ША́ХМАТНА-ША́ШАЧНЫ КЛУБ Беларусі

(з 1997 Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Мін-ва спорту і турызму Беларусі),

дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спарт. ўстанова. У 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву (Мінск). Будынак цэнтра (да 1985 «Палац шахмат») рэканструяваны ў 1985 (арх. рэканструкцыі — С.Б.Неўмывакін). Асн. змест дзейнасці цэнтра — папулярызацыя і арганізац.-метадычнае забеспячэнне развіцця шахмат і шашак на Беларусі, падрыхтоўка спартсменаў, спартсменаў-інструктараў нац. каманд Беларусі па шахматах і шашках, арганізацыя і правядзенне спарт. мерапрыемстваў і спаборніцтваў, наладжванне міжнар. спарт. сувязей. Цэнтр (2003) мае аддзяленні шахмат і шашак, у 21 групе займаюцца 194 вучні. Сярод выпускнікоў аддз. шахмат — шматразовыя чэмпіёны Беларусі міжнар. гросмайстры С.​Азараў, А.​Аляксандраў, Г.​Лагвілава, І.​Раманава, міжнар. майстры А.​Жыгалка, Н.​Папова, І.​Цяценькіна і інш.; шашак — чэмпіён свету А.Гантварг, віцэ-чэмпіёнка свету І.​Пашкевіч, міжнар. гросмайстры А.​Булатаў, А.​Валюк, міжнар. майстры В.​Варушыла, В.​Садоўская і інш. Пры цэнтры дзейнічае (2003) клуб аматараў шахмат «Ладдзя».

Г.​Н.​Бугрым.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

champion

[ˈtʃæmpjən]

1.

n.

1) чэмпіён -а m., чэмпіёнка f.

2) змага́р -а́ m., змага́рка f.; абаро́нца -ы m., прыхі́льнік -а m.

a great champion of peace — вялі́кі змага́р за мір або́ прыхі́льнік мі́ру

2.

adj.

першара́дны, які́ ўзя́ў пе́ршае ме́сца

3.

v.

змага́цца за што, барані́ць, падтры́мваць

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ША́ШКІ,

гульня 2 партнёраў на шматклетачнай дошцы (падзеленай на цёмныя і светлыя палі) аднолькавымі, але розных колераў фігуркамі (фішкамі-Ш.), якія перамяшчаюцца па цёмных палях паводле пэўных правіл; від спорту. Мэта гульні — знішчыць фігуры праціўніка ці «заперці» іх (пазбавіць хадоў).

Паводле археал. звестак і твораў Герадота і Платона, Ш. ўзніклі ў Стараж. Егіпце і краінах Аравійскага п-ва. Існуюць Ш. рускія, англ., ням., ісп. (на 64-клетачнай дошцы па 12 фігур у кожнага партнёра), франц., польск. (на 100-клетачнай дошцы па 20 фігур), канадскія (на 144-клетачнай 30 фігур). З 19 ст. праводзяцца нац. чэмпіянаты (у Расіі з 1896). Найб. пашырэнне набылі 100-клетачныя франц. Ш., якія сталі міжнароднымі. Чэмпіянаты свету па 100-клетачных Ш. праводзяцца з 1894. 1-ы чэмпіён — І.​Вейс (1894—1912). У 1947 засн. Сусв. федэрацыя Ш. (Fédération mondiale du jeu de dames, ФМЖД), якая аб’ядноўвае нац. арг-цыі 49 краін (2003). У 1947 засн. званне міжнар. гросмайстра. З 1965 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (першапачаткова Кубак Еўропы; чэмпіён І.​Куперман, 1965, з 1972 — пяршынствы свету сярод юнакоў, з 1974 — пяршынствы свету сярод жанчын. З сярэдзіны 1980-х г. пры ФМЖД існуе секцыя рус. Ш. «64». Спаборніцтвы праводзяць па розных версіях: бразільскай, рус. і інш.

