завя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. завяў, ‑вяла; зак.
1. Страціць свежасць; засохнуць, звянуць. Кветкі завялі. □ Час ад часу на дарозе трапляліся паваленыя дрэвы, на якіх яшчэ нават не паспеў завянуць зялёны ліст, — відаць, яны ўпалі зусім нядаўна. Краўчанка.
2. перан. Страціць жывасць, свежасць; паблякнуць. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязна́йка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑найцы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Пра чалавека, які нічога не ведае. — Закон? — Наркевіч з нялюбасцю глянуў вялікімі сваімі вачыма на Чапялевіча. — Вы знаеце законы. А ці ведаеце вы, што закон забараняе красці? А крадзяце. Ну дык чаго вы цялём прыкідваецеся, нязнайкам. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.
1. Зрабіць пагражальны жэст. Пагразіць свавольнікам. □ Амелька пагразіў кулаком у бок сяла і пачаў заводзіць свой матацыкл. Якімовіч. Таццяна пагразіла пальцам: — Сынок, нельга самому браць. Пальчэўскі.
2. Выказаць пагрозу. — А я закрычу! — пагразіў Рабушка. Новікаў. — Ну што ж, наракай пасля на сябе, — пагразіў тады Брава Жыватоўскі. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсцёбнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго.
Падганяючы, сцебануць злёгку чым‑н. гнуткім. Шашура ўзяў лейцы, лёгка падсцёбнуў каня, і павозка кранулася. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць рабіць што‑н. хутчэй, лепш; паскорыць што‑н. — З Пецярбурга, — коратка буркнуў англічанін. І гэта як бы падсцёбнула карчмара. Ён закрычаў: — Хая, Сорка, Клара, Шмуль!.. Паспяшайцеся. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Стаць наскрозь мокрым, вільготным. Наскрозь прамоклі шынялі Пад праліўным дажджом. Астрэйка. Абутак прамок адразу, а далей паступова прамакала і адзенне. Маўр. // Апынуцца ў мокрым адзенні, абутку. Ногі прамоклі. □ Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту... Анісаў.
•••
Прамокнуць да ніткі — зусім прамокнуць, стаць мокрым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рызыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да рызыкаваць.
2. з інф., на што і без дап. Нягледзячы на рызыку, адважыцца зрабіць што‑н. Хто з разведчыкаў не рызыкнуў бы на гэта? На вайне без рызыкі нельга. Новікаў. — Дык што, хлопцы, рызыкнём хіба? Як, Уладзік, рызыкнём? — звярнуўся Тургай да сяброў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Аднакр. да рэзаць (у 1, 2, 4, 6 знач.).
2. Моцна ўдарыць чым‑н. Антось на бягу рэзнуў прыкладам карабіна паручніка. Нікановіч.
3. Зрабіць што‑н. хутка, энергічна, з азартам. Толькі расцягнуў, думаў рэзнуць полечку, а Аўдоцця падышла да яго і паклала на гармонік руку. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самава́р, ‑а, м.
Металічны прыбор для кіпячэння вады з награвальнай трубой у сярэдзіне. — Уставай, мама, самавар стаў, бацька едзе з пасажырскім. Лынькоў. [Марыя Карпаўна] несла медны начышчаны да бляску самавар, які дыхаў парай. Гурскі. // Пра піццё чаю, чаяпіцце. Па некалькі разоў на дзень заказвалі самавар. Гартны. [Турсевіч:] — Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слупня́к, ‑у, м.
Вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў. — А ты ведаеш, што ў зямлі могуць быць мікробы слупняку, — закрычала Клава, хуценька дастаючы з сумкі ёд і бінт. Рунец. / у перан. ужыв. На Саньку напаў слупняк. Я таксама лыпаю вачамі.. — Ну добра, — схамянуўся нарэшце мой прыяцель і грозна бліснуў вачамі. Сяркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́цца, спяюся, спяешся, спяецца; спяёмся, спеяцеся; зак.
1. Дасягнуць зладжанасці ў сумесным спеве, навучыцца зладжана спяваць разам. Пяюць з ахвотай, самааддана, хоць галасы нязладжаныя — не паспелі спецца. Навуменка.
2. перан. Разм. Дасягнуць узгодненасці ў дзеяннях, учынках, адзінства ў поглядах. Ну і спеліся яны... Мяжэннага нельга ўявіць без Рэпікава, як Рэпікава без Мяжэннага. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)