ЛЮ́БЖЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,46 км², даўж. каля 2,3 км, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 5,3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, у ніжняй ч. парослыя хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 1,5—2 м выслана пяском, ніжэй — ілам. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 15 м. 3 возера выцякае ручай у воз. Паўазер’е.

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КТАШ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 8 км на У ад г.п. Ушачы. Пл. 0,31 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 1,87 км². Схілы катлавіны выш. 3—7 м (на ПдЗ 10—15 м), пад лесам. Берагі нізкія, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя, на невял. участку на У зліваюцца са схіламі. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага нешырокая паласа пясчаных адкладаў. Зарастае. На ПдУ з возера выцякае ручай у р. Выдрыца.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЧНЫ КВАДРА́Т,

квадратная (n × n) табліца цэлых лікаў ад 1 да n​2, у якой сума лікаў уздоўж любога радка, слупка і вял. дыяганалі табліцы ёсць велічыня пастаянная і роўная n(n​2 + 1)/2. Лік n наз. парадкам М.к. Даказана, што М.к. можна пабудаваць для любога n>3. Існуюць М.к., якія задавальняюць дадатковыя умовы, напр., М.к. з n=8 можна разбіць на 4 меншыя па 16 лікаў, кожны з якіх таксама М.к. У абагульненым сэнсе пад М.к. разумеюць квадратныя табліцы, запоўненыя не абавязкова паслядоўнымі і першымі натуральнымі лікамі.

Магічныя квадраты розных парадкаў.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ЗЕ (Molise),

вобласць у Паўд. Італіі, на Апенінскім паўвостраве. Пл. 4,4 тыс. км². Нас. 331 тыс. ж. (1991). Адм. цэнтр — г. Кампабаса. Уключае правінцыі Кампабаса і Ізернія. На ПнУ, уздоўж узбярэжжа Адрыятычнага м. — узгоркаватая раўніна. У цэнтр. ч. М. пласкагор’е Малізе. На Пд Апенінскі хрыбет Матэсе выш. да 2050 м (г. Мілета). Аснова эканомікі вобласці — сельская гаспадарка. Вырошчваюць пшаніцу, бабовыя і інш. У перадгорнай зоне і на спадзістых схілах ніжняга пояса гор — вінаградарства і вырошчванне аліў. У гарах пашавая жывёлагадоўля, пераважна авечкагадоўля. Прам-сць па апрацоўцы с.-г. прадукцыі. Саматужныя промыслы. Буйны турыстычны комплекс.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ШЧА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 1,23 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 40,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. да 5 м., пад хмызняком і пашай, на У хваёвы лес. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд і З забалочаныя, параслі хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Празрыстасць 0,5 м. Эўтрофнае, з прыкметамі антрапагеннага дыстрафіравання. Зарастае слаба. Упадаюць ручаі з азёр Бяржонка і Опса, выцякае ручай у р. Акунёўка.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІ́РУС (Cuperus papyrus),

кветкавая расліна сям. асаковых. Радзіма — трапічная Афрыка. Расце ў павольнай вадзе, уздоўж берагоў рэк і азёр утварае зараснікі. Культывавалі ў стараж. Егіпце (лічыўся царскай раслінай), Палесціне і ў некат. краінах Паўд. Еўропы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 5 м. Сцёблы прамастойныя, трохгранныя. Лісце прыкаранёвае, лускападобнае. Суквецці буйныя, парасонападобныя са шматлікімі цыліндрычнымі калоссямі (даўж. 1—2 см) з невял. плоскіх каласкоў. Сцёблы выкарыстоўваліся для вырабу пісчага матэрыялу (папірусу), тканін, абутку, плытоў, чаўноў, цыновак, а таксама ў ежу. З іх будавалі караблі стараж. мараплаўцы. Дэкар. расліны. П. часта няправільна наз. сыць чарговалістую.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛІ́ЎНІЦЫ (Apatura),

род дзённых матылёў сям. німфаяід. Пашыраны ў Еўразіі; на тэр. ад Усх. Еўропы да Д. Усходу трапляецца 5 відаў. Жывуць у разнастайных ландшафтах умеранай зоны. На Беларусі 2 віды; П. вялікая, або вярбовая (A. iris), занесеная ў Чырв. кнігу, і малая, або таполевая (A. ilia). Трапляюцца на лясных палянах, лугах, у парках, садах, уздоўж дарог.

Размах крылаў да 85 мм. Афарбоўка яркая. Верхні бок крылаў самцоў з фіялетавым або сіняватым адлівам. Дарослыя кормяцца сокамі раслін, нектарам кветак, вусені — лісцем дрэў і травяністых раслін.

С.​Л.​Максімава.

Пераліўніцы: 1 — малая (а — яе вусень; б — кукалка); 2 — Шрэнка.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны, атрыманыя распілоўкай або фрэзераваннем бярвён уздоўж валокнаў; асн. прадукцыя лесапільнай вытворчасці.

Адрозніваюць П. радыяльнай, тангенцыяльнай і змешанай распілоўкі. П. з абпілаванымі кантамі наз. абразнымі, з неабпілаванымі — неабразнымі, апрацаваныя пасля пілавання (для згладжвання паверхні або фасоннай прафілёўкі) — струганымі. Бываюць агульнага прызначэння, спецыяльныя, экспартныя. Асн. віды П.: брусы, дошкі, брускі, абапалы, шпалы. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Піламатэрыялы: 1—3 — брусы (2-, 3- і 4-кантовыя); 4—6 — брускі (чыста абразны, з тупым і вострым абзолам); 7—9 — дошкі (чыста абразная, неабразная і аднабакова абразная); 10 — абапал дашчаны; 11—12 — шпалы (неабразная і абразная).

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЯРЭ́ЖНІК (Littorella),

род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўд. Амерыцы і на астравах Атлантычнага акіяна. На Беларусі атл.-еўрап. рэліктавы від П. аднакветкавы (L.uniflora), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай зоне азёр да глыб. 2,5 м, уздоўж вільготных берагоў азёр і рэк утварае зараснікі.

П. аднакветкавы — шматгадовая бессцябловая травяністая расліна выш. 2—15 см з карэнішчам, прыдаткавымі каранямі і паўзучымі сталонападобнымі парасткамі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, сядзячае, вузкалінейнае. Кветкі аднаполыя, цвітуць над вадой, аднак бутоны тычынкавых і песцікавых кветак развіваюцца пад вадой. Плод — арэшак.

В.​М.​Прохараў.

Прыбярэжнік аднакветкавы.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗБА,

насып уздоўж ніжняй часткі зруба вясковай хаты для засцярогі яго ад вільгаці і для ўцяплення памяшкання. Найб. простая П. — прысыпка зямлёй ці пяском 2 ніжніх вянкоў (гарыз. радоў бярвён). Больш дасканалая і пашыраная П. з калкоў, убітых у зямлю на адлегласці 35—40 см ад сцяны і пераплеценых лазой або бярозавымі пруткамі, ці з укапаных слупкоў, за якія закладвалі тонкае бярвенне, дошкі, гарбылі. Вядомы П. і з укапаных слупоў з пазамі, у якія закладвалі бярвенне, дылі. П. былі невысокія, зрэдку іх насыпалі да акна. У наш час будынкі ставяцца на фундаменце і П. не робяцца.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)