электрафа́кс

(ад электра- + лац. fax = святло, полымя)

электрафатаграфічны спосаб капіравання і друку, пры якім праяўленае адлюстраванне замацоўваецца непасрэдна на фотапаўправадніковым слоі, нанесеным на паперу, цынк і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эсплана́да

(фр. esplanade)

1) незабудаванае месца паміж крапаснымі сценамі і гарадскімі збудаваннямі;

2) плошча, участак зямлі перад якім-н. вялікім будынкам;

3) шырокая вуліца з алеямі пасярэдзіне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аку́стыка

(гр. akustikos = слыхавы)

1) раздзел фізікі, які вывучае гукавыя з’явы;

2) чутнасць гукаў (музыкі, гутаркі і інш.) у якім-н. памяшканні (напр. а. канцэртнай залы).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

атэрасклеро́з

(ад гр. athere = кашка + sklerosis = зацвярджэнне)

захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы, пры якім у артэрыях адкладваецца халестэрын і разрастаецца злучальная тканка, што пагаршае забеспячэнне крывёй органаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ды́лінг

(англ. dealing)

памяшканне, у якім супpaцоўнікі банка або кампаніі (дылеры) ажыццяўляюць здзелкі з валютай, дэпазітамі, каштоўнымі паперамі, золатам з дапамогай тэлефонаў, факсаў і іншай тэхнікі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

патэ́нт

(лац. patens, -ntis = адкрыты, яўны)

1) дакумент, у якім засведчана права вынаходніка на яго вынаходства;

2) пасведчанне на права займацца пэўнай дзейнасцю (напр. гандлем, промыслам).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ха́ртыя

(гр. chartion, ад chartes = папера, грамата)

1) старадаўні рукапіс, а таксама матэрыял (папірус або пергамент), на якім ён напісаны;

2) дакумент важнага грамадска-палітычнага значэння.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Рэ́хва ’жалезны абруч, які наганяецца на драўляную калодку кола’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Нас., Скарбы, Сцяц., Шат.), ры́хва ’тс’ (Нар. словатв.), ’жалезны абруч; шайба, якая закручваецца на канцы восі; кольца, якім змацоўваюць часткі ў прыладах працы’ (Сл. ПЗБ), ’кольца, якім прымацоўваецца каса да касся’ (Сцяшк. МГ, Янк. Мат.), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце; невялікі жалезны абруч, які надзяецца на слуп і на вароты, каб іх зачыніць’ (Шатал.), рэ́хвіна ’рэхва’ (ушац., Нар. лекс.), рэ́квачка ’металічнае кольца якое прымацоўвае касу да касся’ (ЖНС), ’кольца (на грабільне)’ (Сцяц.), рэ́квачка ’жалезная пятля прымацоўваць аглоблі да саней’ (Сцяшк. Сл.), ра́хва, ри́хва, ра́фы ’тс’ (Маслен.); сюды ж рэ́хва ’дурань’ (Жд. 3, Сцяц.). Ст.-бел. рефа (рефъ, рехва, рыфа) ’вобад’ < ст.-польск. refa, ryfa ’тс’ < ням. Reif ’вобад, абруч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120). Формы ори́хва, горе́хва, орехоўкі ’тс’ (Маслен.) паўсталі з несвядомага імкнення адаптаваць, зрабіць зразумелым чужое слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЗА (Pisa),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна, у вобл. Таскана. Адм. цэнтр прав. Піза. Каля 120 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Злучаны суднаходным каналам з портам Ліворна. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, шкляная, керамічная, тэкст., гарбарна-абутковая. Ун-т (з 1343), у якім вучыўся Г.​Галілей. Нац. музей Сан-Матэа.

У старажытнасці горад этрускаў, з 180 да н.э. рым. калонія. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 9—11 ст. буйны гандл. цэнтр. У пач. 11 ст. жыхары П. вялі паспяховую барацьбу з арабамі, авалодалі Корсікай і Сардзініяй, удзельнічалі ў 1-м крыжовым паходзе (1096—99), атрымалі вял. прывілеі на Усходзе, мелі факторыі ў Сірыі, Палесціне і Канстанцінопалі. Паспяховы паход у 1113—14 супраць араб. панавання на Балеарскіх а-вах забяспечыў П. ўплыў у Зах. Міжземнамор’і. Канкурэнцыя Генуі і Венецыі, разгром генуэзцамі пізанскага флоту (1284) прывялі да заняпаду ў П. марскога гандлю, да страты Сардзініі. У сярэдзіне 11 ст. ў П. консульскае праўленне, у сярэдзіне 12 ст. камуна, у 14 п. ўсталявана тыранія. У 1406 П. заваявана Фларэнцыяй. З 1569 у складзе Вял. герцагства Тасканскага, разам з якім у 1861 увайшла ў аб’яднанае Італьян. каралеўства.

Ад рым. часоў захаваліся рэшткі тэрмаў (2 ст. н.э.), амфітэатра, форума. Раманскія пабудовы ў П. паўплывалі на развіццё сярэдневяковага дойлідства Італіі. Яны адметныя багатай пластыкай фасадаў, ажурнасцю арх. дэкору (шмат’ярусныя аркатуры), арыгінальнай колеравай кампазіцыяй (чаргаванне белага і чорнага мармуру): ансамбль саборнай плошчы («Плошчы цудаў») з саборам (1063—1160, 5-нефавая базіліка, у інтэр’еры амбон работы Дж.​Пізана); кампаніла, ці т. зв. «Падаючая вежа» (1174—1372); баптыстэрый (пачаты ў 1153, скульпт. вонкавы дэкор і амбон — Н.​Пізана); крытыя могілкі Кампасанта (з 1278 арх. Дж. ды Сімоне). Сярод інш. помнікаў: касцёл Сан-Паала а Рыпа д’Арна (1148), Палацца дэі Кавальеры (перабудова, 1562), касцёл Сан-Стэфана дэі Кавальеры (1565—69. абодва арх. Дж.​Вазары). Нац. музей Сан-Матэа (тасканскі жывапіс і скульптура 12—15 ст.). Ансамбль саборнай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Піза. Ансамбль саборнай плошчы.

т. 12, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)