КАЗЬКО́ (Віктар Апанасавіч) (н. 28.4.1940, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1970). Працаваў шахцёрам, геолагам, журналістам. У 1973—76 у час. «Нёман», у 1986—88 сакратар праўлення СП Беларусі. Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1963. Напачатку пісаў на рус. мове. Творы яго маюць аўтабіягр.дакумент. аснову. Аповесці «Высакосны год» (1972), «Аповесць аб беспрытульным каханні» (1975), «Суд у Слабадзе» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982) паказваюць вайну, убачаную вачыма дзіцяці, знявечанае вайною маленства, выяўляюць вытокі чалавечай мужнасці. З сібірскімі ўражаннямі аўтара звязаны творы «Цёмны лес, тайга густая» (1973), «Добры дзень і бывай» (1974, прэмія Ленінскага камсамола 1977). Клопатамі аб прыродзе, роздумам пра адносіны чалавека да яе, да жыцця прасякнуты аповесці «Цвіце на Палессі груша» (1978), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), раман «Неруш» (1981). Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў, звязаных з распрацоўкай тэмы вайны і тэмы ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам, стаў раман «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1987). Пачуццём сучаснасці, адчуваннем драматызму сённяшняга лёсу чалавека, глыбокім непакоем насычаны аповесці «Но Пасаран» (1990), «Да сустрэчы...» (1997). Прозе К. ўласцівы філас.-публіцыстычнае пераасэнсаванне жыццёвага матэрыялу, эмацыянальна-аналіт. і абагульнена-сімвалічная манера пісьма, глыбіня псіхал. аналізу, драматызм.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1990.
Літ.:
Брыль Я. «Ён — строгі да праўды» // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Васючэнка П. Вайна і дзяцінства ў творчасці В.Казько // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 1;
Лецка Я. Вайна стукае ў сэрца // Полымя. 1979. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛО́ССЕ»,
заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.Шкялёнак (рэдактар), Я.Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.Арсеннева, В.Багдановіч, М.Васілёк, А.Луцкевіч, М.Машара, У.Самойла, М.Танк, В.Таўлай, Р.Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.Скарыну, Б.Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.Шаляпіна, Ш.Руставелі, М.Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв.вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс.чл., у т. л. 3500 тыс.чл.ВЛКСМ). Бел.камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв.вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМА́ЗАЎ (Віктар Філімонавіч) (н. 27.6.1934, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у раённых газетах. З 1964 у газ. «Звязда», з 1969 у «Літаратуры і мастацтве». З 1971 заг. аддзела маст. фільмаў Бел.дзярж.к-та па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1982—86 літкансультант СП Беларусі. Друкуецца з 1957. Першы зб. апавяданняў «Падранак» (1968). У зб-ках «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974) сцвярджае дабрыню, духоўную годнасць чалавека. У эпічным, лірыка-публіцыстычным рамане «Пушча» (1978, экранізаваны ў 1988) на прыкладзе Ліменскай пушчы на Чэрыкаўшчыне маст. сродкамі паказаў бядотны лёс лясоў на Беларусі. Аповесць «Дзень Барыса і Глеба» (1980) пра сучасную вёску. Падзеям Вял.Айч.вайны прысвечаны раман «Бежанцы» (1990). Аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака В.Бялыніцкага-Бірулю. У аповесці «Краем Белага шляху» (1992) тэма чарнобыльскай трагедыі. Аўтар нарысаў (зб. «Вясёлка сярод зімы», 1978), сцэнарыяў маст. і дакумент. фільмаў. За кнігу публіцыстычнай прозы і эсэ «Проста ўспомніў я цябе...» (1989) Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990.
