МАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. magnētis магніт),

сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівай формай узаемадзеяння паміж эл. токамі, токамі і магнітамі (целамі з магнітным момантам) і паміж магнітамі; раздзел фізікі, які вывучае гэтае ўзаемадзеянне і ўласцівасці рэчываў (магнетыкаў), у якіх яно праяўляецца.

Магн. ўзаемадзеянне цел перадаецца праз магнітнае поле, якое з’яўляецца адной з форм існавання электрамагнітнага поля. Нягледзячы на непарыўную сувязь паміж эл. і магн. з’явамі, магн. з’явы прынцыпова адрозніваюцца ад электрычных з-за адсутнасці ў прыродзе адасобленых магн. полюсаў (магн. зарадаў; гл. Манаполь магнітны). Крыніца эл. поля — эл. зарад, магн. поля — рухомы эл. зарад (электрычны ток), пераменнае (віхравое) эл. поле або элементарныя часціцы з адметным ад нуля ўласным магн. момантам. М. атамаў, малекул і макраскапічных цел вызначаецца ў канчатковым выніку М. элементарных часціц (у асн. магн. момантам электронаў). У залежнасці ад характару ўзаемадзеяння часціц-носьбітаў магн. моманту адрозніваюць М. рэчываў з атамным магн. парадкам (ферамагнетызм, ферымагнетызм, антыферамагнетызм) і М. слабаўзаемадзейных часціц (парамагнетызм, дыямагнетызм). Магн. ўласцівасці рэчываў, макраскапічныя праяўленні іх М. тлумачацца на аснове законаў квантавай механікі, разглядаюцца ў рамках тэорыі эл.-магн. поля, тэрмадынамікі і статыстычнай фізікі. М. праяўляецца ва ўсіх фізіка-хім. працэсах, што адбываюцца ў рэчыве. Магн. палі ёсць у зорак, Сонца, некат. планет Сонечнай сістэмы, у касм. прасторы. Яны ўплываюць на рух зараджаных часціц, вызначаюць многія астрафіз. і геамагн. з’явы (сонечныя ўспышкі, зямныя магн. буры і г.д.). Магн. ўласцівасці рэчываў шырока выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, вылічальнай тэхніцы і тэлемеханіцы, аўтаматыцы, прыладабудаванні, марской і касм. навігацыі і інш.

З’ява М. вядома са старажытнасці. З 12 ст. ў Еўропе пачаў шырока выкарыстоўвацца магн. компас. Вучэнне пра М. развівалі У.Гільберт, Р.Дэкарт, Ф.Эпінуе, Ш.Кулон. У 1820 Х.К.Эрстэд адкрыў магн. поле эл. току, А.М.Ампер устанавіў законы магн. ўзаемадзеяння токаў. У 1830-я г. К.Гаўс і В.Вебер развілі матэм. тэорыю геамагнетызму (гл. Зямны магнетызм). Грунтоўную трактоўку з’яў М. на аснове ўяўленняў аб рэальнасці эл.-магн. поля даў М.Фарадэй, які ў 1831 адкрыў электрамагнітную індукцыю. У 1872 Дж.Максвел стварыў агульную тэорыю эл.-магн. з’яў (гл. Максвела ўраўненні). Уласцівасці фера- і парамагнетыкаў вывучалі А.Р.Сталетаў (1872) і П.Кюры (1895). У 1905 П.Ланжэвэн пабудаваў тэорыю дыямагнетызму, у 1925 С.​Гаўдсміт і Дж.​Уленбек адкрылі спін і М. электрона. У 1930-я г. пабудавана квантавамех. тэорыя магн. уласцівасцей свабодных электронаў (В.Паўлі, Л.Д.Ландау). Развіццё фізікі магн. з’яў прывяло да сінтэзавання новых магнітных матэрыялаў (ферытаў для ВЧ- і ЗВЧ-прыстасаванняў, высокакаэрцытыўных злучэнняў, празрыстых ферамагнетыкаў і інш.).

На Беларусі даследаванні па фізіцы магн. з’яў праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;

Маттис Д. Теория магнетизма: Введение в изучение кооперативных явлений: Пер. с англ. М., 1967;

Браун У.Ф. Микромагнетизм: Пер. с англ. М., 1979.