Чэмпіянаты свету па рус. Ш. праводзяцца з 1993 (1-ы чэмпіянат адбыўся ў г. Пінск, Беларусь, бронз. прызёрам стаў А.​Валюк). Самастойная галіна Ш. — шашачная кампазіцыя, у якой зарэкамендавалі сябе бел. шашысты чэмпіёны свету Б.​Іваноў, У Шульга. На Беларусі спаборніцтвы праводзяцца па рус. і міжнар. Ш. 1-е афіц. спаборніцтва па рус. Ш. — чэмпіянат Мінска — праведзены ў 1922 (пераможца Б.Круталевіч), 1-ы чэмпіянат Беларусі па рус. Ш. — у 1925. Найб. поспехаў у розны час дасягнулі: Валюк, В.​Габрыэлян, М.​Гелер, А.​Соркіна, А.​Плакхін. 1-ы чэмпіянат Беларусі па міжнар. Ш. адбыўся ў 1953. Найб. вызначыліся ў Ш. гэтай катэгорыі А.Альтшуль, А.Балякін, А.Гантварг, З.Голубева, В.​Камышлеева, М.Кац, І.​Пашкевіч, А.​Прэсман, Л.Сахненка, М.​Шавель. Федэрацыя Ш. Беларусі ўступіла ў ФМЖД у 1992. Каманда бел. шашыстаў прымала ўдзел у Сусв. шашачных алімпіядах у 1992 (1-е месца) і 2000 (3-е месца).

Літ.:

Берлинков Б.Л., Рокитницкий А.В. Шашечные партии белорусских мастеров. Мн., 1983;

Курилович Н.В. Заочные шашки в Беларуси. Мн., 1999;

Кац М. Уроки стратегии на 100 клетках. Мн., 2000.

П.​А.​Шацаў.

т. 17, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.

Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.​Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.​Альхімовіч, В.​Лукашэвіч, В.​Рускіх, А.​Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.​Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДМІНТО́Н (англ. badminton),

спартыўная гульня з ракеткай і валанам. Радзіма бадмінтона — Індыя. У 2-й пал. 19 ст. завезены ў Англію, назва ад англ. г. Бадмінтан, дзе ў 1872 прайшлі першыя спаборніцтвы па бадмінтоне.

У бадмінтон гуляюць на пляцоўцы 13,4 × 5,2 м (для адзіночных) ці 13,4 × 6,1 м (для парных сустрэч) праз сетку памерам 6,10 × 0,75 м, нацягнутую на выш. 155 см. Мэта гульні не дапусціць падзення валана на сваім баку, а прызямліць яго на пляцоўцы саперніка. Гуляюць 3 партыі да ліку 15 ачкоў у кожнай, у жаночых і дзіцячых сустрэчах да 11 ачкоў. З 1934 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бадмінтона, чэмпіянаты свету з 1977, Еўропы з 1968; з 1992 (Барселона) бадмінтон у Алімпійскай праграме.

На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Зборная Беларусі па бадмінтоне неаднаразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў СССР, Кубкаў СССР і летніх Спартакіяд народаў СССР. Бел. бадмінтаністы С.​Розін і А.​Скрыпко (1977, 1979), Скрыпко і С.​Балясава (1979) уладальнікі Кубка Еўропы ў камандным першынстве. З 1993 Беларусь член Міжнар. федэрацыі і Еўрап. саюза па бадмінтоне.

Да арт. Бадмінтон. Пляцоўка для гульні, ракетка і валан.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕДЗЯ́РАЎ Аляксандр Пятровіч (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».

т. 8, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,

від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.

Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.

На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.​Агрызка, В.​Ваткіна, В.​Гантар, І.​Лісоўская, В.​Рабіновіч, Ю.​Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.​Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ЛІН Анатоль Іванавіч (9.3.1929, с. Бякетава Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 29.8.2002),

бел. спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка, бег з бар’ерамі). Засл. майстар спорту СССР (1954), засл. трэнер Беларусі (1977), засл. трэнер СССР (1984). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953), з 1957 выкладаў у ім. З 1975 ст. трэнер спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спарт. школы па лёгкай атлетыцы Бел. савета добраахвотнага спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы». З 1988 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (Мінск). У 1980—89 ст. трэнер зборных каманд СССР і Беларусі па лёгкай атлетыцы. Фіналіст (4-е месца) XV (1952, Хельсінкі) і XVI (1956, Мельбурн, 7-е месца) Алімп. гульняў. Чэмпіён Еўропы (1954, Берн). 8-разовы прызёр чэмпіянатаў СССР (1951—58), рэкардсмен СССР у эстафетным бегу 4×400 м (1952). Выступаў на дыстанцыі 400 м з бар’ерамі. Як трэнер падрыхтаваў 12 майстроў спорту, 8 майстроў спорту міжнар. класа, 2 засл. майстроў спорту; 2 прызёраў Алімп. гульняў, 3 чэмпіёнаў і 2 рэкардсменаў свету, 2 чэмпіёнаў Еўропы, больш за 10 чэмпіёнаў СССР.

