ЛА́ПА (Іван Іванавіч) (1869—23.12.1944),

расійскі гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1912). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). Праф. Юр’еўскага (Тартускага; 1905—19), Каўнаскага (1933—40), Віленскага (1941) ун-таў. У 1921—33 жыў у Празе. Даследаваў пераважна гісторыю ВКЛ 16 ст. Выдаў «Полацкую рэвізію 1552 г.» (1905), 2 тамы Метрыкі ВКЛ, або «Літоўскай метрыкі» («Русская историческая библиотека», т. 27, 1910; т. 30, 1914). Яго працы напісаны ў тыповым для прадстаўніка дзярж. школы гіст.-юрыд. духу, каштоўныя багатым фактычным матэрыялам.

Тв.: Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586): Опыт исслед. полит. и обществ. строя. Т. 1. СПб., 1901; Литовский статут в Московском переводе-редакции. Юрьев, 1916; Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Ист. очерки. Прага, 1924; Идея единства русского народа в Юго-Западной Руси в эпоху присоединения Малороссии к Московскому государству. Прага, 1929; Литовский статут 1588 г. Т. 1—2. Каунас, 1934—38.

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 9, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПАТО́ (Георгій Паўлавіч) (н. 23.8.1924, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1995), чл.-кар. Рас. АН (1979). Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1952). З 1959 на Мінскім з-дзе ЭВМ. У 1969—72 дырэктар Мінскага філіяла Н.-д. цэнтра электроннай выліч. тэхнікі. З 1972 у НДІ ЭВМ (у 1972—87 дырэктар), адначасова ў Мінскім радыётэхнічным ін-це. У 1992—95 дырэктар навук.-інж. цэнтра «Нейракамп’ютэр», з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Навук. працы па распрацоўцы і вытв-сці ЭВМ сям’і «Мінск», ЭВМ Адзінай сістэмы, выліч. комплексаў, сістэм і сетак, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-1», шматмашынных сістэм «Мінск-222», сістэмы калект. карыстання «Нарач», шэрагу рухомых (бартавых ЭВМ), спец. выліч. комплексаў. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Вычислительная техника в Белоруссии // Информационные технологии и вычислительные системы. 1997. № 1.

М.П.Савік.

Г.П.Лапато.

т. 9, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ХВІЧ (Фёдар Адамавіч) (н. 12.4.1945, в. Грабава Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне арган. і біяарган. хіміі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р хім. н. (1987), праф. (1991). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це арган. хіміі АН СССР. З 1971 у Ін-це фіз.-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі (у 1981—89 нам. дырэктара), з 1997 гал. вучоны сакратар Нац. АН Беларусі. Навук. працы па хіміі стэроідаў, простагландзінаў і інш. нізкамалекулярных біярэгулятараў, па стварэнні хіміка-біял. сродкаў аховы раслін (біярацыянальных пестыцыдаў) на аснове фіта- і інсектагармонаў. Прапанаваў тэарэтычна і эксперыментальна абгрунтаваную метадалогію поўнага сінтэзу і мадыфікацыі прыродных біярэгулятараў рознай хім. структуры. Сінтэзаваў шэраг злучэнняў з высокай біял. актыўнасцю, у т. л. супрацьзапаленчыя, імунатропныя, цытапратэктарныя, супрацьпухлінныя рэчывы. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Гетеропростаноиды: синтез и биол. активность (разам з Ф.С.Пашкоўскім, А.В.Каралёвай) // Успехи химии. 1992. Т. 61, № 2;

Брассиностероиды. Мн., 1993 (разам з У.А.Хрьшачом, У.М.Жабінскім).

Ф.А.Лахвіч.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр. Лебедзеў) Васіль Іванавіч

(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),

расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял. Айч. вайны. Выдаў паэт. зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, А.Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избранное. М., 1984;

Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.

т. 9, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,

традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах. краін падзел на «Л.» і «п.».