А.​І.​Болсун, У.​М.​Сацута.

т. 9, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы. Шамякін. // перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку. Карпюк.

2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Сабаленка. // Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай. Хомчанка. // Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее... Нікановіч. // Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.

3. перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце. Юрэвіч.

•••

Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.

Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.

Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сок, ‑у, м.

1. Вадкасць, якая знаходзіцца ў клетках, тканках і поласцях раслінных і жывёльных арганізмаў. Кляновы сок. Страўнікавы сок. □ А дзядзька ўперадзе тралюе І галаву ўгару ўскідае, Бярозу добрую шукае З салодкім сокам, баравую. Колас. А ён [яблык] крохкі такі, ажно свеціцца ў ім Сок ды шастаюць ціха зярняты. Бялевіч. Зацвітуць сады ў калгасе, Паляцяць зноў пчолы з пасек Па салодкі сок... Кірэенка. // Напітак з вадкасці, якая выціскаецца з ягад, фруктаў, гародніны. Журавінавы сок. Яблычны сок. Фруктова-ягадныя солі.

2. Вільгаць і пажыўныя рэчывы, якія знаходзяцца ў глебе і ўсмоктваюцца раслінамі. Ярына высмоктвае каштоўныя сокі перагною і добра расце. Кулакоўскі. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі, Рокат рэк гаваркіх, Буйства сокаў зямных, Вечна юнага часу Ўрачыстая песня. Звонак.

3. перан. Разм. Пра лепшых прадстаўнікоў грамадства. Бо вы — кроў з майго цела, Бо вы — узор чалавека... Людзі справы наспелай, Сок дваццатага веку. Таўбін. // Асноўнае, лепшае, галоўнае ў чым‑н. К. Чорны стараўся, каб літаратурная, кніжная мова не губляла сокаў жывой, бытавой мовы. Адамовіч.

•••

Млечны сок — вадкасць у сцёблах, лісці і каранях некаторых раслін (служыць сыравінай для атрымання каўчуку, гутаперчы, опіуму).

Варыцца ў сваім (уласным) саку гл. варыцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сокі гл. высмактаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

У (самым) саку — у росквіце фізічных сіл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нца, ‑а, н.

1. Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло. Вярчэнне Зямлі вакол Сонца. □ Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Колас. Вызначаючы кароткі начны шлях.. летняга сонца, на поўначы святлела паласа .. зары. Брыль. Стала душна, як толькі ўзышло сонца. Самуйлёнак.

2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам. Загараць на сонцы. Сушыць на сонцы. □ Уся вуліца была заліта першым сонцам. Чорны. Маёр.. з асалодай падстаўляе сонцу мускулістыя рукі і грудзі. Брыль. Прыжмурыўшыся ад яркага паўдзённага сонца, Васіль зірнуў на неба. Якімовіч. // Пра сонечнае надвор’е. Заўтра будзе сонца і вецер. Бядуля.

3. перан. Пра што‑н., што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго‑, чаго‑н. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Украіна і Беларусь, як і ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, расквітнелі пад сонцам новага жыцця, народжанага рэвалюцыяй. Бярозкін. // Пра таго, хто з’яўляецца прадметам пакланення, захаплення. І ўжо з Сімбірска крочыў чалавек Насустрач сонцу, каб ярчэй заззяла. І сам ён сонцам стаў для нас навек, Нам імя Ленін Самым родным стала. Прыходзька.

4. Цэнтральная планета іншых планетных сістэм.

5. Пэўны пакрой спадніцы.

6. Гімнастычнае практыкаванне на турніку.

•••

Да сонца, з сонцам (устаць, падняцца і пад.) — да ўсходу сонца, да святла; вельмі рана.

Месца пад сонцам гл. месца.

Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы шлях па месцазнаходжанню сонца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́сці, спаду, спадзеш, спадзе; спадзём, спадзяце, спадуць; пр. спаў, спала; зак.

