ТЭРА́СЫ,

ступенепадобныя формы рэльефу з гарызантальнымі або слаба нахіленымі выраўнаванымі пляцоўкамі на схілах рачных далін, берагах азёр і мораў, абмежаваныя ўступамі зверху і знізу. Утвараюцца пад уздзеяннем праточнай вады (рачныя Т.), хваль вадаёмаў (азёрныя і марскія Т), ва ўмовах тэктанічнага падняцця пэўнай тэр., змены клімату, базісу эрозіі, эўстатычных ваганняў узроўню басейна. Паводле геал. будовы рачныя Т. падзяляюцца на акумулятыўныя (складзены з алювію), эразійныя, або структурныя (з карэнных парод, алювій захаваўся лакальна), эразійна-акумулятыўныя, або цокальныя (ніжняя ч. складзена з карэнных парод, верхняя — з алювію). Часта рачныя Т. размешчаны ў некалькі ярусаў, адна над адной, што сведчыць аб некалькіх цыклах размыву і акумуляцыі. Самай нізкай і маладой Т. з’яўляецца пойма (поймавая Т.), над ёй узвышаюцца надпоймавыя Т. Марскія і азёрныя Т. ўтвараюцца ў выніку абразіі (абразійныя Т.) і намнажэння марскіх і азёрных адкладаў (акумулятыўныя Т.). Часам Т. наз. формы рэльефу інш. паходжання, напр., дэнудацыйныя, апоўзневыя, саліфлюкцыйныя, штучныя (гл. Тэрасаванне).

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,

1)у металаапрацоўцы — дыфузійнае насычэнне паверхневага слоя метал. (пераважна стальных) вырабаў вугляродам пры т-ры 900—950 °C; адзін з відаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі.

Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць і стомленасную трываласць. Робіцца ў сумесях газаў (газавая Ц.), у ваннах з расплаўленых солей (вадкая Ц.). Глыбіня навугляроджанага пры Ц. слоя 0,5—3 мм, часам да 20 мм. Ц. выкарыстоўваюць у вытв-сці шасцерняў, восей, валоў і інш. 2) У каляровай металургіі — гідраметалургічны працэс, заснаваны на выцясненні (асаджэнні) больш электрададатных металаў з раствораў іх злучэнняў менш электрададатнымі, што знаходзяцца ў цвёрдым стане. Такім спосабам ачышчаюць растворы ад дамешкаў (напр., электраліты пры вытв-сці нікелю), здабываюць металы іх асаджэннем (напр., золата з яго цыяністых раствораў) і інш. Гл. таксама Гідраметалургія.

3) У будаўніцтве — спосаб замацавання грунтоў, каменных і бетонных муровак вадкім цэментным растворам або цэментнай суспензіяй, якія нагнятаюцца ў пустоты, шчыліны, поры, свідравіны і інш. 4) У горнай справе — замацаванне сыпкіх адкладаў і ператварэнне іх у цвёрдыя горныя пароды карбанатамі, вокісламі крэмнію і інш.

т. 17, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛЕНКА Мікалай Фёдаравіч (29.1.1900, в. Клюкаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 10.6.1972),

беларускі хімік. Акад. АН БССР (1947, чл.-кар. 1936). Д-р хім. н. (1935), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1924). З 1924 у БДУ, у 1930—38 і з 1944 заг. кафедры. У 1938—44 у НДІ і ВНУ Кіева, Ташкента і інш. Арганізатар і заг. (з 1932) лабараторыі калоіднай хіміі Ін-та хіміі (з 1959 Ін-та агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі). Адначасова (1946—53 і 1956—69) акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук АН Беларусі, з 1965 гал. рэдактар час. «Весці АН БССР. Серыя хімічных навук». Навук. працы ў галіне калоіднай, фіз. хіміі, фізікахіміі высокапалімераў, агульнай, неарган. хіміі. Стварыў тэорыю ўтварэння перыяд. адкладаў пры выпарэнні растваральніку, тэорыю ламінарнай каагуляцыі.

Тв.:

Микроэлементы и коллоиды почв. 2 изд. Мн., 1966;

Регулирование пористой структуры окисных адсорбентов и катализаторов. Мн., 1971 (разам з М.​Д.​Эфрас).

