ПАЦЁМКІН (Рыгор Аляксандравіч) (24.9.1739, б.в. Чыжова Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 16.10.1791),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Граф (1774), святлейшы князь Таўрычаскі (1783), ген.-фельдмаршал (1784). Вучыўся ў гімназіі Маскоўскага ун-та (1756—60). Служыў у коннай гвардыі (1760—68). Удзельнік дварцовага перавароту, у выніку якога прастол заняла Кацярына II (1762). З 1769 удзельнік рас.-тур. вайны 1768—74 (валанцёр, ген.-маёр, ген.-паручнік), вызначыўся ў многіх бітвах. З 1774 фаварыт Кацярыны П. У тым жа годзе атрымаў тытул графа, званне ген.-аншэфа, пасады чл.Дзярж. савета і віцэ-прэзідэнта (з 1784 прэзідэнт) Ваен. калегіі. З 1776 ген.-губернатар Новарасійскай, Азоўскай і Астраханскай губ. У 1783 далучыў да Расіі Крым. Аддаваў вял. ўвагу каланізацыі стэпаў Паўн. Прычарнамор’я і буд-ву на Чорным м.рас.ваен. і гандл. флатоў, ініцыіраваў заснаванне гарадоў Екацярынаслаў, Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У рас.-тур. вайну 1787—91 камандаваў Екацярынаслаўскай арміяй, якая ў снеж. 1788 ўзяла тур. крэпасць Ачакаў, з 1789 — аб’яднанай Паўд. арміяй. У 1791 вёў у г. Ясы (сталіца Малдаўскага княства) мірныя перагаворы з туркамі (перапынены ў выніку смерці П.). Адзін з найбуйнейшых памешчыкаў Расіі. На Беларусі валодаў у 1774—83 мяст. Дуброўна, з 1776 — Крычаўскай воласцю, дзе былі заснаваны Крычаўская суднаверф і Крычаўскія мануфактуры. Па запрашэнні П. каля Крычава ў с. Задобра ў 1785—87 жыў англ. філосаф І.Бентам. У 1904—05 і 1917 імем П. наз. эскадраны браняносец (з 1907 лінейны карабель) рас. Чарнаморскага флоту, вядомы ўдзелам у рэвалюцыі 1905—07.
Літ.:
О приватной жизни князя Потемкина: Потемкинский праздник. М., 1991;
Лопатин В.С. Потемкин и Суворов. М., 1992;
Иоанн Грозный. Петр Великий. Меншиков. Потемкин. Демидовы: Биогр. очерки. Челябинск, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТСА́МА-КІРКЕНЕ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск Карэльскага фронту (каманд.ген. арміі, з 26 кастр. Маршал Сав. Саюза К.А.Мерацкоў) і сіл Паўн. флоту (каманд.адм. А.Р.Галаўко) 7—29 кастр. ў Вял.Айч. вайну. Пасля разгрому войск праціўніка на Карэльскім перашыйку і ў Паўд. Карэліі, выхаду з вайны Фінляндыі стварыліся ўмовы для вызвалення Сав. Запаляр’я, якое абаранялі часці ням. 19-га горнастралк. корпуса 20-й горнай арміі (ген.-палк. Л.Рэндуліч). Сав. войскі перавышалі праціўніка па асабовым складзе ў 1,8, па артылерыі — 2,8, па танках — 2,5, па самалётах — у 6,3 раза. Гал. ўдар наносілі войскі 14-й агульнавайск. і 7-й паветр. армій; Паўн. флот выконваў задачы па высадцы марскіх дэсантаў у тыле праціўніка, парушэнні яго водных камунікацый і абароне сваіх водных шляхоў. Раніцай 7 кастр. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі 14-й арміі прарвалі тактычную зону абароны праціўніка на фронце да 20 км і глыбінёю да 16 км. Паспяхова дзейнічалі маракі і марскія дэсанты (з 10 па 25 кастр. высадзілі 6 марскіх тактычных дэсантаў). Ужо 15 кастр. войскі фронту вызвалілі г. Петсама (Печанга), 25 — г. Кіркенес (Нарвегія) і да 27 завяршылі наступленне ў Запаляр’і. У выніку П.-К.а. сав. войскі прасунуліся на глыбіню да 150 км. Праціўнік страціў каля 30 тыс. забітымі, 156 караблёў і суднаў, 125 самалётаў. За воінскую доблесць і гераізм 51 часці і злучэнню прысвоены ганаровыя найменні «Печангскіх» і «Кіркенескіх». Сярод удзельнікаў, што вызначыліся ў баях, былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л.нач. паходнага штаба каманд.Паўн. флотам М.Б.Паўловіч.