1. Упасці ўніз, адарваўшыся, аддзяліўшыся ад чаго‑н. І лес, што мроіў па-над рэчкай, Якоча, крышыцца, гудзе, То тут, то там вяршок спадзе. Колас. Нораў сваіх штаноў .. [Грышка] добра ведае: калі моцна бяжыш і не трымаеш іх — абавязкова спадуць. Якімовіч. // Апасці (пра лісце, кветкі і пад.). З каштана спалі ўсе лісты.

2. Панізіцца ва ўзроўні, пайсці на спад (пра ваду, вадаём). Вада ў .. [сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр. Паводка на Данцы спала. Няхай. // Меншаючы, прапасці, знікнуць (пра пухліну, ацёк і пад.). Спала пухліна на нагах, сцішыўся пакутлівы боль у кісцях і пальцах рук. Гарбук. // Высахнуўшы, знікнуць (пра расу). [Ракіцкі:] — Не, спачатку пойдзем паснедаем. Я ўжо, пакуль спала раса, добра намахаўся касой. Прокша.

3. Зменшыцца ў сіле праяўлення; аслабець. Гарачыня спала толькі пад вечар. Пташнікаў. І якой жа была .. радасць [доктара], калі назаўтра раніцай тэмпература спала. Якімовіч. За мастком тэмп работы спаў — тут быў цяжкі грунт, спрэс з каменнем. Мікуліч. // перан. Прайсці, знікнуць (пра пачуццё, стан і пад.). Да .. [жонкі] .. [Ходас] прыйшоў, счакаўшы, пакуль спадзе, адхлыне яе злосць. Адамчык. [Свідэрскі:] — Не ганарыся, твой гонар спадзе. Глебка.

•••

Гара з плячэй спала — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Карона з галавы не спадзе гл. карона.

Спала заслона гл. заслона.

Спасці з цела (твару) — схуднець.

Цяжар з душы спадзе гл. цяжар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

член, ‑а, м.

1. Частка цела чалавека або жывёлы (пераважна пра канечнасці). // Пра мужчынскі палавы орган.

2. Спец. Састаўная частка, адзін з кампанентаў цэлага. Член сказа. Член прапорцыі.

3. Асоба, што ўваходзіць у склад якой‑н. групы, аб’яднання, арганізацыі, таварыства і пад. [Нічыпар:] — Горш за ўсё вось што, таварыш Нявідны: на вобыску ў часе арышту нашага сакратара забралі дакумент — спісак членаў замосцінскай падпольнай арганізацыі. Колас. Кожны з членаў брыгады будзе змагацца за тое, каб штодзённа выконваць зменныя заданні на сто пяцьдзесят пяць працэнтаў. Кулакоўскі. Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў. Ганскі адчуваў, што як член сельсавета, павінен тут нешта зрабіць. Крапіва.

4. Спец. Асобая часціца, якая ў некаторых мовах стаіць пры назоўніках; артыкль. Азначальны член (der, die, das — у нямецкай мове). Неазначальны член (ein, eine — у нямецкай мове).

•••

Аднародныя члены сказа — члены сказа, якія выконваюць у сказе аднолькавую сінтаксічную функцыю.

Галоўны член сказа — незалежны член сказа — дзённік або выказнік.

Даданыя члены сказа — члены сказа, якія паясняюць і дапаўняюць галоўныя члены сказа.

Кандыдат у члены КПСС (партыі) гл. кандыдат.

Правадзейны член — вышэйшае выбарнае акадэмічнае званне, якое надаецца вучоным або дзеячам мастацтва за буйны ўклад у навуку і культуру.

Член-карэспандэнт — акадэмічнае званне вучоных або дзеячаў мастацтва, выбраных агульным сходам якой‑н. акадэміі ў яе склад без права рашаючага голасу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЭКА́РТ ((Descartes) Рэнэ) (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),

французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш. Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.​Лока, Ж.​Ламетры, І.​Канта, Б.​Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.​Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.

На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.

С.​Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.​Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.​Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.​Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.​Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Літ.:

Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;

Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;

Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;

Тез. докл. Мн., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Р.Дэкарт.

