РАСІ́НІ ((Rossini) Джаакіна Антоніо) (29.2.1792, г. Пезара, Італія — 13.11.1868),
італьянскі кампазітар. Скончыў Балонскі муз. ліцэй (1810). З 1815 кампазітар т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі, дырэктар Італьян.т-ра ў Парыжы, з 1826 каралеўскі кампазітар і гал. інспектар спеваў. У мастацтве Р. арганічна ўвасоблены традыцыі італьян. нар.-песеннай культуры. З яго імем звязаны росквіт італьян.нац. оперы. Найб. поўна талент Р. раскрыўся ў операх-буф, якія вылучаюцца дасціпнасцю, яскравасцю муз. характарыстык, тэмпераментнасцю і дэмакратычнасцю музыкі, адзінствам драм. і муз. развіцця: «Шаўковая лесвіца» (паст. 1812), «Італьянка ў Алжыры» (паст. 1813), «Севільскі цырульнік» (паст. 1816; ставілася ў Нац.акад. т-ры оперы Беларусі). У шэрагу опер-серыя, у т. л. «Майсей у Егіпце» (паст. 1818), «Магамет II» (паст. 1820), узмацніў ролю масавых хар. сцэн і ансамбляў, спрасціў вак. партыі, узбагаціў функцыі аркестра. Уздым патрыят. руху ў Італіі найб. выразна адлюстраваны ў героіка-рамант. оперы «Вільгельм Тэль» (паст. 1829). Сярод інш. твораў опера-серыя «Сарока-зладзейка», муз. камедыя «Папялушка» (абедзве паст. ў 1817) і інш. Пісаў таксама царк. музыку, кантаты, гімны, камерна-вак. і інстр. творы.
расійскі архітэктар, прадстаўнік рус. барока сярэдзіны 18 ст. Па паходжанні італьянец. Сын Б.К.Растрэлі. У 1716 прыехаў з бацькам у Пецярбург. Вучыўся за мяжой, магчыма, у Італіі (паміж 1725—30). У 1730—63 прыдворны архітэктар. Раннія пабудовы блізкія рус. архітэктуры 1-й пал. 18 ст. (палацы Бірона ў Рундале, 1736—40, і Елгаве, 1738—40, абодва Латвія). Традыцыі архітэктуры еўрап. барока пераасэнсаваны Р. пад уплывам рус.нац.маст.культуры. Для пабудоў характэрны прасторавы размах арх. ансамбля, выкарыстанне званіц, купалаў, ганкаў, тонкіх калонак і інш.; расфарбоўка сцен, пазалота, расл. матывы ў дэкоры (Андрэеўская царква ў Кіеве, праект 1747, пабудавана ў 1748—67 арх. І.Мічурыным). У 1747—52 будаваў Вял. палац у Петрадварцы. Творы 1750—60-х г. набылі большую пластычнасць, рэльефнасць арх. форм, складаны рытм каланад, прасторавы размах у іх спалучаецца з выразнасцю аб’ёмаў, строгасцю планаў: Вял. (Кацярынінскі) палац у Пушкіне, палацы Варанцова (1749—57), Строганава (1752—54) у Пецярбургу і інш. Магутнасцю і веліччу вылучаюцца гар. ансамблі Смольнага манастыра і Зімняга палаца ў Пецярбургу.
Літ.:
Денисов Ю.М., Петров А.Н. Зодчий Растрелли. Л., 1963;
Овсянников Ю. Ф.Б.Растрелли. Л., 1982.
В.В.Растрэлі.В.Растрэлі. Андрэеўская царква ў Кіеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСЬ,
гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс.ж. (2000).
У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст. больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з-д, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.
