МЯЛЁШКА (Міхаіл Вінцэнтавіч) (псеўд.Міхалка Скарэўскі; 9.5.1892, в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — крас. 1941),
бел. гісторык, этнограф. Вучыўся ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (1918—21). У 1914—18 у арміі. З 1917 чл.Беларускай сацыялістычнай грамады. Дэлегат з’езда бел.дэмакр. і сацыяліст. арг-цый у Віцебску (лета 1917); на з’ездзе бел. вайсковых арг-цый (ліст. 1917) абраны старшынёй. З 1918 у Віцебскім аддзяленні Белнацкома. З 1920 у Чырв. Арміі (служыў у Віцебскім губваенкамаце), працаваў у Віцебскім археал. ін-це, губ. архіве і аддзеле нар. адукацыі. З ліст. 1922 у Цэнтрархіве (Мінск), з 1927 у Цэнтр. архіўным упраўленні БССР, адначасова у Інбелкульце і Бел.АН. У 1923—24 выкладаў бел. этнаграфію ў Віцебскім вышэйшым пед. ін-це, у 1926—28 — гісторыю Беларусі ў Камвузе Беларусі. Даследаваў праблемы прыгоннага права, сял. выступленняў супраць самаўладдзя ў 1863 і ў рэвалюцыю 1905—07. Складальнік зб. дакументаў і матэрыялаў «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927). Аўтар працы «Камень у вераваннях і паданнях беларусаў» (1929). Рукапіс працы аб Мялеціі Сматрыцкім захоўваецца ў Нац. архіве Рэспублікі Беларусь. 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы ў Самару на 5 гадоў. 16.2.1938 паўторна арыштаваны «як удзельнік контррэвалюцыйнай эсэра-меншавіцкай арганізацыі». 4.3.1940 вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957 і 1962.
Тв.:
Дзённік Міхаіла Мялешкі // Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.Мн., 1994.
Літ.:
Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: долгое возвращение в Беларусь // Сов. Белоруссия. 1998. 10 окт.;
палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел.паліт.к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац.паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст.ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел.нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел.нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг.літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б.Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел.нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст.Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1941,
1943, 1945, нарады у Маскве прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па пытаннях вядзення 2-й сусв. вайны і пасляваен. мірнага ўрэгулявання. 29.9—1.10.1941 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — В.М.Молатаў, ЗША — У.А.Гарыман, Вялікабрытаніі — У.М.Бівербрук) разгледжана пытанне аб узаемных пастаўках. Вызначаны (да 30.6.1942) месячныя квоты амер. (на падставе ленд-лізу) і брыт. (на падставе сав.-брыт. пагаднення ад 16.8.1941) паставак Сав. Саюзу ўзбраення, харчавання і інш., а таксама паставак некаторых тавараў і сыравіны з СССР у ЗША і Вялікабрытанію. 19—30.10.1943 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — К.