т. 6, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,

частка агульнага ўзбраення воінаў, баявое пакрыццё, прызначанае для аховы розных частак цела ад наступальнай зброі праціўніка. Прымітыўныя ўзоры З.ў. (шчыты, скураныя паясы і шапкі) вядомы з глыбокай старажытнасці. У арміях Стараж. Усходу карысталіся скуранымі і набранымі з пласцін металічнымі панцырамі, шлемамі (вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Шумеры). У Стараж. Грэцыі з 14 ст. да н.э. выраблялі суцэльнакаваныя даспехі, якія часта паўтаралі форму торса. Каля 5 ст. да н.э. кельты (галы) вынайшлі кальчугу, якая хутка пашыралася на У і З Еўропы, дзе была асн. відам даспеха ў раннім і сталым сярэдневякоўі. З.ў. дружыннікаў на Беларусі ў 10—14 ст. складалася са шчыта, кальчужнага ці набранага з пласцін панцыра і шлема, да якога маглі мацавацца барміца і лічына, што засцерагалі карак, шыю і твар воіна. На мяжы 14—15 ст. суцэльнакаваныя даспехі, сфарміраваныя ў Еўропе ў 1230—1410, якія закрывалі воіна з ног да галавы. У камплекце з імі ўжываліся шлемы больш дасканалых форм — капаліны, салады ці прылбіцы. Акрамя суцэльнакаваных даспехаў на Беларусі ў 15—16 ст. выкарыстоўвалі традыцыйныя кальчужныя і пласцінкавыя панцыры, а таксама неметалічныя віды З.ў. — цягіляі, ватаваныя зіпуны і кафтаны. З сярэдзіны 16 ст. ў сувязі з пашырэннем агнястрэльнай зброі поўныя рыцарскія даспехі паступова страцілі сваё значэнне. Замест іх пачалі карыстацца паўдаспехам у камплекце з аблегчанымі тыпамі шлемаў — штурмгабам, капалінам, шышаком. На Беларусі побач з імі выкарыстоўваўся кальчужны панцыр з лёгкім шлемам-місюркай. У 18 ст. значэнне З.ў. рэзка зменшылася, аднак у выглядзе кірасы і каскі яно выкарыстоўвалася некат. аддзеламі цяжкай кавалерыі (кірасіры) да пач. 20 ст. У пяхоце, сілах спец. прызначэння і паліцэйскіх фарміраваннях 20 ст. З.ў. складаецца з касак, шлемаў, бронекамізэлек, шчытоў.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. З. Л., 1971;

Яго ж. Военное дело на Руси в XIII—XV вв. Л., 1976;

Бохан Ю. М. Пласцінкавыя даспехі ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—XVI ст. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1996. № 4;

Яго ж. Баявыя нагалоўі ў Нялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1996. № 10;

Яго ж. Пласцінавы даспех у Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV—канцы XVI ст. // Там жа. 1997. № 11;

Żygulski Z. Broń w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Blizkiego Wschodu. 2 wyd. Warszawa, 1982.

Ю.​М.​Бохан.

Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. Поўны гатычны даспех з закрытым шлемам-прылбіцай: 1 — грэбень; 2 — звон; 3 — зрокавая шчыліна (віздра візура*); 4 — заслона; 5 — палічка; 6 — падбароднік; 7 — шчыток; 8 — абойчык; 9 — гак (крук для мацавання кап’я); 10 і 11 — кіраса (нагруднік і наспіннік); 12 і 13 — спаднічка (фартух і ахова паясніцы); 14 — ташка; 15 — наруч; 16 — наплечнік; 17 — апаха; 18 — налакотнік; 19 — крыльца налакотніка; 20 — зарукаўе; 21 — рукавіца; 22 — поўная засцярога нагі; 23 — набедранік; 24 — накаленнік; 25 — нагалёначнік; 26 — чаравік.
Да арт. Засцерагальнае ўзбраенне. «Максімілянаўскія» даспехі на рыцара і каня. 1-я чвэрць 16 ст. (асобныя часткі са збраёўні Радзівілаў у Нясвіжы).

т. 7, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),

адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц. філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш. філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б. правасл. і стараж. усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл. Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

А.​А.​Цітавец.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)