Літ.:
Румянцев Н.М. Разгром врага в Заполярье (1941—1944 гг.): Воен.-ист. очерк. М., 1963;
Козлов И.А., Шломин В.С. Краснознаменный Северный флот. 3 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,
сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу ў г. Полацк у 1835—1918. Засн. для падрыхтоўкі да вайск. службы дваранскіх дзяцей з Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губ. Размяшчаўся ў будынку, дзе раней знаходзіліся Полацкая езуіцкая акадэмія і Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. Быў разлічаны на 400 навучэнцаў, прымаліся хлопчыкі ва ўзросце 9—11 гадоў. Складаўся з 4 рот (грэнадзёрская, неранжырная, 2 мушкецёрскія), якія ўтваралі батальён. Меў 2 падрыхтоўчыя і 4 агульныя класы, у 1857 уведзены 5-ы агульнаадук. клас і 2-гадовыя спец. класы, пасля заканчэння якіх кадэты атрымлівалі чын афіцэра. Выкладаліся: рус., франц. і ням. мовы, арыфметыка, алгебра, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, маляванне, чарчэнне, закон Божы; у спец. класах дадаткова — тактыка, артылерыя, ваен. гісторыя і фартыфікацыя. У 1859—63 спец. класы падрыхтавалі 172 афіцэры. У 1865 корпус рэарганізаваны ў ваен. гімназію, якая ў 1882 зноў пераўтворана ў кадэцкі корпус з 7-гадовым курсам навучання. У пач. 1-й сусв. вайны эвакуіраваны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рэарганізаваны ў гімназію ваен. ведамства. У 1919—20 на базе П.к.к. і інш. эвакуіраваных кадэцкіх карпусоў былі створаны Крымскі (у Арэандзе) і Феадасійскі кадэцкія карпусы. За час існавання П.к.к. падрыхтаваў больш за 3 тыс. афіцэраў. Сярод іх Д.Д.Бохан, браты Кірпічовы і Манцэвічы, Р.І.Кандраценка, Н.Н. і М.Н. Кайгародавы і інш.
Дьяков В.А. Деятели русского и польского освободительного движения в царской армии 1856—1865 гг.: (Биобиблиогр. словарь). М., 1965;
Лукашэвіч А.М. Арганізацыя вучэбнага працэсу ў кадэцкіх карпусах на тэрыторыі Беларусі ў 30-х — пачатку 50-х гг. XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 4. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),
тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.Коц, М.Касцялкоўскі, Б.Мядзінскі, А.Прыстар, Э.Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял.нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп.узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Крыштоф) (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),
ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л.Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс.чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс.чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт.Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.Рымша, Г.Пельгрымоўскі, С.Рысінскі, А.Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ,
вайсковыя фарміраванні, аснашчаныя ракетнай зброяй.
Вядомы з 11—12 ст. (парахавыя ракеты выкарыстоўваліся ў Індыі і Кітаі ў час аблогі крэпасцей), у Еўропе — з канца 13 ст., у Расіі з 18—19 ст. Шырокае развіццё атрымалі ў 2-ю сусв. вайну (у СССР з’явіліся гвардз. мінамётныя часці, аснашчаныя «Кацюшамі», у Германіі падраздзяленні, на ўзбраенні якіх былі кіроўныя ракеты). У 2-й пал. 20 ст. Р.в. створаны ў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах.
Падзяляюцца на Р.в. стратэг. прызначэння, Р.в. сухап. войск, зенітныя ракетныя часці ВПС і ВМС. У СССР у канцы 1950-х г. створаны Р.в. стратэгічнага прызначэння (значная іх ч. дыслацыравалася на тэр. Беларусі; выведзены ў 1-й пал. 1990). Для іх уласцівы высокая боегатоўнасць, дакладнасць нанясення ўдараў, неабмежаваная далёкасць дзеяння, незалежнасць ад умоў надвор’я, часу і інш. Р.в. сухапутных войск — часці і падраздзяленні тактычнага і аператыўна-тактычнага прызначэння, здольныя наносіць масіраваныя, групавыя і адзіночныя ўдары па аб’ектах, недасягальных для артылерыі (першая ракетная часць у складзе сухап. войск створана ў 1946 на базе гвардз. палка рэактыўнай артылерыі). Зенітныя Р.в. прызначаны для проціпаветранай абароны адм.-паліт. цэнтраў, прамысл.-эканам. раёнаў, груповак войск і інш. аб’ектаў. Складаюцца з часцей і злучэнняў, якія маюць на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы. Ва Узбр. Сілах Беларусі зенітныя ракетныя войскі і ракетныя войскі і артылерыя з’яўляюцца адпаведна родамі войск проціпаветранай абароны і сухап. войск Беларусі.
Літ.:
Гл. пры арт.Ракета.
А.У.Аляхновіч.
Да арт.Ракетныя войскі. На маршы пускавыя ўстаноўкі РС-12 М «Топаль» з ракетай РТ-2П (Расія).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетная сістэма аператыўна-тактычнага прызначэння «Плутон» (Францыя).Да арт.Ракетныя войскі. Ракетны комплекс (зенітны) С-125 на стартавай пазіцыі (Беларусь).
расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац.сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.Брытэна, Р.Гліэра, А.Жаліве, М.Мяскоўскага, С.Пракоф’ева, Л.Піпкава, У.Пістана, Л.Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.Шнітке, Р.Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.
