Пілесава́ць (пілісуваць) ’біць’, ’ачышчаць лыка, рабіць яго белым’ (паўн.-усх., КЭС), славен. pelisniti ’ударыць’, ’даць аплявуху’, peliskniti, peliščiti, ре lis kat і ’біць па мордзе’. Міклашыч (236) супастаўляе славен. pelisnoti з бел. пялёскацца ’ўдараць, грукаць, біць’ і з літ. plaskuoti. ’ляскаць’, plekšnoti ’тс’, ’пляскаць’, plekštelėti ’пляснуць, ляснуць’. Гэтаксама Бязлай (3, 23). Гл. пялясы, пялёсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тц-тц-тц — выгукі, якімі падклікаюць парасят (ТС). Параўн. укр. цю ‘падзыўны гук для свіней’, рус. смал. цо‑цо, пск. цу‑цу, калін. тцу‑тцу. Гукапераймальнае; відаць, імітуе інтэнсіўнае хлябтанне і заахвочванне да яго. Малаверагодна вывядзенне з лат. cũka ‘свіння’, літ. ciùcė ‘свінка’ і іншых назоўнікаў (Анікін, Опыт, 294–295), якія таксама паходзяць ад гукаперайманняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСА́ДКА,

1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.

2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.

3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.

4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.

Схема асадкі ў металаапрацоўцы.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р у цывільным праве,

пагадненне дзвюх ці больш асоб пра ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў (пазыка, купля-продаж, даручэнне, падрад і інш.). Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь дагавор можа быць заключаны ў вуснай, пісьмовай або натарыяльнай форме. Дагавор павінен адпавядаць абавязковым для яго ўдзельнікаў правілам, устаноўленым законам і інш. прававымі актамі, што дзейнічаюць на момант яго заключэння. Некаторыя віды дагавора патрабуюць рэгістрацыі ў адпаведных дзярж. органах (напр., належна аформлены дагавор куплі-продажу жылога дома павінен быць зарэгістраваны ў выканаўчым к-це мясц. Савета дэпутатаў). Дагавор набывае сілу з моманту яго заключэння. Парадак заключэння і выканання дагавора рэгулюецца грамадзянскім кодэксам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНУКА́ЛАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (29.2.1916, с. Новарасляеўка Саратаўскай вобл., Расія — 27.4.1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Смаленскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1936), Іркуцкае ваен. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Лепеля, Оршы, Смаленска. Трапіўшы ў акружэнне, у жн. 1941 арганізаваў партыз. атрад «Радзіма», які ў крас. 1942 рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Д. (пазней партыз. брыгада яго імя). Падпалкоўнік Д. загінуў у баі ў час выхаду з блакады. У Лепелі на яго магіле помнік, у в. Кавалі Лёзненскага р-на мемар. музей Д., устаноўлены яго бюст.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́НАС, Крон,

у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абрэ́з, ‑а, м.

1. Вінтоўка з укарочаным, абрэзаным ствалом. Ірын бацька пачаў расказваць, як яго, прадстаўніка рабочага класа, камуніста, паслала партыя праводзіць калектывізацыю ў наш Верамеевіцкі раён і як стрэлілі ў яго праз акно з абрэза. Сабаленка. З лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі... Колас.

2. Абрэзаны край, беражок. Кніга з зялёным абрэзам.

•••

У абрэз — без усякага лішку, якраз у меру; малавата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыццяра́дасны, ‑ая, ‑ае.

Які радуецца жыццю, любіць яго. Прыборны быў вясёлы, жыццярадасны чалавек. Рэдка якая няўдача засмучала яго. Шамякін. Марылька гэтакая была жыццярадасная, гэтакая вясёлая. Чорны. // Які выражае жыццярадаснасць; вясёлы. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч. Вясёлы і жыццярадасны твар Ілонкі раптам спахмурнеў, як быццам на яснае сонца набегла воблачка. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца белым, бялейшым. На дварэ быў зазімак. За ноч сцягнула ваду, за рэчкай пабялела трава. Гурскі. На пагорках і паўднёвых схілах пабялела жыта, нахілілася долу важкімі кал[аса]мі. Асіпенка. // Разм. Пасівець. Валасы пабялелі. Скроні пабялелі. // Стаць, зрабіцца бледным; пабляднець. Парабак пабялеў, у яго пацямнела ў ваччу. Чорны. Нібы ўдараны знянацку, Міколка ўздрыгнуў, твар яго пабялеў. Краўчанка. // Пасвятлець. Ноч скончылася. Неба пабялела. Плыў дзень. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)