Працуюць камбікормавы з-д, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЭ́ВІЧ ((Różewicz) Тадэвуш) (н. 9.10.1921, г. Радомска, Польшча),
польскі пісьменнік, драматург. Вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1945—49). Друкуецца з 1938. Аўтар паэт. кніг «Непакой» (1947), «Зялёная ружа» (1961), «Трэцяя асоба» (1968), паэм «Галасы» (1948), «У цэнтры жыцця» (1956), «Ахерон апоўдні» (1968), зб-каў апавяд. «Апала лісце з дрэў» (1955), «Перапынены экзамен» (1960), «Падрыхтоўка да аўтарскага вечара» (1971), аповесцей, у т. л. «Смерць у старых дэкарацыях» (1970), эсэ, нарысаў і інш.Найб. значныя яго п’есы: «Картатэка» (паст. 1960), «Група Лаакаона» (паст. 1962), «Сведкі» (паст. 1964), «Дзеянне, якое перапыняецца» (паст. 1978), «Пастка» (паст. 1984, пра Ф.Кафку). У творах тэмы вайны і фашызму, чалавека і грамадства, мастацтва як носьбіта гуманізму, узаемадачыненняў мастака і ўлады, культуры і цывілізацыі, крызісу духоўнасці. Рэаліст. паэзія адметная свядомым «антыэстэтызмам», празаізацыяй верша, вобразнай прадметнасцю, экспрэсіўнасцю, жывапіснасцю, багаццем сатыр. палітры. Зрабіў вял. ўплыў на польскіх пісьменнікаў т.зв. ўцалелага (ваеннага) пакалення. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.Танк, В.Дранчук, Ш.Раманчук, Я.Семяжон, апавяданні — Я.Брыль, П.Стафановіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1955, 1966.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦЫЯ (ад лац. natio племя, народ),
устойлівая этнасац. супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэр., звязаны агульным эканам. і сац.-паліт. жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гіст. развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Прадстаўнікі псіхал. тэорыі разглядаюць Н. як суб’ектыўнае пачуццё, жаданне і волю адвольнай групы людзей (Г.Кон, К.Іглтан, В.Сульбах) або як супольнасць людзей, звязаных агульнасцю іх характараў, гіст. памяццю і імкненнем жыць разам (О.Баўэр, Э.Рэнан). Паводле М.Вебера і П.А.Сарокіна, Н. — чалавечая супольнасць, якая аб’яднана агульнасцю мовы, рэлігіі, звычаяў або лёсу. Этатычныя тэорыі зыходзяць з таго, што Н. ўтвараюць людзі не абавязкова аднаго этн. паходжання, але якія адносяцца да дадзенай дзяржавы як да сваёй Бацькаўшчыны.
Сучасныя Н. зараджаліся і фарміраваліся з 15—17 ст. разам з развіццём і універсалізацыяй капіталіст. адносін. У выніку развіцця таварнай вытв-сці, гандлю, складвання рэгіянальных і агульнанац. рынкаў пераадольвалася былая адасобленасць насельніцтва, якое размаўляла на адной мове. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню агульнанац. культуры, фарміраванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. Нац. дзяржавы склаліся на аснове аб’яднання этн. груп (немцы, італьянцы) або іх вылучэння з поліэтн. імперый (Аўстра-Венгерская, Атаманская, Расійская). Некаторыя Н. ўзнікалі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія — шляхам аб’яднання ў Н. шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей (франц. і паўн.-амер. Н.). У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі працэс фарміравання Н. непасрэдна быў звязаны з працэсам распаду каланіяльнай сістэмы і ўтварэннем новых незалежных дзяржаў. У СССР і інш.сацыяліст. краінах Н. базіравалася на пэўнай сац.-класавай структуры і нац. складзе насельніцтва асобных рэгіёнаў і тэрыторый.
