актынамо́рфны

(ад актына- + -морфны)

праменепадобны;

а-ая кветка — кветка, праз цэнтр якой можна правесці не менш як дзве плоскасці сіметрыі, што дзеляць кветку на роўныя палавіны, напр. кветка шыпшыны, кураслепу (параўн. зігаморфны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лі́нія, -і, мн. -і, -ній, ж.

1. Рыса на плоскасці, паверхні або ў прасторы.

Прамая л.

Ломаная л.

2. Рыса, якая вызначае кірунак, мяжу, узровень чаго-н.

Берагавая л.

Л. гарызонту.

3. Размяшчэнне чаго-н. у адзін рад.

Л. ўмацавання.

4. Шлях (чыгуначны, водны і інш.) зносін, напрамак якіх-н. перадач.

Паветраная л.

Трамвайная л.

Тэлеграфная л.

5. Паслядоўны рад продкаў, нашчадкаў, аб’яднаных кроўнымі сувязямі.

Л. роду.

6. перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў.

Л. паводзін.

7. перан. Галіна якой-н. дзейнасці.

Працаваць па грамадскай лініі.

8. Старая руская мера даўжыні, роўная 1/10 цалі.

Весці (гнуць) сваю лінію (разм.) — дамагацца свайго.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

план, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Чарцёж, які паказвае на плоскасці мясцовасць, збудаванне і пад.

П. зямельнага ўчастка.

2. Загадзя намечаная сістэма мерапрыемстваў, якая прадугледжвае парадак, паслядоўнасць і тэрмін выканання работ.

Вытворчы п.

Працаваць па плане.

Каляндарны п.

3. Праект, праграма якога-н. дзеяння.

П. падарожжа.

4. Узаемнае размяшчэнне частак, паслядоўнасць, сістэма.

П. урока.

5. Месца, размяшчэнне якога-н. прадмета ў перспектыве.

Пярэдні п.

Адысці на задні п. (перан.: страціць актуальнасць, стаць другарадным).

6. Маштаб паказу прадметаў, асоб пры здымках, у творах і пад.

Паказаць што-н. на кінаэкране буйным планам.

7. Галіна праяўлення чаго-н. або спосаб разгляду чаго-н., пункт гледжання (кніжн.).

Роля гераічнага плана ў кінафільме.

У тэарэтычным плане.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,

геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл. Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.

Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст. ням. матэматыкі Г.​Брун і Г.​Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.​Д.​Аляксандраў, А.​В.​Пагарэлаў і інш. Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.

В.​В.​Гарохавік.

Выпуклае цела (а) і нявыпуклае цела (б).

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПУКЛАСЦЬ І ЎВАГНУ́ТАСЦЬ крывой,

уласцівасць крывой, калі ўсе пункты любой яе дугі ляжаць не вышэй (не ніжэй) за хорду, якая сцягвае гэтую дугу. Пункт, у якім выпукласць крывой пераходзіць ва ўвагнутасць, наз. пунктам перагіну. Напр., крывая y=sin x увагнутая ў інтэрвале (0, π), выпуклая ў інтэрвале (π, 2π), пункт перагіну x=π.

Калі функцыя 𝑓(x) мае першую і другую вытворныя, то выпукласць і ўвагнутасць можна ахарактарызаваць так: у пунктах выпукласці крывая ляжыць не ніжэй за датычную і другая вытворная 𝑓″(x) > 0, у пунктах увагнутасці — не вышэй за датычную і 𝑓″(x) < 0 (калі 𝑓″(x) = 0, патрабуюцца дадатковыя даследаванні). Аналагічна вызначаецца выпукласць і ўвагнутасць паверхняў. Вобласць (частка плоскасці або прасторы), якая абмежавана выпуклай крывой (або выпуклай паверхняй), наз. выпуклай. Уласцівасці выпуклых абласцей вывучаюцца ў геаметрыі выпуклага цела.

В.​В.​Гарохавік.

Выпукласць і ўвагнутасць функцыі y=f(x); x0 — пункт перагіну.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,

свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв. проціззянне.

У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. ЗАЗ: легкавы аўтамабіль ЗАЗ-1102 Таўрыя.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,

сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.

Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШЧАЛНАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1758 у в. Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Храм аднанефавы, 2-вежавы, з 5-граннай апсідай і сакрысціямі. У аб’ёмнай кампазіцыі дамінуе гал. фасад. Яго вузкую цэнтр. плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асн. аб’ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Тры алтары і амбон у стылі ракако. Гал. алтар двух’ярусны. 1-ы ярус падзелены калонамі карынфскага ордэра на 3 часткі, аддзелены ад 2-га яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры 2-га яруса — картуш з люнетай, па баках — жывапісныя панэлі і дэкар. вазы. Побач з касцёлам у 19 ст. пабудавана 1-ярусная званіца.

С.​Г.​Багласаў, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Ішчалнаўскі Троіцкі касцёл.
Інтэр’ер Ішчалнаўскага Троіцкага касцёла.

т. 7, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,

маламагутны генератар эл. аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10​−6 да 10​−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.

Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл. П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (10​5—10​7) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).

В.​І.​Вараб’ёў.

Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

1) Л.п. пераменных x1, x2, ..., xn — замена гэтых пераменных на новыя y1, y2, ..., yn, праз якія першасныя пераменныя выражаюцца лінейна. Матэматычна выражаецца формуламі: x1 = a11y1 + a12y2 + ... + a1nyn + b1 , x2 = a21y1 + a22y2 + ... + a2nyn + b2 , ..................................... , xn = an1y1 + an2y2 + ... + annyn + bn , дзе aij, bi — адвольныя лікі. Калі ўсе лікі bi роўныя нулю, то Л.п. наз. аднародным. Напр., формулы пераўтварэння дэкартавых каардынат на плоскасці.

2) Л.п. вектарнай прасторы — закон, па якім вектару x з n-мернай прасторы ставіцца ў адпаведнасць новы вектар y каардынаты якога лінейна і аднародна выражаюцца праз каардынаты вектара x. Напр., праектаванне вектара на адну з каардынатных плоскасцей ў трохмернай прасторы.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)