памянці́ць, ‑мянчу, ‑менціш, ‑менціць; зак.
1. што. Падвастрыць касу мянташкай. Вось пара памянціць ужо касу, пара нанава напляваць у рукі, а.. [Ігнат] махае яшчэ і яшчэ. Скрыган.
2. перан.; што, чым і без дап. Разм. Мянціць (у 2 знач.) некаторы час. Звычайных, абы памянціць языком, наведванняў Чорны не любіў і, не саромеючыся, бараніўся ад іх. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паадва́львацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Адваліцца, адпасці ў многіх месцах, усюды. Тынкоўка паадвальвалася цэлымі лапінамі. Скрыган. — Вы ж падумайце: крані яе, — Сузан паказаў на хату, — вуглы паадвальваюцца і бярвенне ў парахню рассыплецца. Галавач.
2. Адкінуцца, адваліцца тулавам назад — пра ўсіх, многіх. Паадвальвацца на спінкі крэслаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачапа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., каго-што.
1. Дакрануцца некалькі разоў; пакратаць. [Галя] не кранулася іх рукою. Ведала звычай некаторых птушак: калі пачапаеш яйкі рукамі, птушкі цураюцца іх. Сабаленка. [Дзед] адкашляўся, разгладзіў, убачыўшы нас, вусы, пачапаў кароценька пастрыжаны клінок бародкі. Янкоўскі.
2. Крануўшы, парушыць. Пасля.. [жонка] расказвае, што цяпер пачалі паказвацца ваўкі. Мабыць, гэта пачапалі іхнія гнёзды. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паша́на, ‑ы, ж.
Павага, якая аказваецца каму‑н. грамадствам, людзьмі. У тоне Сцепкавага адказу была мяккасць і пашана да стрэлачніка, што таму вельмі спадабалася. Колас. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган.
•••
(Не) у пашане (быць) — (не) карыстацца павагай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непрые́мнасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё нездавальнення, прыкрасці і пад. Ад непрыемнасці.. [Язэп] моршчыў губы, адварочваў нос. Бядуля. Непрыемнасць асталася ў Алесі ад.. гаворкі з [Рыгорам]. Скрыган.
2. Непрыемнае здарэнне, паведамленне і пад. Непрыемнасці часта налягаюць на цябе найбольш, з таго боку, адкуль іх не чакаеш. Паслядовіч. Я быў упэўнены, што мяне абавязкова чакае нейкая чарговая непрыемнасць. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бытава́нне, ‑я, н.
1. Жыццё, існаванне, быт. Тут будуюць сваё бытаванне.. Пралетары — зямлі ўладары! Колас. // Знаходжанне. [Кляновіч:] — Маё бытаванне ў вашага гаваруна старога Несцера не прапала дарэмна. Пестрак.
2. Распаўсюджанасць, пашыранасць дзе‑н. чаго‑н. Мне здаецца, што будзе вельмі добра, калі мы асмелімся прыняць у літаратурную практыку тыя словы, якія маюць шырокае бытаванне ў народнай мове. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
да́та, ‑ы, ДМ даце, ж.
Дакладны каляндарны час якой‑н. падзеі, здарэння. У новым Зацішку спяваюць дзяўчаты, Калгас адзначае прыкметную дату. Хведаровіч. // Памета на дакуменце, пісьме і пад. пра час (год, месяц, чысло) яго напісання. Паставіўшы подпіс і дату, Алік прачытаў напісанае ўсё з пачатку. Кулакоўскі. Собіч запісаў дату і суму ў сваю кантрольную картку. Скрыган.
[Фр. date.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяржа́ўнасць, ‑і, ж.
1. Дзяржаўны лад, дзяржаўная арганізацыя. Палессе выявіла ў сабе многа людзей, якія ў гады вайны сталі народнымі героямі ў справе змагання беларускага парода за сваю волю і незалежнасць, за сваю нацыянальную дзяржаўнасць. Чорны.
2. Уласцівасць дзяржаўнага. — Тут нават, калі ўжо так гаварыць, справа не ў грашах, а ў справядлівасці, у дзяржаўнасці нашай лініі. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́тык, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. датыкацца — даткнуцца (у 1 знач.). Марына, як заўсёды, прагледзела .. [ведамасці], малюсенькім дотыкам рукі паправіла валасы, хоць яны ляжалі вельмі акуратна. Скрыган. Побач былі слаўныя хлопцы, .. [Андрэй] як быццам адчуваў дотык іх сяброўскіх плячэй. Шахавец.
2. Адно з пяці знешніх пачуццяў — успрыманне адчуванняў, якія ўзнікаюць пры дакрананні да чаго‑н. Непасрэдны дотык. Апасродкаваны дотык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяк 1, ‑у, м.
Рэзкі металічны ці шкляны гук. У тры рады павозкі, На сотні вёрст абоз: Дубовых спіцаў лёскат, І звяк старых атос. Пушча. У пакой урываецца свежы подых паветра, востры пах зямлі і зеляніны, шкляны звяк кропель і — радасць. Скрыган.
звяк 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў звякаць і звякнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)