Хэл, Вялікабрытаніі — Р.Э.Ідэн) абмеркаваны праблемы паскарэння разгрому фаш. блоку і пасляваен. ўладкавання Еўропы. Прыняты дэкларацыі: аб усеагульнай бяспецы, аб Італіі (прадугледжвала мерапрыемствы па яе дэмакратызацыі, знішчэнні спадчыны італьян. фашызму і інш.), Аўстрыі (прадугледжвала незалежнасць і суверэнітэт Аўстрыі, а таксама яе адказнасць за ўдзел у вайне на баку Германіі), аб адказнасці гітлераўцаў за ваен. злачынствы (у далейшым стала прававой асновай для суд. пакарання ваен. злачынцаў). 16—26.12.1945 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — Дж.Ф.Бірнс, Вялікабрытаніі — Э.Бевін) вырашаны пытанні аб арганізацыі пасляваен. міру ў Еўропе і на Д. Усходзе. Прыняты рашэнні аб падрыхтоўцы мірных перагавораў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй; аб Далёкаўсх. камісіі і Саюзным савеце для Японіі; аб Карэі (стварэнні часовага дэмакр. ўрада); аб Кітаі (дэмакратызацыі органаў нац. ўрада, спыненні грамадз. вайны і вывадзе з Кітая сав. і амер. войск); аб Румыніі і Балгарыі (умовы прызнання Вялікабрытаніяй і ЗША ўрадаў гэтых краін, з якімі СССР ужо меў дыпламат. адносіны); аб заснаванні камісіі па кантролі за атамнай энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАН ((Mann) Генрых) (27.3.1871, г. Любек, Германія — 12.3.1950),
нямецкі пісьменнік. Брат Т.Мана. Вучыўся ў Берлінскім ун-це. З 1933 у эміграцыі ў Францыі, з 1940 — у ЗША. З 1949 прэзідэнт АМ ГДР. Друкаваўся з 1893. У ранніх творах выявіўся ўплыў класічных традыцый ням. і франц. л-р, мадэрнісцкіх кірункаў (трылогія «Багіні, або Тры раманы герцагіні Асі», 1903). У гратэскава-сатыр. форме паказаў драпежніцкую сутнасць імперыял. Германіі часоў Вільгельма II (рэаліст. раманы «У зямлі запаветнай», 1900; «Настаўнік Гнус, або Канец аднаго тырана», 1905; «Маленькі горад», 1909, і інш.). У трылогіі «Імперыя» («Вернападданы», 1914; «Бедныя», 1917; «Галава», 1925) праблемы фарміравання вернападданніцкай свядомасці, суіснавання ў адной асобе раба і тырана, на шырокім сац. фоне выкрыў герм. шавінізм і мілітарызм. Бесчалавечнасць тагачаснага грамадства рэзка крытыкаваў у раманах «Маці Марыя» (1927), «Яўгенія, або Эпоха бюргерства» (1928), «Сур’ёзнае жыццё» (1932) і інш. Вяршыня позняй яго творчасці — гіст. дылогія «Юнацтва караля Генрыха IV» (1935) і «Сталасць караля Генрыха IV» (1938), у якой увасоблена канцэпцыя дзейснага гуманізму. Аўтар п’есы «Мадам Легро» (1913), антыфаш. публіцыстычных зб-каў «Нянавісць» (1933), «Настане дзень» (1936), «Мужнасць» (1939), рамана пра антыфаш. рух у Чэхаславакіі «Лідзіцы» (1943), кн. мемуараў «Агляд стагоддзя» (1946), літ.-крытычных артыкулаў і інш. Яго паэтыка адметная дакладнай характаралагічнай дэталлю, моўнай выразнасцю, багаццем шён-«шыльдаў». Нац. прэмія ГДР 1949.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—8. М., 1957—58;
В защиту культуры: Сб. ст.М., 1986.