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІЯ

Першыя картаграфічныя творы з пазначэннем тэр. Беларусі вядомы з 2 ст. н.э. (карты Еўрапейскай Сарматыі Пталамея). Першыя рэгіянальныя карты з адлюстраваннем бел. зямель надрукаваны ў 16—17 ст. Гарады Менск і Гродна пазначаны ў атласе «Гарады свету» (Амстэрдам, 1577), Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) — у атласе Г.​Меркатара (1600). У пачатку 17 ст. ў Нясвіжы пры двары Радзівілаў працаваў вядомы картограф і гравёр Тадэвуш Макоўскі, які па заказе Мікалая Радзівіла выгравіраваў першую карту ВКЛ (надрукавана ў 1613 у Амстэрдаме на лац. мове), ім створаны і панарамныя гравюры Нясвіжа і Клецка. У 18 ст. Беларусь адлюстравана на многіх картах Рэчы Паспалітай: подпісы Wit Rusland на карце І.​Цырыёна (1733), Russia Alba на карце Т.​Маера (1750), White Russia на карце Польшчы, Літвы і Прусіі (1750). Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Рас. імперыі ў перыяд генеральнага межавання (2-я пал. 18—1-я пал. 19 ст.) складзены першыя карты і атласы бел. губерняў, генеральныя планы паветаў. У 19 ст. праведзена картаграфаванне ўсёй тэр. Беларусі. Бел. геадэзіст І.​І.​Ходзька правёў трыянгуляцыйныя работы на тэр. Гродзенскай і Мінскай губ., якія паслужылі матэматычнай асновай для складання буйнамаштабных карт. Вялікая работа па стварэнні геадэзічнай асновы, тапаграфічных здымкаў і карт зроблена корпусам ваенных тапографаў, у выніку чаго ў 1865—71 складзены карты ўсёй тэр. Беларусі маштабу 1:126 000 і 1:420 000, значнай часткі яе тэрыторыі на картах маштабу 1:84 000, 1:42 000 і 1:21 000, якія паслужылі топаасновай для складання тэматычных карт. У 2-й пал. 19 ст. праводзіліся геалагічныя, глебавыя і гідралагічныя здымкі. На падставе дзейнасці Зах. экспедыцыі па асушэнні балот былі створаны агульнагеаграфічныя і тэматычныя карты Еўрап. Расіі, у т. л. і Беларусі. Падрабязнае адлюстраванне рэльефу Беларусі ўпершыню зроблена рас. картографам А.​А.​Ціло на гіпсаметрычнай карце Еўрап. Расіі маштабу 1:2 520 000 (1889). Характарыстыка найважнейшых кліматычных элементаў Беларусі адлюстравана ў «Кліматычным атласе Расійскай імперыі» (1900).

У савецкі час на працягу 1918—30 ва ўсх. частцы Беларусі пад кіраўніцтвам А.​М.​Жырмунскага, Г.​Ф.​Мірчынка, П.​А.​Туткоўскага і інш. выкананы геалагічныя і геамарфалагічныя здымкі, на падставе якіх складзены адпаведныя карты маштабу 1: 840 000. У 1936 С.​С.​Малярэвіч і М.​М.​Цапенка склалі карту чацвярцічных адкладаў усіх абласцей Беларусі маштабу 1: 1 500 000 (перапрацавана і дапоўнена М.​М.​Цапенка ў 1941). Выдаваліся таксама гіпсаметрычныя карты: вучэбная фіз. карта БССР маштабу 1: 500 000 (1928), Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 500 000 (1939) і інш. Вяліся работы па тэматычным картаграфаванні. На аснове гідралагічных і метэаралагічных даследаванняў складзены гідралагічныя карты. А.​І.​Кайгарадаў склаў «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). Даследаванні расліннасці тэр. БССР адлюстраваны на Геабатанічнай карце Еўрап. часткі СССР маштабу 1: 1 050 000 (1927—32). У 1933 складзена фізічная карта БССР маштабу 1: 600 000, якая не раз перавыдавалася. Вялікі ўплыў на развіццё тэматычнага картаграфавання зрабіла адкрыццё Навабеліцкай картаграфічнай фабрыкі (1934), якая ў 1936 пераведзена ў Мінск.

