помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.І.Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл.Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.Збароўскі). Да паўд. і ўсх.сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд.сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.Н.Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.І.Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.Святаполк-Мірскім. У Вял.Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.Атас, С.Верамейчык, В.Калнін, навук. супрацоўнікі А.Трусаў, Л.Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.Ядкоўскі (1912), М.Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац.маст. музея Беларусі. Парк (т.зв.італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).
Літ.:
Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРО́ЎКАў архітэктуры,
размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.
Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі сабор (П ст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл.Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).
У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.
Літ.:
Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;
Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цырымо́нія, ‑і, ж.
1. Устаноўлены парадак правядзення якога‑н. абраду, урачыстасці; абрад, урачыстасць, якія праводзяцца ў строгім парадку. На цырымоніі адкрыцця выстаўкі выступіў беларускі паэт В. Вітка.«Звязда».Стала ў Брэсце добрай традыцыяй праводзіць многія ўрачыстыя цырымоніі ля сцен легендарнай крэпасці.«ЛіМ».
2.Разм.жарт. Пра якое‑н. працяглае, доўгае дзеянне, якое складаецца з шэрагу асобных учынкаў, дзеянняў. Цырымонія надзявання «добрага пінжака» праходзіць з адмысловай урачыстасцю.. Бярэ яго канечн[е] «Матрёна» і, трымаючы на выцягнутых уперад руках, падносіць да Гвардыяна з напружанай, блізкай да спалоху павагай. Гвардыян ужо загадзя абярнуўся спінай насустрэчу «добраму пінжаку» і выставіў назад.. рукі.Зарэцкі.
3.звычайнамн. (цырымо́ніі, ‑ій). Умоўнасці ў паводзінах, якія ўласцівы цырымоннаму чалавеку; паводзіны цырымоннага чалавека. [Полаз:] — Слухай, Лемяшэвіч, давай на «ты»... Мы з табой людзі роўныя, камуністы, і выкінем да ліха ўсе цырымоніі.Шамякін.[Зыбін:] — Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым... Заходзь, праўда — без цырымоній!..Мележ.
[Ад лац. caeremonia — літаральна пашана, павага.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
горад у Бельгіі. Адм. ц. аднайменнай правінцыі. Другі па велічыні пасля Бруселя горад краіны; 467,8 тыс.ж. (з прыгарадамі больш за 700 тыс.ж., 1992). Размяшчаецца за 88 км ад Паўночнага м. на р. Шэльда, даступнай для марскіх суднаў, і Альберта-канале. Тунэлі пад ракой злучаюць часткі горада. Буйнейшы ў Еўропе гандл.-фінансавы цэнтр.Гал. кірункі эканомікі — знешнегандл. і фін. аперацыі, міжнар. транзітныя перавозкі. Антверпен — трэці пасля Ротэрдама і Марселя марскі порт Еўропы (грузаабарот за год больш за 90 млн.т). Вузел перасячэння чыгунак, аўтадарог, нафта- і прадуктаправодаў. Гал.прамысл. горад краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем партовай гаспадаркі і апрацоўкай прывазной сыравіны, асабліва нафты (магутнасць нафтаперапр. з-даў да 36 млн.т за год). Развіты машынабудаванне, трактара- і аўтазборка, радыёэлектроніка і інш., каляровая металургія, хім., тэкст., вытв-сць алмазнага інструменту. АЭС. Антверпен — найбуйнейшы ў свеце цэнтр агранкі алмазаў і гандлю брыльянтамі. Антверпенская алмазная біржа мае ў абароце каля 70% апрацаваных алмазаў свету.
Упершыню ўпамінаецца ў 7 ст. З 1291 горад. З 1315 у Ганзейскім саюзе гарадоў. З 16 ст. буйны гандл. і фін. цэнтр Зах. Еўропы. У 1579 далучыўся да Утрэхцкай уніі. У 1585 захоплены іспанцамі, у 1794 — французамі. Паступова страціў эканам. значэнне. З 1814 у складзе Нідэрландаў, з 1830 — гандл. порт Бельгіі.
Гіст. ядро Антверпена на правым беразе р. Шэльда: познагатычныя збудаванні з багатым дэкорам (сабор Онзе-ліве-Враўэкерк, 1352—1616; замак Стэн, перабудаваны ў 1520—21, шматлікія дамы і цэрквы ў стылях готыкі і барока). На пл. Гротэ-маркт помнікі фламандскага рэнесансу: ратуша (1561—65, арх. К.Флорыс), дамы гільдый, Дом П.П.Рубенса (1611—18), каралеўскі палац (1743—45) — усе ў стылі барока. На месцы гар.сцен 16 ст. паўкальцо бульвараў, за іх мяжой — новыя жылыя раёны з эклектычнымі забудовамі ў стылях мадэрн і функцыяналізму.