Бел. Н. сфарміравалася на аснове этн. і сац. супольнасці, папярэдняй феад. эпохі. Прыхільнікі старажытнарус. канцэпцыі генезісу і развіцця бел. Н. лічаць, што ёй папярэднічала бел. народнасць, якая разам з рус. і ўкр. узнікла на базе народнасці, што існавала ў Кіеўскай Русі. Існуе пункт погляду, паводле якога аснову бел. народнасці, што пазней кансалідавалася ў Н., складалі ўсх.-слав. плямёны (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) і асобныя групы зах.-слав. і балцкай этн. супольнасцей. Пэўны ўзровень гандл.-эканам. сувязей, моцнай дзярж.-тэр. інтэграцыі і ўсведамленне прыналежнасці да сваёй агульнай Бацькаўшчыны, якімі адрознівалася ўжо сфарміраваная бел. народнасць у перыяд Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, стварылі аб’ектыўныя перадумовы для паглыблення кансалідацыйных працэсаў і яе паступовага пераўтварэння ў Н. Пасля далучэння бел. зямель да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. працягваўся працэс кансалідацыі бел. народнасці і паступовага пераходу да новага этапу развіцця бел. этнасу ад народнасці да Н.; гэты працэс у пэўным сэнсе стрымліваўся адсутнасцю дзярж. аб’яднання на нац. тэрыторыі. Да канца 19 — пач. 20 ст. была канчаткова ліквідавана гасп. адасобленасць усіх абласцей Беларусі, сфарміраваўся мясц.нац. рынак, што прывяло да ўтварэння асн. прыкмет бел. Н. — адзінства эканам. жыцця, бел.літ. мовы, бел.нац. тэрыторыі, культуры. Аб’ектыўныя працэсы кансалідацыі бел. народнасці ў Н. арганічна ўвязваліся з неабходнасцю сац.-эканам. і дэмакр. пераўтварэнняў у грамадстве, барацьбой за дасягненне суверэнітэту, забеспячэнне права на самаст.паліт. і культ. развіццё. У 1918 была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. З уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР у 1939 была завершана тэр. кансалідацыя бел. Н. У 1993 створана суверэнная незалежная Рэспубліка Беларусь. Далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі бел. Н. адбываецца на аснове дэмакр. і нац.-культ. каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гіст.-культ. спадчыны, дасягненняў інш. культур і народаў, забеспячэння свабоднага развіцця бел. дзяржавы як раўнапраўнага члена еўрап. і агульначалавечай супольнасці. Гл. таксама Беларусь, Беларусы.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 1—3. Варшава;
Пг., 1903—22;
Яго ж. Беларускі народ і яго мова. Мн., 1920;
Цвікевіч А. Адраджэньне Беларусі і Польшча. Мн.;
Вільня;
Берлін, 1921;
Ленін У.І. Аб праве нацый на самавызначэнне // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. М., 1983;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст.арт.Мн.. 1994;
Уайт Ф.Л. Што ёсьць нацыянальнасьць?: Пер. з англ. // Бел.гіст. агляд. 1994. Т. 1, сш. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спа́дчына, ‑ы, ж.
1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну.Машара.Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў.Танк.//перан.Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры.Лобан./ Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага.Панчанка.З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну.Нядзведскі.//Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам.«Помнікі».[М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай.Гілевіч.
2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу.«Звязда».Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца.Суднік.Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну.Лойка.
3.Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕРМАНІ́СТЫКА,
1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.
2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.
3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.
Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).
На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.М.Перцаў, У.І.Пічэта, Е.І.Рыўлін, Я.Фейгельсон, М.А.Канаплін, С.Я.Вальфсон, У.Герчыкаў, А.Самахвалаў і інш. Пасля Вял.Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.М.Шнеерсона, Г.М.Трухнова, Д.С.Клімоўскага, Г.А.Космача, В.А.Космача, П.А.Шупляка, М.Г.Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.С.Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.І.Копанеў, Г.А.Мятлюк, Ю.Г.Панкрац, Г.П.Кліменка, Дз.Г.Багушэвіч, а таксама А.М.Гарлатаў, Е.В.Зарыцкая, А.А.Мірскі, Е.В.Каранеўская, Т.В.Паплаўская, А.П.Дзеўкіна, І.І.Токарава, Л.М.Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац.АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш.ВНУ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́Л (франц. idéal ад грэч. idea ідэя, паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая азначае ўзоры і ўяўленні пра дасканалыя грамадскія сістэмы, абсалютную гармонію, справядлівасць і прыгажосць, найвышэйшую мэту імкненняў і дзейнасці. Адпаведна гэтаму адрозніваюцца ідэальныя аб’екты або мадэлі навукі (паняцце ідэальнага), грамадска-паліт., этычныя І. і ідэалы эстэтычныя. Суадносіцца з каштоўнасцямі, якія даследуюцца аксіялогіяй і сацыялогіяй. Паводле структуры І. ўяўляюць сабой дыялектычна супярэчлівае адзінства аб’ектыўнага быцця і яго суб’ектыўнай ацэнкі.