Тв.:

Барьерный бег (разам з М.​М.​Сідарэнкам) // Легкая атлетика. Мн., 1964.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н, Канстанцінас (Kōnstantinos),

імя каралёў Грэцыі ў 20 ст. з дынастыі Глюксбургаў.

Канстанцін I (2.8.1868, Афіны — 11.1.1923), кароль у 1913—17 і 1920—22, военачальнік. Сын Георга I, бацька Георга II (гл. Георг), Аляксандра і Паўла I. Камандаваў грэч. арміяй у грэка-тур. вайну 1897 і ў час Балканскіх войнаў 1912—13. Выступаў за нейтралітэт Грэцыі ў 1-ю сусв. вайну, пад націскам вярх. камісара Антанты ў г. Салонікі (з кастр. 1915 акупіраваны англа-франц. войскамі) у чэрв. 1917 адрокся ад прастола на карысць сына Аляксандра. Зноў правіў пасля смерці Аляксандра. Канчаткова адрокся ад улады пасля паражэння Грэцыі ў грэка-турэцкай вайне 1919—22.

Канстанцін II (н. 2.6.1940, каля Афінаў), кароль у 1964—74. Сын Паўла I (правіў у 1947—64). Скончыў арыстакратычны каледж Анаўрыта і Афінскі ун-т. Ваен. падрыхтоўку набыў у вучылішчах Грэцыі (1956—58). Абвешчаны каралём пасля смерці бацькі. Пасля няўдалай спробы ў снеж. 1967 спыніць устанаўленне ваен. дыктатуры на чале з палк. Г.​Пападопуласам эмігрыраваў. Пазбаўлены ўлады пасля падзення ваен. дыктатуры (ліп. 1974) і правядзення рэферэндуму аб скасаванні манархіі. Алімп. чэмпіён па парусным спорце (Рым, 1960).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНА-ПРЫКЛАДНЫ́ СПОРТ,

від спорту, які ўключае комплексы прыёмаў, што выкарыстоўваюцца ў практыцы тушэння пажараў. Спаборніцтвы праводзяцца па 6 асн. відах: пераадоленне паласы перашкод (даўж. 100 м); падыманне па штурмавых драбінах у акно 4-га паверха вучэбнай вежы; устаноўка высоўных драбін і падыманне па іх у акно 3-га паверха вучэбнай вежы; двухбор’е (пераадоленне паласы перашкод і падыманне па штурмавых драбінах); пажарная эстафета з перашкодамі (4 × 100 м); баявое разгортванне. Спаборніцтвы праводзяцца ў асабістым, камандным, асабіста-камандным і кваліфікацыйным заліках у 4 узроставых групах.

П.-п.с. узнік у СССР, першыя спаборніцтвы (пажарнай аховы НКУС) адбыліся ў 1937. З 1960-х г. развіваецца і ў інш. краінах. Першыя міжнар. спаборніцтвы праведзены ў 1968 (С.-Пецярбург).

На Беларусі П.-п.с. развіваецца з 1947. Першыя рэсп. спаборніцтвы праведзены ў 1948 (у закрытых памяшканнях — у 1983, г. Віцебск), першы чэмпіянат рэспублікі — у 1961. Федэрацыя П.-п.с. Беларусі заснавана ў 1998. Вял. ўклад у развіццё П.-п.с. зрабілі засл. трэнеры Беларусі А.​С.​Новікаў і І.​В.​Шульга (чэмпіён СССР 1973, 1976). Сярод бел. спартсменаў: чэмпіёны СССР В.​Нямілаў (1975—78), А.​Грабцоў і В.​Забойка (1976).

А.​П.​Герасімчык, Л.​А.​Лазараў.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)