пастарэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць старым, старэйшым. Хто кажа, што мы пастарэлі? Мы сталымі сталі, проста душой падабралі. Панчанка. Анежка.. з жалем паглядала на Алеся, які, здавалася ёй, пастарэў за гэты час. Броўка. Разам з гаспадаром Казімірам пастарэлі і бярозы пад акном і яблыні ў садзе, наогул, усё пастарэла ў фальварку. Пестрак. За тыдзень свет, здаецца, пастарэў. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каржакава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Нізкі, з тоўстым сукаватым ствалом (пра дрэва). Дзед заняў пазіцыю пад старым прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Колас.
2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каранасты (пра чалавека, яго постаць). [Міхей] быў малы супроць сваёй жонкі, але каржакаваты, з сілай у кожным вузле цела — галава ў лобе шырокая, у плячах ёмкі, хаця плечукі прыўзнятыя. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кле́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Станавіцца на калені. Пад вечар у покуце Болесь з жонкай кленчылі, спалохана маліліся, не адважваліся падняць уверх вачэй. Карпюк.
2. перан. Настойліва прасіць, клянчыць. Уся сям’я.. сядзела ўжо на возе і кленчыла-ўпрошвала дзеда сесці з імі. Бядуля. Не прасілі нічога ў дарослых, не кленчылі, Гордыя і незалежныя змалку. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клі́нкер, ‑у, м.
1. Вельмі моцная цэгла, якая не ўбірае вільгаці і ідзе на машчэнне дарог, для насцілу падлогі ў прамысловых будынках і пад. [Сашка Стафанковіч] на адной з станцый убачыў праз вагоннае акно выбрукаваны клінкерам перон. Што такое клінкер, ён ведаў з прачытанага ў газеце артыкула. Чорны.
2. Абпаленая да спякання цэментная сыравіна ў выглядзе цвёрдых кускоў.
[Англ. clinker.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мату́з, ‑а, м.
Разм.
1. Скручаная вузкая палоска тканіны, шнурочак для завязкі. Суконным тугім матузом Кустам завязалі галовы, Каб вецер дрыготкі і гром З іх цвет не атрэслі ліловы. Калачынскі.
2. пераважна мн. (матузы́, ‑оў). Завязкі ў фартуху, шапцы-вушанцы і пад. Зося спрабавала завязаць непакорлівыя матузы халата, але рукі дрыжалі, матузы выслізгвалі з пальцаў. Стаховіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка злавіць, застаць дзе‑н. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську — гаспадара з-пад Вільні. С. Александровіч.
2. Ледзь прыкметны; няясны. Няўлоўны рух. □ [Ермакоў] пачуў няясны, няўлоўны тонкі гул, які то ўзнікаў, то прападаў. Мележ. Цеплыня, але нейкі няўлоўны подых восені чуецца навокал. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваражы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; зак.
1. Адгадаць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. — Ну, паваражыце мне! — панна Людміла працягнула Лабановічу руку. Колас.
2. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, папрацаваць над чым‑н. Бацька моўчкі павёў .. [хлопчыка] ў каюту, паваражыў над электроннай машынай, і з яе выпаўзла белая стужка з мноствам чорненькіх рысачак. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстрэ́шша, ‑а, н.
1. Прастора пад ніжнім краем страхі якога‑н. будынка. Вераб’і ўжо збіраліся ў падстрэшшы на начлег і там заводзілі свае звычайныя сваркі з-за ўтульных мясцін. Якімовіч. Дробны дождж суха барабаніў у закураныя шыбы, недзе ў падстрэшшы тонка завываў вецер, зрываючы .. салому. Ваданосаў.
2. Тое, што і падстрэшак. Увечары мужчыны даставалі з падстрэшша косы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Сунучыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н.; прысунуцца. Галя адчула блізкасць Станіслава, і ёй стала так добра, так утульна, што яна нават сама трошкі падсунулася да яго. Сабаленка. Нарэшце.. [Міхаська] выбраўся з-пад елкі ўвесь і бокам падсунуўся да вогнішча. Сіняўскі. Капітан Рыбін падсунуўся з крэслам да стала і сказаў: — Ну, пачнём... Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пале́міка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.
Спрэчка ў друку, на дыспуце, сходзе пры абмеркаванні якіх‑н. пытанняў (навуковых, палітычных і пад.). Вострая палеміка. Весці палеміку. □ У некаторых творах Глебкі пачатку 30‑х гадоў узмацняецца адкрытая палеміка з прыхільнікамі абстрактнай рамантыкі. Гіст. бел. сав. літ. У арыгінальнай «Гісторыі вёскі Пількаўшчына» [М. Танка] за тонкай іроніяй праглядвае палеміка з вульгарызатарамі айчыннай гісторыі. Рагойша.
[Ад грэч. polemikos — варожы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)