараці. І спі сабе на здароўе! Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.
2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наха́бны, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца нахабствам; бесцырымонны, бессаромны. Нахабныя дамаганні. □ [Адам:] — Ёсць, брат, у горадзе людзі, якія не пакарыліся і не пакарацца нахабным заваёўнікам... Якімовіч. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. // Назойлівы, неадчэпны (пра жывёл, птушак, насякомых). Дзверы ў сенцы яшчэ не адчынены, ды каля парога, на траве, стракаціць ужо і настойліва кланяецца хаце вечна галодная, нахабная арава качак. Брыль. // Які выражае нахабства. Нахабны тон. Нахабны выгляд. □ Лена адвярнулася: вельмі ж нахабны позірк у гэтага «казла», як называлі Вадзягу ў сяле. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да ляскаць.
2. каго і па чым. Нанесці ўдар рукой па твары, целе. Ступіўшы крок наперад, Лена раптам штосілы ляснула Віктара па шчацэ. Ваданосаў.
3. перан. Разм. Прапасці марна; загінуць, згінуць. [Рахункавод:] — Дарэмная праца — усё пойдзе ў кастрыцу.. Столькі дабра і працы ляснула! Столькі надзей! Васілевіч. Дарма немцы спраўлялі ўрачыстасць.. Чыгуначны мост .. зноў узляцеў у паветра. Ды так, што ляснуў цэлы эшалон з жывой сілай і ўзбраеннем. Сабаленка. — Скора [зімняя] дарога зусім лясне, калі мароз не падхопіцца, — зазначыў Андрэй. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрацава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запрацаваць.
2. у знач. прым. Набыты працай. Я рана навучыўся несці кнігу другім. Я ўмею ўжо аддаваць запрацаваны грош на кнігу, а пасля чытаць. Брыль. Платону з малых гадоў давялося паспрабаваць слодыч запрацаванага кавалка хлеба. Хведаровіч.
3. у знач. прым. Які запрацаваўся, стаміўся ад працяглай або цяжкай работы. Рыгор у думках паставіў сябе на месца гэтай сціплай, запрацаванай дзяўчыны. Ваданосаў. // Натруджаны (пра рукі). Вось яны [дзяўчаты] параўняліся са мною. Спазналі. А як слаўна ціснуць гэтыя жорсткія запрацаваныя рукі. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рамо́нак, ‑нку і ‑нка, м.
1. ‑нку. Травяністая расліна сямейства складанакветных задзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая. Віктар крочыў з МТС вузкай сцяжынкай, зарослай пахучым рамонкам і лапушыстым трыпутнікам. Даніленка. А на зямлі, сярод рамонку і палыну, блішчалі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Мележ.
2. ‑нка. Кветка гэтай расліны. Іна сарвала, нахіліўшыся, рамонак і пачала сашчыкваць белыя пялёсткі. Ваданосаў.
3. ‑нку; толькі адз. Высушаныя кветкі аднаго з відаў гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як лячэбны сродак; лекавы настой на такіх кветках. Аптэчны рамонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаду́мам, прысл.
Разм. Самавольна, без дазволу. — А як вы в[е]дз[я]це травапольную сістэму?! — .. [Бялоцкі] павярнуўся да Варанецкага. — Я дзеля гэтага і прыехаў. На тое, што вы траву насенную самадумам касіць узяліся, я выпадкова наткнуўся. Дуброўскі. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях самадумам нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. // Не параіўшыся з іншымі. [Надзя:] — Ці ж усё добра? Быццам у цябе не было з кім параіцца? А ты [Валодзька] самадумам усё. Гроднеў. [Тата:] — Вось бачыш... Шкоды атрымалася больш, чым карысці. Таму што не раіцеся з дарослымі, а ўсё самадумам. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смо́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Тое, што і смаленне.
смо́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
1. Ласк. да смала (у 1 знач.). На вішнях смолка сочыцца з кары. Вялюгін.
2. Сумесь хваёвай або яловай смалы з пахучымі рэчывамі. Курыльная смолка. Пахучая смолка.
3. Спец. Сінтэтычнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры закаркоўванні бутэлек.
смо́лка 3, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Лугавая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі кветкамі і клейкімі зверху сцёбламі. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́ведзь, ‑і, ж.
1. У хрысціянскай царкве — пакаянне ў сваіх грахах перад свяшчэннікам і дараванне ім грахоў. Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Чарнышэвіч.
2. перан. Шчыры расказ пра ўласнае жыццё; прызнанне ў чым‑н. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Гартны. Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцярпе́ць, сцярплю, сцярпіш, сцярпіць; сцярпім, сцерпіце, сцярпяць; зак., што.
Вынесці, вытрымаць (што‑н. цяжкае, непрыемнае). Сцярпець абразу. □ Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. Сэрца бацькоў не магло сцярпець такога дзіцячага гора. Маўр. // без дап. (звычайна з адмоўем «не»). Стрымацца, утрымацца (ад якіх‑н. дзеянняў, слоў). [Міхась:] — Натура ўжо гэткая: ніколі не сцярплю, па вачах праўдай хвастану. Савіцкі. // каму. Змаўчаць, саступіць каму‑н. Гэты ножык у Піліпкавага бацькі, можа, яшчэ ў партызанах быў. Таму Піліпка і не сцярпеў Алесю. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)