Тв.:
Дома: Аповесці, апавяданні. Мн., 1984;
Дзяльба кабанчыка: Выбранае. Мн., 1988;
Глядзіце ў вочы лемуру. Мн., 1989;
Аброчны крыж. Мн., 1994. Выбр.тв.Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Навуменка І. Кніга адкрывае свет. Мн., 1978. С. 216—219;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982. С. 33—46;
Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн.,1984. С. 45—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТЭР (англ. cutter),
невялікае (водазмяшчэннем да 400 т) самаходнае, звычайна быстраходнае, судна. Паводле прынцыпу руху адрозніваюць К. водазмяшчальныя, глісіруючыя, на падводных крылах і паветр. падушцы. Існуюць К. для перавозкі людзей (пасажырскія, раз’язныя, турысцкія) і невял. грузаў (грузавыя), для нясення ахоўнай (міліцэйскія, пагранічныя), мытнай, лоцманскай, выратавальнай службы, выканання баявых задач і інш. мэт.
К. баявыя — караблі ваенныя з найменшымі габарытамі і асадкай, прызначаныя для дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора, на рэках і азёрах. Есць у ВМС многіх дзяржаў. Паводле асн. ўзбраення і функцыян. задач адрозніваюць К.: мінныя (самы ранні тып К., які з’явіўся ў рус.ВМФ у час рус.-тур.вайны 1877—78), тарпедныя (з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну спачатку ў Вялікабрытаніі і Італіі), артыл. (пашыраная разнавіднасць — бранякатэр, у СССР будаваліся да 1984), вартавыя (патрульныя), дэсантныя, процімінныя (К.-тральшчыкі), процілодачныя, ракетныя (найб. позні тып, будуюцца з сярэдзіны 20 ст.). На Беларусі К. (бранякатэры, К.-тральшчыкі, вартавыя, мінныя, глісеры і паўглісеры) былі пашыраны ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій, у т. л. ў 1930-я г. будаваліся ў г. Пінск для польскай Пінскай флатыліі.
К. наз. таксама карабельную шлюпку на 10—14 вёслаў, часам аснашчаную двухмачтавым парусам з кліверам, фокам і гротам, а таксама рухавіком.
Літ.:
Белавин Н.И. Боевые катера. М., 1987;
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;
Широкорад А. Речные линкоры // Воин. 1996. № 8.
У.Я.Калаткоў. Р.К.Паўловіч.
Малы браніраваны катэр Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРЖ (Васіль Захаравіч) (псеўд.Камароў; 13.1.1899, в. Хорастава Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 5.5.1967),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1946). Удзельнік партыз. руху ў Зах. Беларусі ў 1922—25. З 1931 у органах НКУСБССР. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. З 1940 заг. сектара Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну 26.6.1941 сфарміраваў і ўзначаліў у Пінскім р-не адзін з першых на Беларусі партыз. атрадаў, які з ліп. 1941 вёў баі з ням.-фаш. захопнікамі. Увосень 1941 на чале атрада разам з партызанамі Палесся і Піншчыны прайшоў рэйдам па раёнах Палескай і Мінскай абл. З жн. 1942 сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1942 камандзір Пінскага партыз. злучэння. З 1949 нам. міністра лясной гаспадаркі БССР, у 1953—63 старшыня калгаса ў Салігорскім р-не. Аўтар успамінаў. Яго імем названы вуліцы ў Давыд-Гарадку, Лунінцы, Мінску, Пінску, Салігорску, Століне, в. Хорастава, плошча ў р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на. У в. Хорастава помнік.
Тв.:
Народная борьба против фашистских оккупантов на Пинщине // Из истории партизанского движения в Белоруссии (1941—1944 гг.): (Сб. воспоминаний). Мн., 1961;
В первые дни войны // Славная дочь белорусского народа. 2 изд. Мн., 1962;
Моя борьба и труд // Нёман. 1998. № 2.
Літ.:
Щербаков А. Избранник солдатской судьбы // Люди легенд. М., 1968. Вып. 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНКА́СТЭРЫ (Lancaster),
арыстакратычны род і каралеўская дынастыя ў Англіі ў 14—15 ст., адгалінаванне Плантагенетаў. Найб. значныя прадстаўнікі:
Джон Гонт (1340—99), пачынальнік роду, сын Эдуарда IV, герцаг Ланкастэрскі (з 1362), фактычны кіраўнік дзяржавы ў 1360—70-я г. Яго палітыка выклікала Уота Тайлера паўстанне 1381. Падтрымліваў антыпапскі рух Дж.Уікліфа.