Літ.:
Знаменская Г.Н. Генрих Манн: Критико-биогр. очерк. М., 1971;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПО́ЛІЯ (ад мана... + грэч. pōleō прадаю),
выключнае (манапольнае) права вытв-сці, гандлю, промыслу, кіравання (улады), якое належыць адной асобе, групе або дзяржаве; буйная галіна, у якой невял. колькасць фірм кантралюе ўсю ці большую частку яе вытв-сці або буйныя аб’яднанні (канцэрны, кансорцыумы і г.д.), якія ўзнікаюць на базе канцэнтрацыі вытв-сці і капіталу і трымаюць большую частку выпуску або продажу якога-н. тавару; рынак, на якім колькасць прадаўцоў настолькі нязначная, што кожны з іх можа паўплываць на агульны аб’ём прапанавання і цану тавару (паслуг). У нац. эканоміцы аб’ектам інтарэсу з’яўляецца манапалізм — тып эканам. адносін, калі гасп. суб’ект прапануе контрагентам (іншаму боку) прымаць рашэнні на выгадных для сябе ўмовах, выкарыстоўвае ў сваіх інтарэсах рыначны попыт. Формы праяўлення М.: узніманне цэн, скарачэнне вытв-сці, інфляцыя, рост аплаты працы, недаацэнка маркетынгу, рэкламы, якасці прадукцыі і інш. М. могуць мець значныя рэзервы (матэрыяльныя, фінансавыя) для ўкаранення вынікаў навук.-тэхн. прагрэсу, павелічэння прыбытку, паніжэння выдаткаў вытв-сці за кошт буйных аб’ёмаў выпуску прадукцыі, выкарыстанне больш дасканалых сродкаў працы, кваліфікаванай рабочай сілы і г.д.; аднак манапалізм можа прывесці да застою. Асн. прычыны М.: эфект маштабу (эканомія, абумоўленая пашырэннем вытв-сці); заканад. перашкоды для арг-цыі новых фірм (прадпрыемстваў), якія ўваходзяць у галіну, ліцэнзійныя, патэнтныя і інш. абмежаванні; несумленныя паводзіны ўдзельнікаў рынку, імкненне атрымаць звышпрыбытак і інш. Выдаткі і рыначны попыт з’яўляюцца асн. абмежавальнікамі М.; яны не дазваляюць манапалісту адвольна ўстанаўліваць высокую цану на сваю прадукцыю (гл.Манапольная цана). Узнікненню і ўмацаванню ўлады М. перашкаджае антыманапольнае заканадаўства. У галінах натуральнай М. (напр., у электра-, газа- і водазабеспячэнні) многія прадпрыемствы з’яўляюцца дзярж. ўласнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТР (франц. métre ад грэч. metron мера),
1) адзінка даўжыні, адна з 7 асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца м. 1 м = 100 см = 1000 мм. У СІ М. з’яўляецца таксама адзінкай даўжыні хвалі, фокуснай адлегласці і інш. велічынь, што маюць фіз. сэнс даўжыні.
2) Мера даўжыні, што ўзнаўляе адзінку даўжыні — М. Паводле вызначэння, прынятага 17-й Ген. канферэнцыяй па мерах і вазе (1983), М. — даўжыня шляху, які праходзіць святло ў вакууме за 1/299792458 долю секунды.
Першапачаткова (1791, Францыя) М. вызначаны як 1/10 000 000 частка 1/4 даўжыні зямнога мерыдыяна. Для дакладнага вызначэння М. ў 1792—99 праведзены геад. вымярэнні дугі Парыжскага мерыдыяна. Першы эталон М. зроблены ў 1792 у выглядзе плацінавай лінейкі, адлегласць паміж канцамі якой раўнялася 1 м. Ён перададзены на захоўванне ў Нац. архіў Францыі і атрымаў назву «архіўны М.». З 1889 міжнар. прататыпам М. служыў плаціна-ірыдыевы брус з нанесенымі на адной з яго плоскасцей штрыхамі, які захоўваецца ў Міжнар. бюро мер і вагі ў г. Сеўр каля Парыжа. У 1960—83 М. вызначылі як даўжыню, роўную 1 650 763,73 даўжыні хвалі ў вакууме эл.-магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж узроўнямі 2p10 і 5d5 атама крыптону-86. Натуральныя першасныя эталоны М., прынятыя ў 1960 і 1983, даюць магчымасць узнаўляць меры даўжыні з хібнасцю да ±10−8м. М. пакладзены ў аснову метрычнай сістэмы мер. У практыцы вымярэнняў шырока выкарыстоўваюцца кратныя і дольныя адзінкі: кіламетр, дэцыметр, сантыметр, міліметр, мікраметр, нанаметр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРЫ́ТЫ,
малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл.Метэоры).
У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн.км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.
Літ.:
Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;
Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ.М., 1971;
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл.СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд.ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.
Літ.:
Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;
Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.