У выніку комплексных геалагічных і гідралагічных здымак у пасляваенны час складзены сярэднемаштабныя карты: геолага-літалагічныя, гідрагеалагічныя, геамарфалагічныя, карысных выкапняў, чацвярцічных адкладаў. У 1948 выдадзена глебавая карта маштабу 1: 2 000 000 і на яе аснове — карта маштабу 1: 1 200 000. У 1957 М.​М.​Цапенка склала карту чацвярцічных адкладаў Беларусі маштабу 1:1 000 000, В.​А.​Дзяменцьеў — геамарфалагічную карту маштабу 1: 2 500 000. У гэты перыяд вяліся глебавыя даследаванні гаспадарак Беларусі, адначасова складаліся буйнамаштабныя глебавыя карты і аграхім. картаграмы калгасаў і саўгасаў, на іх аснове — глебавыя карты асобных абласцей. Былі выдадзены эканам. карты прам-сці і сельскай гаспадаркі. У 1958 выдадзены комплексны «Атлас БССР», у якім адлюстравана прырода, эканоміка, адукацыя, навука, культура, ахова здароўя, гал. гіст. падзеі, серыя карт прысвечана комплекснай характарыстыцы абласцей. У 1963 Ін-т мовазнаўства АН Беларусі выдаў «Дыялектычны атлас беларускай мовы», у 1969 — атлас «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак». У 1970-я г. выдаваліся карты для сярэдняй школы, шырокага кола чытачоў, у т. л. «Атлас аўтамабільных дарог Беларускай ССР» (першы выпуск у 1971), турысцкія карты Беларусі (1973, 1974 і інш.), «Ахоўныя аб’екты прыроды Беларускай ССР» (1973, 1975). У 1970—80 выйшла серыя карт прыроды Беларусі ў сярэдніх маштабах: у 1974 пад рэд. Р.​Г.​Гарэцкага выдадзена тэктанічная карта маштабу 1: 500 000, у 1979 пад рэд. Т.​Н.​Кулакоўскай і П.​П.​Рагавога — глебавая карта маштабу 1: 600 000, у 1979 пад рэд. І.​Д.​Юркевіча — карта расліннасці маштабу 1: 1 000 000, у 1983 — геалагічныя карты маштабу 1: 500 000 дачацвярцічных адкладаў пад рэд. А.​С.​Махнача і чацвярцічных адкладаў пад рэд. Г.​І.​Гарэцкага, у 1984 — ландшафтная карта маштабу 1: 600 000 пад рэд. Г.​І.​Марцінкевіч, у 1990 — геамарфалагічная карта маштабу 1: 500 000 пад рэд. Б.​М.​Гурскага. У 1960—70 у традыцыйную картаграфію Беларусі пры падрыхтоўцы карт да выдання пачало ўкараняцца чарчэнне і гравіраванне на пластыках, з пачатку 1980-х г. выкарыстоўваюцца новыя камп’ютэрныя тэхналогіі (нетрадыцыйная картаграфія) — карты, сумешчаныя з касм. адлюстраваннем мясцовасці.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС падрыхтаваны і выдадзены карты радыяцыйнага забруджання тэр. Беларусі маштабу 1:1 000 000 і 1: 500 000 (1993, 1995) і маштабу 1:100 000 для асобных раёнаў (Валожынскі, Рагачоўскі і інш.). У 1996 выдадзены атлас Беларусі пад рэд. С.​А.​Польскага, у якім адлюстравана развіццё бел. этнасу, з часу перапісу насельніцтва 1897 і да 1995; у 1990 — «Атлас Рэспублікі Беларусь» (2-е выд. 1998) пад рэд. Р.​А.​Жмойдзяка (навуч. дапаможнік па геаграфіі для агульнаадукацыйнай школы). У 2002 выдадзены «Нацыянальны атлас Беларусі», які адлюстроўвае сукупнасць сучасных ведаў аб тэрыторыі, прыродзе, экалогіі, эканоміцы, адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, знешніх адносінах, гісторыі Беларусі. Рэспубліканскае прадпрыемства «Белкартаграфія», выд-вы «Трывіум», «Еўраферлаг», «Квадрограф» выдаюць разнастайную картаграфічную прадукцыю: навуч. карты і атласы, атласы аўтамаб. дарог, турысцка-экскурсійныя, даведачныя карты і планы абласцей, раёнаў, гарадоў Беларусі і інш.

Літ.:

Жмойдяк Р.А., Явид П.П. Развитие тематического картографирования в Беларуси // Вестн. БГУ. Сер. 2. 2002. № 1;

Атоян Л.В. Беларусь на картах разных эпох // Земля Беларуси. 2003. №1;

Развитие комплексного картографирования в Беларуси // География в XXI в.: проблемы и перспективы. Мн., 2004.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 18, кн. 2, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).