Генрых IV [1399—1413], сын Дж.Гонта. За ўдзел у апазіцыі супраць караля Рычарда II (1387) пазбаўлены ўсіх багаццяў, вандраваў. На баку Тэўтонскага ордэна ўдзельнічаў у паходах на землі ВКЛ, у т. л. на Вільню (вер. 1390). У выніку мяцяжу знаці Паўн. Англіі супраць Рычарда II абвешчаны каралём. Намагаўся ліквідаваць феад. апазіцыю.
Генрых V [1413—22], сын Генрыха IV, палкаводзец і дыпламат. У барацьбе за франц. трон аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453. У бітве пры Азенкуры (1415) разграміў франц. войска і да 1420 захапіў паўн. Францыю, у т. л. Парыж. Паводле дагавора ў Труа (21.5.1420) прызнаны нашчадкам франц. прастола. Памёр у час аблогі г. Мо.
Джон (1389—1435), сын Генрыха IV, герцаг Бэдфард, рэгент Францыі пры малалетнім Генрыху VI.
Хемфры (1391—1447), сын Генрыха IV, герцаг Глостэрскі, рэгент Англіі пры малалетнім Генрыху VI.
Генрых VI (1421—1471), кароль [1422—61, 1470—71]. Псіхічнахворы. У ходзе Пунсовай і Белай руж вайны 1455—85 скінуты Йоркамі і забіты ў Таўэры.
Эдуард (1453—1471), сын Генрыха VI, прынц Уэльскі, апошні прадстаўнік асн. лініі Л. Загінуў у бітве пры Цьюксберы. Дамаганні Л. на трон былі адноўлены іх далёкімі родзічамі Цюдарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛА СКА́ЛА»
(La Scala, поўная назва Teatro alla Scala),
оперны тэатр у Мілане (Італія); адзін з буйнейшых цэнтраў сусв.муз. опернай культуры. Адкрыты ў 1778. Пабудаваны паводле праекта арх. Дж.П’ермарыні на месцы царквы Санта-Марыя дэла Скала (адсюль назва т-ра). У час 2-й сусв.вайны будынак часткова разбураны, адноўлены ў 1946. Да 1800 на сцэне т-ра ставіліся і драм. спектаклі. З т-рам звязана дзейнасць Дж.Расіні, Г.Даніцэці, В.Беліні, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні і інш., многія творы якіх пастаўлены тут упершыню. Найвышэйшы росквіт т-ра звязаны з дзейнасцю А.Тасканіні. Сярод дырыжораў таксама Г. фон Караян, В.Дэ Сабата, Н.Сандзоньё, Л.Ранконі, К.Абада, Р.Муці. У рэпертуары побач з операмі і балетамі італьян. кампазітараў творы сусв. класікі, у т. л. рускай (оперы М.Мусаргскага, балеты П.Чайкоўскага, Л.Мінкуса, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева) і сучасных кампазітараў. На сцэне т-ра пастаянна стажыруюцца і разам з італьян. артыстамі выступаюць спевакі і танцоўшчыкі з інш. краін свету, у т. л.рас. Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, Т.Мілашкіна, І.Архіпава, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, У.Атлантаў, В.Нарэйка, Т.Сіняўская, З.Саткілава, М.Плісецкая, ісп. М.Кабалье, П.Дамінга, Х.Карэрас, грэч. М.Калас, бел. М.Гулегіна, М.Грыгорчык, А.Валадось і інш. У 1955 створаны філіял т-ра «Пікала Скала», дзе ставяцца пераважна камерныя оперы. Трупа т-ра ў 1964, 1974, 1989 гастраліравала ў СССР.