У грэка-рымскай антычнасці гуманіст. І. людской асобы ўзнік як адзінства фіз. дасканаласці і маральных паводзін, асабістых і грамадскіх інтарэсаў. У хрысц. цывілізацыі абс. І. зададзены вучэннем пра боскую Тройцу, зямное ўвасабленне Бога-сына (Ісуса Хрыста), Багародзіцу, апосталаў, святых і пакутнікаў за хрысц. ідэю. Уяўленні пра дасканалае жыццё дыферэнцыраваліся на І. манаха, рыцара, добрага сеньёра, а ў эпоху Адраджэння яшчэ і дасканалага рамесніка, мастака, вучонага. У працэсе антыфеад. руху фарміраваўся таксама І. сялянскага царства, эталонамі якога паслужылі раннехрысц. камунізм, сямейная, пазней сельская абшчына. Тэорыя І. сфармулявана ў ням. класічнай філасофіі (І.Кант, І.Фіхтэ, Г.Гегель), паводле якой у сваёй паўнаце І. недасягальныя ў эмпірычнай рэальнасці, аднак у якасці духоўных каштоўнасцей служаць для яе ацэнкі, пазнання і ўдасканалення. У 19—20 ст. моцны ўплыў на грамадскую свядомасць, сац. практыку і палітыку зрабіў І. камуніст. грамадства (утапічны сацыялізм, навук. камунізм). У СССР і інш.сацыяліст. краінах ажыццяўленне камуніст. І. непасрэдна звязвалася з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на асн. сродкі вытворчасці, пабудовай бяскласавага грамадства, усталяваннем прынцыпаў справядлівасці і роўнасці людзей.
У хрысц.культуры і асветніцтве сярэдневяковай Беларусі (10—12 ст.) ярка выявіліся І. боскай мудрасці (сімволіка Сафійскага сабора) і грамадскай згоды (асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, рэліг. паэзія, гераічная паэма «Слова аб палку Ігаравым»), Яны засталіся актуальнымі ў эпоху Адраджэння поруч з гуманіст. 1. асветніка, вучонага, будаўніка хрысц. міру, дзяржавы (асветніцтва і творчасць Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага, а таксама Статуты ВКЛ). Узмацненне нац., сац., канфесійных супярэчнасцей у 18—19 ст. мелі сваім вынікам палярызацыю грамадскіх І., падзел іх па саслоўна-класавых, ідэалагічных і рэліг. прыкметах. Фальклор, іншыя віды этн.культуры яскрава выявілі нар. І. адхілення эліты («панства») ад улады, стварэння «сялянскага царства», уяўнага працоўнага зямнога раю. У асяроддзі нар. інтэлігенцыі дамінуючым стаў нац.-адраджэнцкі І., сфармуляваны ў новай бел. л-ры і тэарэтычна распрацаваны Ф.Багушэвічам, М.Багдановічам, І.Канчэўскім, А.Станкевічам і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі, у выніку дапушчаных памылак і скажэнняў сацыяліст. ідэі, спрадвечныя нар. І. пра справядлівае грамадства, працоўны «рай» на зямлі выкарыстоўваліся для апраўдання курсу на хуткае завяршэнне буд-ва камунізму ў СССР і яго ўсталяванне ў сусв. маштабе. Сац.-паліт. І. сучаснага бел. грамадства з’яўляецца пабудова дэмакр. прававой дзяржавы, стварэнне ўмоў для свабоднага і ўсебаковага развіцця асобы, годнага ўваходжання краіны ў еўрапейскую і агульначалавечую супольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.
