ЦЯСЛЯ́РСТВА,

адзін з відаў дрэваапрацоўчых рамёстваў, звязаны з вырабам і ўстаноўкай драўляных канструкцый і дэталей вял. памераў; галіна народнага дойлідства. Вядома многім народам свету. Да Ц. адносяцца цяслярныя работы па ўстаноўцы драўляных падмуркаў, сцен, падлогі, перагародак, перакрыццяў (бэлек, насцілаў), даху (крокваў, лат), дапаможных канструкцый (рыштаванняў, памостаў) і інш. На Беларусі матэрыял для Ц. — драўніна пераважна хваёвых парод у выглядзе бярвён, брусоў, дошак, жэрдак, у наш час — таксама фанеры, драўнянавалакністых пліт і інш. Асн. віды апрацоўкі драўніны ў Ц. — рубка, абчэсванне, распілоўка, габляванне, свідраванне, дзяўбанне і інш.; асн. дрэваапр. інструменты — сякеры, пілы, долаты, свердлы, рубанкі і інш. (гл. Сталярна-цяслярскі інструмент).

У нар. дойлідстве бярвёны рубілі пераважна сякерамі, для насцілаў (цёсу) іх расколвалі ўздоўж на плахі, пры гэтым побач з сякерай выкарыстоўвалі і драўляныя кліны. З 19 ст. пашырылася піла, з дапамогай якой нарыхтоўвалі дошкі, аполкі, брусы, рабілі мацаванні вуглоў зруба і інш. Бярвенне для зруба абчэсвалі з 2 бакоў (Цэнтр. і Зах. Беларусь), канструкцыі мацавалі ўрубкай з дапамогай драўляных калкоў, забітых у прасвідраваныя адтуліны і інш. З канца 19 ст. Ц. нярэдка мела характар адыходніцтва. У сучасным нар. дойлідстве апрацоўка драўніны, нарыхтоўка дошак, выраб асн. канструкцый ажыццяўляюцца мех. спосабам на піларамах з ужываннем інструментаў з электрапрыводам. Выпрацаваныя нар. майстрамі-цеслярамі навыкі і прыёмы шырока выкарыстоўваюцца ў сучасным грамадскім і прамысл. буд-ве. Гл. таксама Сталярства.

Я.​М.​Сахута.

т. 17, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)