расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.Коласа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НА (Viburnum),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі дзікарослая К. звычайная, або чырвоная (V. opulus). Расце на ўзлесках, высечках, сярод хмызняку, па берагах рэк і азёр; вырошчваецца ў садах і парках. Інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі К.: бульдзенеж, або снегавы шар (V. o. Rosseum), канадская (V. lentago), карлікавая (V. o. Nanum), суцэльналістая (V. lantana).
Лістападныя або вечназялёныя кусты і дрэвы выш. да 4 м. Лісце трох-, пяцілопасцевае. Кветкі белыя ці ружова-белыя, сабраныя ў парасонападобныя мяцёлкі. Плады — ярка-чырв. касцянка, ядомыя. Лек., харч., фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЬКІ́ (Regulus),
род птушак атр. вераб’інападобных. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: жоўтагаловы каралёк і чырвонагаловы К. (R. ignicapillus) — рэдкі залётны від. Жывуць пераважна ў яловых лясах.
Самыя маленькія пеўчыя птушкі, даўж. да 11 см, маса да 7 г. Ў К. чырвонагаловага афарбоўка спіны шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае; праз вока ідзе чорная палоска; бровы белыя, шапачка аранжава-чырвоная. Гняздо К. шарападобнае, з адкрытым верхам, на выш. 4—12 м ад зямлі. Нясуць 6—10 яец двойчы за год. Кормяцца насякомымі і лічынкамі.
Да арт.Каралькі. Каралёк чырвонагаловы. 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЗЕЎ (Васіль Васілевіч) (18.1.1887, г. Цюмень, Расія — 10.11.1937, паводле інш. звестак, сак. 1938),
рускі паэт. Друкаваўся з 1905. Аўтар літ. і паліт. пародый, фельетонаў, эпіграм, памфлетаў (зб-кі «Сатырычныя песні», 1910; «Двухногія без пер’я», 1914). Збіраў нар. песні, частушкі (кн. «Жыццё маладой вёскі. Частушкі-каратушкі С.-Пецярбургскай губерні», 1913), якія выкарыстоўваў у сваіх творах (цыкл «Падпіцершчына», 1915). Творчасць паслярэв. часу мае хранікальна-дакумент. характар: паэт.зб-кі «Чырвоныя званы і песні» (1918), «Песні Чырвонага Званара» (1919), «Чырвоная ленінская вёска» (1925), рэв. песні, балады. Аўтар рамана «Дзяды» (1934; пад псеўд. Іван Сядых), кніг прыказак «Русь» (1924) і «Кніга прыказак» (1930). Пісаў для дзяцей. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПЕ́НЬКА (Яўген Міхайлавіч) (20.8.1936, в. Саськаўка Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.2.1990),
бел.паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1970). Працаваў у прэсе, у 1970—90 у газ. «Чырвоная змена». Друкаваўся з 1953. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Салаўі» (1969), «Нядзеля» (1972), «Бусліны човен» (1975), «Стрэчанне» (1981) і інш., сатыр. і гумарыстычных твораў («Слон пад мікраскопам», 1978; «Юбілейныя бліны», 1984), кніжак для дзяцей («Малінавы год», 1971; «Колеры», 1973; «Хто нам дом пабудаваў», 1978, і інш.). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», творы рус., укр. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),
японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп.т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЕЦ (Алег Данілавіч) (н. 18.4.1952, в.Чырвоная Горка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гісталогіі і імуналогіі. Д-рмед.н. (1993), праф. (1996). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1980) і працуе ў ім (з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па будове і функцыі скуры і органаў імунітэту ў норме і паталогіі, пры ўздзеянні на арганізм холадавых фактараў і траўмы, гістапаталогіі скуры пры псарыязе.
Тв.:
Изменения функциональной активности макрофагов кожи и регионарного лимфоузла после воздействия на организм белых крыс общей глубокой гипотермии // Архив анатомии, гистологии и эмбриологии. 1989. № 6;
Функциональная морфология и общая патология кожи. Витебск, 1997 (разам з У.П.Адаскевічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́КТРЫЯ (Nectria),
род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.
Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.