На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 82,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Лунінец. Уваходзяць рабочы пас.Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.
Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб.меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс.га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 91,5 тыс.га, з іх асушаных 63,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в.Вял. Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТСЕРА́Т (Montserrat),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі. Займае аднайм. востраў у групе М. Антыльскіх а-воў. Пл. 100 км². Нас. 12,8 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — англійская. Адм. ц. — г. Плімут. Краіна падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — Дзень нараджэння брыт. каралевы (другая субота чэрвеня).
Прырода. Востраў вулканічнага паходжання, гарысты. Выш. да 915 м (пік Чанс). Бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні (буйное вывяржэнне вулкана Суфрыер адбылося ў 1996). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры паветра 23—28 °C. Ападкаў 1500 мм за год. Найб. іх выпадае ў вер.—ліст., найменш — у сак.—чэрвені. На схілах гор сярэдневільготныя трапічныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі.
Насельніцтва. Пераважаюць негры і мулаты. Жывуць невял. групы англічан і амерыканцаў. Сярод вернікаў англікане, метадысты, католікі і прадстаўнікі інш. галін хрысціянства. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы (шчыльн. каля 300 чал. на 1 км²). Сярэднегадавы прырост 0,23%. У адзіным горадзе Плімут жыве каля 3 тыс.ж. (1997). У прам-сці і буд-ве занята 24% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 9%, астатнія — у абслуговых галінах (пераважна турызм).
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. З 1632 каланізаваны англічанамі і ірландцамі. У 17—18 ст. за валоданне ім сапернічалі Англія і Францыя, з 1783 уладанне Вялікабрытаніі. З 1871 у складзе калоніі Падветраныя астравы, з 1958 у Вест-Індскай федэрацыі. З 1960 мае ўнутр. самакіраванне, з 1971 — губернатара. М. — чл. Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў і Рэгіянальнай сістэмы бяспекі.
Гаспадарка. У эканоміцы гал. ролю адыгрывае замежны турызм (больш за палавіну даходаў краіны — каля 10 млн.дол.); прам-сць дае 18%, сельская гаспадарка — 5%. Краіну штогод наведвае больш за 40 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па зборцы вырабаў электронікі і электратэхнікі, па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (ачыстка бавоўны, вытв-сць фруктовых сокаў і кансерваў), па выпуску тканін, пластмасавых вырабаў, харч. прадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі 15 млн.кВт∙гадз (1995). Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 3 тыс.га, з іх пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 2 тыс.га, пад пашай 1 тыс.га. Асн.культуры: лайм (цытрусавая расліна), лімоны, манга, авакада, бананы, какосавая пальма. З гародніны вырошчваюць перац, памідоры, кабачкі, моркву, агуркі, цыбулю. Гал. экспартныя культуры: кветкі і жывыя расліны (вывозяць у ЗША і Еўропу), бавоўна і цукр. трыснёг. Жывёлагадоўля развіта менш. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 3,5, свіней — 1, авечак і коз — 10. Птушкагадоўля. Нарыхтоўка драўніны. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На М. 269 км аўтадарог, з іх 203 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнегандл. сувязі праз адзіны порт Плімут. На востраве міжнар. аэрапорт. У 1995 экспарт склаў 12,1 млн.дол., імпарт — 29,9 млн.дол. У экспарце пераважаюць электронныя кампаненты, вырабы з пластмас, адзенне, вострыя прыправы; у імпарце — прамысл. і харч. прадукты, паліва. Гал.гандл. партнёр ЗША. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва. гаспадарка).