«МАЛАДО́СЦЬ»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. ілюстраваны маладзёжны часопіс. Выдаецца з крас. 1953 у Мінску на бел. мове. Гал. рэдактары: А.​Кулакоўскі (1953—58), П.​Панчанка (1958—66), А.​Асіпенка (1966—72), Г.​Бураўкін (1972—78), В.​Зуёнак (1978—82), А.​Грачанікаў (1982—91), Г.​Далідовіч (з 1991). Друкуе творы бел. пісьменнікаў — раманы, аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, п’есы, публіцыстычныя, крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навук., грамадска-паліт., гіст. тэмы, фотарэпартажы, нарысы пра работнікаў вытворчасці, дзеячаў навукі, культуры, л-ры і мастацтва, пераклады і інш. Змяшчае ілюстрацыі, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва. Асвятляе пераважна жыццё, прац. і вытв. дзейнасць бел. моладзі.

У часопісе друкаваліся А.​Адамовіч, С.​Александровіч, Асіленка, В.​Бечык, П.​Броўка, Р.​Бярозкін, В.​Вітка, С.​Гаўрусёў, Л.​Геніюш, А.​Грачанікаў, У.​Дубоўка, У.​Калеснік, У.​Караткевіч, К.​Кірэенка, Я.​Колас, Кулакоўскі, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, П.​Макаль, Я.​Маўр, І.​Мележ, В.​Палтаран, Панчанка, Б.​Сачанка, М.​Стральцоў, М.​Танк, І.​Чыгрынаў, Я.​Янішчыц і інш.; супрацоўнічаюць В.​Адамчык, С.​Андраюк, М.​Арочка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Дз.​Бугаёў, Бураўкін, В.​Быкаў, А.​Васілевіч, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, У.​Гніламёдаў, У.​Дамашэвіч, А.​Жук, С.​Законнікаў, Зуёнак, М.​Ермаловіч, В.​Каваленка, К.​Камейша, А.​Кудравец, Я.​Лецка, А.​Лойка, І.​Навуменка, Г.​Пашкоў, Я.​Сіпакоў, І.​Шамякін, У.​Юрэвіч і інш.; бел. мастакі П.​Драчоў, А.​Кашкурэвіч, М.​Купава, А.​Марачкін, В.​Шаранговіч, Л.​Шчамялёў і інш. Аўтарамі ў часопісе выступаюць таксама дзеячы культуры і навукі, працаўнікі вытворчасці і г.д. З 1988 пры часопісе выходзіць штомесячны літ. дадатак «Бібліятэка часопіса «Маладосць».

Г.​В.​Далідовіч.

Вокладка часопіса «Маладосць». 1999.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дня́мі, прысл.

1. Некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён; на днях. Днямі меўся адбыцца раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Асіпенка.

2. З ранку да вечара; на працягу многіх дзён. Чытаць днямі. Днямі сядзець над разлікамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямлі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае многа земляных часцінак. Зямлісты торф.

2. Шаравата-бледны. Ядвіся прысела побач, да болю ўзіраючыся ў зямлісты твар любімага чалавека. Асіпенка. Бацька пагладзіў парэпанай рукой рэдкія, ад сівізны ўжо зямлістыя валасы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ацяпля́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ацяплення (у 1 знач.). У яго халасцяцкай кватэры стаяў нясцерпны холад — ацяпляльны сезон яшчэ не пачынаўся, а на вуліцы стаяла золкая раніца. Асіпенка.

2. Прызначаны для ацяплення. Ацяпляльная сістэма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баяві́ты, ‑ая, ‑ае.

З баявым, наступальным характарам, рашучы, настойлівы ў дзеяннях. Яшчэ прыгадаў стройную, з капой цёмна-медных .. валасоў, Бэлу, па-гарадскому баявітую і гарэзлівую. Асіпенка. Паэзія Пятра Глебкі была вельмі гуманнай, чалавечнай, інтэрнацыянальнай і баявітай. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малавераго́дны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае сумненне; няпэўны. У наш час каб не заўважылі перадавіка і не праславілі яго, — гэта здавалася мне малаверагодным. Асіпенка. Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў ліс пакуль не лезлі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан млявага. Адзінотай і пустэчай Усюды веяла з палёў, Нейкай млявасцю старэчай Аддавала ад лугоў. Колас. Хочацца адсунуцца далей ад агню і не стае сіл, бо па ўсім целе разліваецца млявасць. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мульта́н 1, ‑у, м.

Баваўняная варсістая тканіна. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч.

[З фр. molleton.]

мульта́н 2, ‑у, м.

Гатунак тытуню. — Давай, Карпавіч, закурым яшчэ па адной. Вельмі ўжо смачны твой мультан. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Час ад часу злёгку сцепацца, рабіць сутаргавыя рухі. У засені было халаднавата. Віцька пацепваўся, стараўся як мага глыбей засунуць у кішэні рукі. Асіпенка. [Ласяняты] дрыготка пацепваліся ад холаду і туліліся да ласіхі. Кірэйчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падра́мнік, ‑а, м.

Спец. Рамка, на якую нацягваецца палатно для карціны. З-за пляча відаць быў даўгаваты кавалак палатна, нацягнуты на падрамнік. Асіпенка. Самога дырэктара студэнты засталі перад расцягнутым на падрамніку палатном, з палітрай у руках. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)