На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).

На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.

Літ.:

Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ. М., 1989;

Фролов В.Т. Литология. Кн. 3. М., 1995.

С.​М.​Абравец.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯ́САВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), трыяс (ад грэч. trias тройца, траістасць),

першая (ніжняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае ранняму перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду), папярэднічае юрскай сістэме (перыяду). Пачалася каля 250 млн. г. назад, доўжылася каля 50 млн. г. Адклады Т.с.(п.) упершыню вылучаны ням. геолагам А. фон Альберці ў 1834 у Альпах. Падзяляецца на 3 аддзелы і 7 ярусаў (індскі і алянёцкі — ніжні аддзел; анізійскі і ладзінскі — сярэдні аддзел; карнійскі, нарыйскі і рэцкі — верхні аддзел). У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме трыясавых адкладаў Беларусі вылучаны таксама світы і падсвіты.

У трыясавы перыяд пашырылася пл. сушы мацерыкоў Лаўразіі ў Паўн. і Гандваны ў Паўд. паўшар’ях, на якіх пераважалі кантынентальныя ўмовы асадканамнажэння з утварэннем адкладаў: стракатакаляровых пясчана-гліністых (Усх.-Еўрапейская платформа), гіпсаносных (Сярэдняя Еўропа), саляносных (Паўн. Афрыка), вугляносных (Аўстралія, Паўд. Амерыка). Вулканічныя ўтварэнні былі пашыраны на Урале, у Казахстане, Сярэдняй Азіі, на Сібірскай платформе (трапавая фармацыя). Марскія вадаёмы з карбанатным асадканамнажэннем існавалі пераважна ў геасінклінальных абласцях; акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), басейны Паўн. Амерыкі (Кардыльеры), Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыкі. З адкладамі трыясу звязаны радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, гіпсу, каменнай солі, баксітаў, кааліну, медзістых пясчанікаў, уранавых руд і інш. Клімат у раннім і сярэднім трыясе быў пераважна гарачы, сухі, у познім трыясе — вільготны. Арганічны свет характарызуецца росквітам жывёльнага свету сушы, асабліва паўзуноў (дыназаўры), земнаводных (стэгацэфалы), насякомых (жукі. стараж. прамакрылыя); у канцы перыяду — касцістых рыб і прымітыўных млекакормячых (яйцародныя і сумчатыя). У прэснаводных вадаёмах былі членістаногія (астракоды, філаподы), у марскіх басейнах — разнастайныя малюскі, асабліва галаваногія (цэратыты). У расл. свеце на ўсіх кантынентах былі пашыраны дзеразападобныя. у канцы перыяду — голанасенныя (бенетытавыя, цыкадавыя, гінкгавыя і інш.), у морах — рыфаўтваральныя водарасці, у прэснаводных вадаёмах — харавыя.

На тэр. Беларусі адклады Т.с.(п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне. У Прыпяцкім прагіне яны (магутнасцю 300—500 м, месцамі больш за 1000 м) прадстаўлены ніжняй пясчанай і верхняй гліністай тоўшчамі. У ніжняй тоўшчы вылучаны выступовіцкая (пяскі, гліны, кангламераты) і каранёўская (пяскі, пясчанікі з аалітамі) світы ніжняга аддзела. Верхняя тоўшча падзяляецца (знізу ўверх) на мазырскую (алеўраліты, гліны, мергелі) світу ніжняга аддзела, калінкавіцкую (гліны, пяскі) і нараўлянскую (стракатакаляровыя гліны з праслоямі пясчаніку і алеўраліту, месцамі вапняку) світы сярэдняга аддзела; валаўскую (каалінізаваныя гліны і пяскі) світу верхняга аддзела. У Брэсцкай упадзіне трыясавыя адклады (магутнасцю 40—50 м) прадстаўлены воўчынскай (цагельна-чырвоныя гліны) і новагалянскай (гліны, пяскі, пясчанікі) світамі ніжняга аддзела.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

С.​А.​Кручак.

т. 16, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,

частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс. выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і З нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.

В.​П.​Якушка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы), пасляледавіковая эпоха,

сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.

Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.

Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.

В.​П.​Якушка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)