Літ.:
Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;
Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;
Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ І ДАГАВО́РЫ 1824, 1832, 1854, 1867.
Рэгулявалі пытанні двухбаковых адносін паміж Рас. імперыяй і ЗША: тэр., гандл., навігацыйныя і інш.Канвенцыя 1824 Аб вызначэнні граніцы расійскіх уладанняў у Паўночнай Амерыцы падпісана 17 крас. у Пецярбургу (перагаворы вяліся па ініцыятыве Расійска-амерыканскай кампаніі з 1808). Па 54°40 паўн. ш. была ўстаноўлена граніца, на Пн ад якой амерыканцы, а на Пд — рускія абавязваліся не пасяляцца; рыбная лоўля і плаванне ўздоўж берагоў па Ціхім ак.былі абвешчаны на 10 гадоў адкрытымі для суднаў абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1832 Аб гандлі і навігацыі падпісаны 18 снеж. ў Пецярбургу. У яго аснову пакладзены прынцып узаемнага спрыяння ў адносінах свабоднага заходу суднаў ЗША і Расіі ў гавані і парты, мытных збораў, пошлін і фрахтаў; жыхарам абедзвюх дзяржаў дазвалялася гандляваць усюды, дзе дапускаўся іншаземны гандаль. Дагавор прадугледжваў пашырэнне прывілеяў, якія адзін з бакоў даваў якой-н. нацыі ў галіне гандлю і навігацыі, на іншы дагаворны бок. Дзейнічаў да 1911. Канвенцыя 1854 аб марскім нейтралітэце падпісана 22 ліп. ў Вашынгтоне ва ўмовах Крымскай вайны 1853—56, была накіравана гал. чынам супраць варожых дзеянняў брыт. і франц. флоту, якія істотна шкодзілі гандлю Расіі з замежнымі краінамі, у т. л. з ЗША.
Расія і ЗША прызнавалі за суднамі ўсіх нейтральных краін права на перавозку тавараў грамадзян ваюючых краін (у т. л. Расіі), а таксама права грамадзян нейтральных дзяржаў перавозіць свае тавары на суднах ваюючых краін (гэтыя тавары ў выпадку захопу судна непрыяцелем не маглі быць захоплены або канфіскаваны і не лічыліся ваен. кантрабандай).Дагавор 1867 Аб продажы Расіяй сваіх паўночна-амерыканскіх уладанняў ЗША (гл.Вашынгтонскі дагавор 1867).
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 479-481.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІ ЎСКРА́ІННЫ САЮ́З»,
«РУС», «Русский окраинный союз», арганізацыя, утвораная ў кастр. 1906 у Вільні ў выніку аб’яднання «Саюза рускага народа» і акцябрыстаў Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Актыўнымі яго дзеячамі былі чыноўнікі Г.Шмід, Д.Скрынчанка, П.Бывалькевіч, П.Каранкевіч, А.Уруцэвіч і інш.; друкаваныя органы — газ. «Окраины России», «Минское слово» і «Виленский вестник». Дзейнасць вялася пад лозунгам «Расія для рускіх, і рускія павінны кіраваць ёю». Ставіў задачу ліквідаваць эканам. панаванне і паліт. ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўр. буржуазіі. Стаўка рабілася на падтрымку з боку бел.правасл. сялянства. Каб павесці яго за сабой, «РУС» патрабаваў ад урада прымусовага выкупу казною ў польскіх памешчыкаў «усіх маёнткаў, што перавышалі земскі цэнз, і перадачы іх рускім земляробчым правасл. элементам», да якіх адносіў і правасл. беларусаў. Таксама прапаноўваліся надзяленне малазямельных сялян на выгадных умовах за кошт часткі дзярж. зямель, паляпшэнне перасяленчай палітыкі. «РУС» адмаўляў існаванне бел. нацыі, а бел.нац. рух характарызаваў як «інтрыгу» польскіх паноў і касцёла, накіраваную супраць адзінства Рас. імперыі. Выступаў таксама супраць кадэтаў і трудавікоў, на якіх ускладаў гал. віну за распальванне падзей 1905—06. У час выбараў ў II Дзярж. думу (1906) ад Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. акцябрысцкі блок правёў 15 дэпутатаў з 36; пры выбарах у III Думу (1907) ад 5 зах. губерняў заваяваў 29 дэпутацкіх месц; пры выбарах у IV Думу (1912) — 27 мандатаў. У перыяд дзейнасці рас.дарэв. «парламента» гал. аб’ектам нападкаў з боку дэпутатаў «РУС» заставаліся польска-бел. памешчыкі (аўтанамісты), кадэты, каталіцкая царква, трудавікі, бел.нац. рух і газ. «Наша ніва». Напярэдадні 1-й сусв. вайны «РУС» практычна спыніў сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛЮ́Т»,
серыя сав.арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).
«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.Ц.Дабравольскі, У.М.Волкаў, В.І.Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.І.Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.В.Кавалёнак («С.-6» — двойчы).
У.С.Ларыёнаў.
Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.