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МЕШАЎ (Сяргей Якаўлевіч) (10.7. 1902, в. Старое Князева Цвярской вобл., Расія — 26.6.1977),

расійскі спявак (лірычны тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рус. вак. школы. Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1925). У 1931—65 саліст Вял. т-ра. У 1959—61 маст. кіраўнік Опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў прыгожым голасам мяккага светлага тэмбру. Яго творчасць адметная шчырасцю і яскравай эмацыянальнасцю, тонкім адчуваннем стылю, стараннай апрацоўкай вобраза. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага; адзін з лепшых выканаўцаў), Фра-Д’ябала (аднайм. опера Ф.Абера), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Берандзей («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно), Сін Бі У («Мікіта Вяршынін» Дз.Кабалеўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камернай вак. лірыкі, выканаўца рус. і ўкр. нар. песень. Выступаў як оперны рэжысёр; сярод пастановак «Вертэр» Ж.Маснэ (1957). Здымаўся ў кіно. Аўтар кн. «Шлях да мастацтва» (1968). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

С.Я.Лемешев: Из биогр. зап.;

Статьи. Беседы. Письма. М., 1987.

С.Я.Лемешаў.

т. 9, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКАЯ (Вольга Васілеўна) (н. 28.9.1916, Кіеў),

расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1951). Чл.-кар. Берлінскай АМ (1970). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1933). У 1933—63 салістка Вял. т-ра. З 1963 выкладае ў оперна-балетных т-рах Еўропы і інш. Яе выкананне вызначалася іскрамётнай тэхнікай, віртуознасцю, сцэн. тэмпераментам, эмац. насычанасцю. Сярод лепшых партый: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Ліза («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жанна, Ліза Мурамская («Полымя Парыжа», «Паненка-сялянка» Б.Асаф’ева), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Тао Хоа, Параша («Чырвоны мак», «Медны коннік» Р.Гліэра), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Асоль («Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага) і інш. Прэзідэнт Рас. харэаграфічнай асацыяцыі (з 1991). Старшыня Аргкамітэта Маскоўскіх міжнар. конкурсаў артыстаў балета (1973, 1977, 1981, 1985, 1989), журы 1-га Маскоўскага міжнар. незалежнага конкурсу маладых артыстаў балета імя С.П.Дзягілева (1992). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950.

Літ.:

Илупина А. О.В.Лепешинская // Мастера Большого театра. М., 1976;

Солодовников А. О.Лепешинская. М., 1983.

В.В.Лепяшывская. Мастак А.Герасімаў.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф.Л. і В.С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́НСКІ (Валерый Яўгенавіч) (н. 20.2.1947, в. Вялікае Стахава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1984). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1974 рэжысёр, у 1976—89 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Коласа, адзін з ініцыятараў стварэння пры т-ры бел. т-ра «Лялька» (1986). Заснавальнік, з 1993 маст. кіраўнік Рэсп. тэатра бел. драматургіі. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.Коласа — «Званы Віцебска» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) У.Караткевіча, «Сымон-музыка» (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978) і «На дарозе жыцця» (1982) паводле Я.Коласа, «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі»; 1983) К.Крапівы, «Парог» (1982), «Вечар» (1983; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Радавыя» (1984) і «Вежа» (1990; нап. з У.Някляевым) А.Дударава; у тэатры бел. драматургіі — «Галава» (1992) І.Сідарука, «Паваліўся нехта» (1992) Л.Родзевіча і У.Галубка, «Барбара Радзівіл» (1994) Р.Баравіковай, «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць...» (1997) Б.Брэхта. Работы М. адметныя метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, гратэскавасцю, шматпланавасцю структуры, тонкім спалучэннем прыёмаў тэатра прадстаўлення і перажывання.

І.І.Чаркас.

В.Я.Мазынскі.

т. 9, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока ў г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1648 па фундацыі палкоўніка С.Лозкі, перабудаваны ў 1760—75 маршалкам мазырскім К.Аскіркам У 1865 касцёл ператвораны ў Міхайлаўскі сабор, у 1876 адрамантаваны. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая мураваная базіліка з пяціграннай апсідай. Гал. 3-часткавы фасад — увагнута-пукатая арх. плоскасць, раскрапаваная звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Партал увахода завершаны фігурным крапаваным шчытом з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Трох’ярусныя (васьмярык на 2 чацверыках) шатровыя вежы (надбудаваны ў 1829) з элементамі класіцызму. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках. Да касцёла з усх. боку прымыкае кляштарны корпус (арх. Вісконці) — 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У 1832 кляштар скасаваны, у 1839 пасля пажару корпус прыстасаваны пад бальніцу (1-ы паверх) і дзярж. ўстановы (2-і паверх).

А.М.Кулагін.

Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Будынак касцёла.
Мазырскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. З гравюры 1865.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)