праўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).
2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.
3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́сія, ‑і, ж.
1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.
2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.
[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старшыня́, ‑і, м.
1. Асоба, якая вядзе сход, праводзіць пасяджэнне. Ён [палкоўнік Груп] — камандзір і старшыня, Сам абвясціў павестку дня. Колас.
2. Кіраўнік некаторых устаноў, аб’яднанняў, арганізацый або іх аддзелаў, органаў. Старшыня выканкома. Старшыня камітэта па друку. □ — Я скажу, сусед, аб гэтым Табе толькі пад сакрэтам: У мяне, бач, ёсць радня — Сельсавета старшыня. Крапіва. Лаўніцкі застаўся чакаць старшыню калгаса — яму сказалі, што ён павінен тут хутка быць. Шахавец.
3. (з вялікай літары). У саставе афіцыйнай назвы кіраўніка дзяржавы, урада або вышэйшых дзяржаўных органаў. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Старшыня Савета Міністраў СССР. Старшыня Савета Нацыянальнасцей. Старшыня Вярхоўнага Суда СССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАРША́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1837—1915. Утворана на тэр. Варшаўскага ваяводства Каралеўства Польскага. Цэнтр — г. Варшава. З 1866 пад агульнаімперскім кіраваннем. У канцы 19 ст. падзялялася на 14 паветаў: Варшаўскі, Бронскі, Гостынскі, Груецкі, Кутнаўскі, Ловіцкі, Навамінскі, Няшаўскі, Плонскі, Пултускі, Радзімінскі, Скернявіцкі, Сахачаўскі, Улацлаўскі. Пл. 15,3 тыс. квадратных вёрст, нас. 1 млн. 933 тыс. чал. (1897), у т. л. 794,5 тыс. гараджан. Аснову эканомікі складалі земляробства і апрацоўчая прам-сць — каля 1 тыс. прадпрыемстваў (69 тыс. рабочых, 1910). Гал. гандл. цэнтр — Варшава. 3 ВНУ (усе ў Варшаве), 14 мужчынскіх і 8 жан. сярэдніх навуч. устаноў, каля 700 пач. школ (1910). Каля 330 каталіцкіх і 30 правасл. цэркваў, 220 сінагог, 1 мячэць (канец 19 ст.). У 1915 тэр. Варшаўская губерня акупіравана герм. войскамі.
т. 4, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЗАГРАНІ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Празе.
Створаны ў 1928 (ці 1929) бел. эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі бел. нац.-вызв. руху. Заснавальнік і першы загадчык М.Вяршынін, у 1934—38 заг. архіва Т.Грыб. Падпарадкоўваўся Мін-ву замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 налічваў 15 тыс. назваў — матэрыялы Рады і дыпламат. місій БНР, архівы бел. замежных арг-цый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска бел. дзеячаў і інш.); б-ка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на бел. і інш. мовах); перыяд. выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў бел. газет); бел. бібліяграфіі (12 тыс. пазіцый — гіст. бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У 2-ю сусв. вайну архіў падпарадкоўваўся ням. акупац. уладам. Далейшы лёс архіва невядомы.
Г.І.Сурмач.
т. 2, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ПАДАДДЗЕ́Л АДДЗЕ́ЛА АСВЕ́ТЫ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ НАРО́ДНАГА КАМІСАРЫЯ́ТА АСВЕ́ТЫ РСФСР.
Дзейнічаў у Маскве з крас. 1919 да сак. 1921. Створаны на базе культ.-асв. аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята з мэтай праводзіць культ.-асв. работу сярод беларусаў. Загадчык Ф.Ф.Турук, інструктар Я.І.Хлябцэвіч. Пададдзелам выдадзены дапаможнік для настаўнікаў школ Беларусі «Курс беларусазнаўства» (1918—20), частка лекцый, прачытаных у Беларускім народным універсітэце, першы на рус. мове зборнік Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), «Нарысы беларускай літаратуры» (1920, рэд. М.А.Янчук), «Этнаграфічная карта беларускага племя» Я.Ф.Карскага (1920). Падтрымліваў сувязі з Я.Купалам, А.Р.Чарвяковым, вучнямі навуч. устаноў у Горках (сярод іх Г.І.Гарэцкі), акад. А.А.Шахматавым. Пададдзел удзельнічаў у арганізацыі БДУ, Бел. драм. студыі ў Маскве і інш.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЯННІ́ЦА»,
грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.Гартнага, К.Буйло, М.Гарэцкага, Я.Дылы, А.Паўловіча, Х.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.
С.В.Говін.
т. 6, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.
У.В.Ляхоўскі.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,
злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 7, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМЯНКО́Ў (Віктар Паўлавіч) (н. 27.5.1937, пас. Гарадок Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Канд. філас. н. (1969), праф. (1988). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959) і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1969). З 1959 на камсамольскай і парт, рабоце (у 1977—87 нам. заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦК КПБ). З 1987 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ (прарэктар БДУ), з 1994 — першы прарэктар гэтага ін-та (цяпер Рэсп. ін-т вышэйшай школы БДУ). Даследуе тэарэт. праблемы навук.-тэхн. прагрэсу, выхавання і сацыялізацыі асобы, сац.-філас. аспекты развіцця і гуманітарызацыі сістэмы нар. адукацыі.
Тв.:
Кибернетика и труд. Мн., 1972;
Гуманітарызацыя адукацыі: сучасныя канцэпцыі і практыка. Мн., 1994 (у сааўт.);
Концепция гуманитаризации высшего образования в Республике Беларусь. Мн., 1995 (у сааўт.).
т. 8, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)