Літ.:
Герман М. Антверпен. Гент. Брюгге: Города старой Фландрии. Л., 1974.
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Антверпен. Від на сабор Онзе-ліве-Враўэкерк. 1352—1616.Антверпен. «Вялікі рынак» з будынкамі гільдый (16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ЛУБКА,
часовая форма для ўкладкі бетоннай сумесі і арматуры пры вырабе бетонных і жалезабетонных маналітных канструкцый. Робіцца з дрэва, металу, фанеры, жалезабетону, пластмасаў і інш. матэрыялаў. Бывае разборна-перастаўная, аб’ёмна-блочная, слізгальнарухомая і інш. Выбар тыпу апалубкі вызначаецца характарам канструкцый (збудаванняў), геам. памерамі, тэхналогіяй выканання работ, кліматычнымі ўмовамі.
Найб. пашырана разборна-перастаўная апалубка — дробнашчытавая (са шчытоў масай да 70 кг), буйнашчытавая (да 500 кг) і блочная (са шчытоў, злучаных у прасторавыя блокі, часам з рабочай арматурай). Выкарыстоўваецца пры заліўцы фундаментаў, сцен, вырабе пакрыццяў і перакрыццяў, калон, бэлек і інш. Пры адмоўнай т-ры шчыты ўцяпляюць ці падаграваюць. Аб’ёмна-блочная апалубка — прасторавая канструкцыя са стальных шчытоў, каркаса, мацаванняў і прыстасаванняў для адрыву шчытоў ад бетону. Мантаж і дэмантаж блок-формаў вядуць падымальнымі механізмамі. Выкарыстоўваецца для бетанавання канструкцый, якія стаяць асобна. Слізгальна-рухомая апалубка ствараецца пры буд-ве высокіх аб’ектаў (элеватараў, рэзервуараў, вежаў і інш.). Робіцца са шчытоў, якія падымаюцца з дапамогай дамкратаў па паверхні збудаванняў, што бетануюцца. Ёсць таксама пад’ёмна-перастаўная апалубка — са шчытоў, крапежных і пад’ёмных прыстасаванняў (для буд-ва вежаў, градзірняў і інш. высокіх збудаванняў); гарызантальна перасоўная — са шчытоў і каркаса на цялежках ці палазах (для узвядзення скляпенняў-абалонак, калектараў, падпорных сценак і інш.); няздымная — пліты, абалонкі, метал. сеткі і інш., якія пасля бетанавання канструкцыі (напр., плаціны) застаюцца ў ёй як састаўная частка; горная апалубка — перасоўная, створкавая, секцыйная і інш., выкарыстоўваецца для мацавання горных выпрацовак; стацыянарная металічная апалубка — пры вырабе жалезабетонных канструкцый на з-дзе ці палігоне. Найб. эфектыўная апалубка шматразовага выкарыстання (інвентарная), збіраецца з уніфікаваных элементаў і ўзбуйненых блокаў. Каб паверхня канструкцыі была гладкая, апалубку змазваюць ці пакрываюць пастай. Работы, звязаныя з вырабам, устаноўкай і разборкай апалубкі, наз. апалубнымі работамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́СК,
араб.Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.
Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст.н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц.франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.
Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст.н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац.б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІБО́ЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУРА,
мануфактура кн. Радзівілаў, якая існавала ў в. Налібакі (1717—1866) і Янкавічы (шліфавальны цэх, да 1798) Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Створана на высокім тэхн. узроўні на ўзор Дрэздэнскай мануфактуры. Выпускала больш за 100 назваў высокамаст. вырабаў, у т. л. хрусталь, люстэркі, люстры для сцен і столі, жырандолі і падсвечнікі, посуд (шклянкі, чаркі, келіхі, бакалы, куляўкі, барылкі, бутэлькі-штофы і інш.), дробную пластыку, дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло, тыглі для плаўкі шкла, а таксама шліфаваныя і гутныя аздобы для вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры («зоркі», «пірамідкі», «дубовае лісце», «лілеі», «званочкі» і інш.). Мела варачную печ, 2 печы для загартоўкі шкла, 2 люстэрні, 16 станкоў, паташню на 12 чанаў, кузню, ганчарню, сталярню, рысавальню, 2 шліфавальні; дзейнічаў вадзяны рухавік. У 1778 працавала больш за 100 рабочых. У 1866 выраблена 56 тыс. шклянак і штофаў. Вырабы стваралі з каляровага і бясколернага шкла, варылі рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам паводле ням. тэхналогіі 17 ст. Посуд аздаблялі гравіраваннем, шліфоўкай, контррэльефнай матавай разьбой, ніцямі рубінавага шкла, міжсценным залачэннем, размалёўкай золатам, серабром, плацінай, накладнымі (адлітымі па васковай мадэлі і разнымі) рэльефнымі медальёнамі-камеямі з партрэтнымі выявамі і інш. У гравіраваных шрыфтавых дэкорах трапляюцца жартоўныя надпісы-парады, пажаданні, вершы. Сярод выяўл. дэкораў сустракаюцца міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, паляўнічыя сцэны, партрэты, гербы, арабескі, краявіды, выявы птушак, сабак; адлюстроўваліся самабытныя з’явы побыту, жартаў, забаў, сатыр. сцэны з заняткаў мясц. жыхароў і інш. Каляровы посуд ствараўся ў традыц. формах. Рысавальшчыкамі і гравіроўшчыкамі былі беларусы; замежныя (пераважна саксонскія) майстры займаліся тэхнал. працэсамі. Склаліся мясц. дынастыі майстроў шкляной справы: Адамовічы, Александровічы, Галубовічы, Дашкевічы, Дубіцкія, Залескія, Малішэўскія, Рымашэўскія, Санцэвічы, Сільвястровічы і інш. Традыцыі Н.ш.м. працягваюць сучасныя бел. мастакі па шкле.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж Беларускае мастацкае шкло XIX—пачатак XX ст.Мн., 1984;
Яе ж. Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Налібоцкая шкляная мануфактура. Шклянка і келіхі. 1760—75.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ВА, глазура,
шклопадобнае пакрыццё таўшчынёй 0,15—0,3 мм, замацаванае на кераміцы абпальваннем. Робіць кераміку воданепранікальнай, надае ёй новыя дэкар. ўласцівасці, узбагачае колер. Для прыгатавання П. выкарыстоўваюць кварцавы пясок, борную к-ту, мел, гліну, аксіды свінцу, барыю, стронцыю і інш. Гатуецца 2 спосабамі: памолам кампанентаў з вадой у шаравым млыне і сплаўленнем (фрытаваннем) зыходных матэрыялаў у вогнеўстойлівым тыглі; грануляцыяй расплаву ў халоднай вадзе і памолам фрыты ў шаравым млыне. Наносіцца на сырыя або абпаленыя вырабы акунаннем, паліваннем, распыленнем, а таксама пэндзлем. Бывае празрыстая і непразрыстая (глухая), бясколерная і каляровая, падцёкавая, крышталічная, матавая, кракле, «змяіная скура» (зборка П.), «карункі» (успучванне П.), П. аднаўляльнага агню (на аснове солей цяжкіх металаў) і інш. Паводле т-ры спякання П. падзяляюць на тугаплаўкія (1250—1400 °C для фарфору і легкаплаўкія (900—1150 °C) для фаянсу, маёлікі і інш. Празрыстую П. выкарыстоўваюць для выяўлення падпаліўнага малюнка ангобам і керамічнымі фарбамі, непразрыстую белую ці каляровую (эмаль) часам размалёўваюць люстрам.
Вынайдзена ў Стараж. Егіпце, адкуль перайшла ў Вавілонію, Асірыю, Персію. Вядома ў мастацтве стараж. Грэцыі, Рыма, Кітая, у 10—13 ст. пашырылася ў ісламскіх краінах. У Еўропе існавалі празрыстая свінцовая і глухая алавяная П. Белая матавая П. вынайдзена ў 1438 у Італіі. У Расіі рабілі зялёную П. («мурава»), шматколерная П. выкарыстоўвалася з 16—17 ст.
На Беларусі вядома з 12 ст. ў арх.-дэкар. і быт. кераміцы: каляровай глухой П. пакрывалі пліткі дэкаратыўныя для абліцоўкі сцен і падлог храмаў у Полацку, Тураве, Пінску і інш. З 15 ст. для пакрыцця сталовага посуду і кафлі ўжываліся легкаплаўкія свінцовыя П. (Віцебск, Магілёў, Мінск, Ліда). Пераважалі зялёны, карычневы, светла-карычневы колеры. З 2-й пал. 16 ст. пашырылася тэхніка пакрыцця каляровымі эмалямі («цанінная» кераміка), з пач. 18 ст. — размалёўка па эмалі. У канцы 19 — пач. 20 ст.бел. ганчары-саматужнікі выкарыстоўвалі легкаплаўкія бясколерныя празрыстыя свінцовыя П. Вырабляюць на Мінскім фарфоравым з-дзе, прадпрыемствах буд. матэрыялаў.
Літ.:
Миклашевский А.И. Технология художественной керамики. Л., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж.Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.А.Булкін (1979), С.В.Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Літ.:
Гл. пры арт.Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.