прамяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які свеціцца праменямі, ад якога ідуць прамені. Зімняе сонейка рэдка калі бывае яркім, прамяністым. Краўчанка. // Поўны святла, ззяння, бляску. За акном разгараецца дзень прамяністы. Панчанка. Зыркаюць прамяністыя агні ў калгасным клубе. Пянкрат. // перан. Поўны радасці, шчасця і пад. Прамяністыя надзеі. Прамяністая будучыня. // перан. Напоўнены ўнутраным ззяннем (пра вочы). Цеплыня выходзіла і ад .. [Марынчынай] рукі, і ад гэтых слоў, і ад прамяністых вачэй. Хадкевіч.

2. Які разыходзіцца праменямі, нагадвае прамені. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч.

3. Спец. Які ўзнікае пры выпраменьванні. Прамяністая цеплыня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.

Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сава́, ‑ы; мн. совы, соў; ж.

Драпежная начная птушка атрада соў, у якой вялікая круглая галава, вялікія вочы і кароткая загнутая дзюба. А дзесь з суседняй баравіны крычыць сава на ўсе лады. Колас. Пад Маладзечнам шмат лясоў: Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка.

•••

Бачыць саву смаленую гл. бачыць.

Ці савой аб пень, ці пяём аб саву — гаворыцца, калі чыё‑н. становішча мяняецца толькі на выгляд, а не па сутнасці. — Ці савой аб пень, ці пнём аб саву — усё адно, — рагоча Тоўсцік. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

секу́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 1/60 часткі мінуты. Кожны з нас Працы час Да секунд разлічыў, Толькі б болей зрабіць для любімай Радзімы! Панчанка. // Вельмі кароткі адрэзак часу, імгненне. І вось праз секунду, а можа праз дзве Трапечацца лешч на вільготнай траве. Глебка.

2. Адзінка вымярэння вуглоў, дуг, роўная 1/3600 градуса, якая на пісьме абазначаецца значком ″ зверху лічбы справа.

3. У музыцы — другая ступень дыятанічнай гамы, а таксама інтэрвал паміж двума суседнімі гукамі гэтай гамы.

4. Другі інструмент і яго партыя ў аркестры. Скрыпка-секунда. Кларнет-секунда.

[Ад лац. secunda — другая, наступная.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́нняшні і сённяшні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да гэтага дня. Колькі год чакала [Вольга] сённяшняга запаветнага вечара! Кулакоўскі. // Які мае адносіны да цяперашняга часу; цяперашні, сучасны. Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі, І па новай зямлі нас у сённяшні дзень прывялі. Панчанка.

2. у знач. наз. сяго́нняшняе і сённяшняе, ‑яга, н. Тое, што было сягоння; што маецца цяпер. А мне сягонняшняе вітаць прыемна, Схіліўшы стан на сочную траву. Трус. Паэт разгортвае перад намі мінулае і сённяшняе роднай краіны. «Маладосць».

•••

Жыць сягонняшнім (сённяшнім) днём гл. жыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Біць, крышыць на дробныя часткі. Ногі рвуцца самі, лезуць у снег, крышаць нешта цвёрдае і хрусткае пад сабою — гэта ступаюць на шкло, трушчаць яго на друзачкі... Пташнікаў.

2. Ламаць, крышыць, разбураць. А міны ўсё вылі і вылі, трушчылі дрэвы, ссякалі галлё, запальвалі зямлянкі. Шамякін. Там, дзе дзік ламачча трушчыць, Дзе мелодый — незлічона, У славутай нашай пушчы — Рай для птушак і вучоных. Панчанка.

3. Знішчаць каго‑, што‑н. [Соміку] яскрава ўявілася, як рушыцца ўніз грузны кавалак, падбірае, камечыць і трушчыць пад сабою Рыгора. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чаю (у 1 знач.). Чайны ліст. Чайная заварка. □ Па пясках былых мы рыс пасеем, Выгадуем чайныя кусты. Панчанка. [Нор] доўга жыў з маці на чайнай плантацыі, дзе акрамя іх было многа іншых неграў. Шамякін. // Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю. Чайная справа. Чайная фабрыка.

2. Які служыць для піцця чаю (у 2 знач.). Чайная лыжка. Чайны сервіз. □ Па маленькім круглым століку .. быў пастаўлены чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.

•••

Чайная ружа гл. ружа.

Чайны грыб гл. грыб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шля́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Гіст. Прывілеяванае саслоўе — дробнапамеснае дваранства — у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 — пачатку 20 стст. Паходзілі.. чыноўнікі з асяроддзя заняпалай шляхты. Машара. У Польшчы шляхта мела больш правоў над сялянствам, і прыгоннае права ў ёй адчувалася мацней і праводзілася ў больш жорсткіх формах, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Беларусь». // зб. Шляхцічы. Хадзіў.. [Лапінка да баптыстаў] часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Брыль. Успомнілася і тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лідзінай маткі, як прагнала мяне, мужыка, ганарлівая шляхта. Ваданосаў. Сябры баявыя разгрукалі шляхту Пад Аўгустовам і Гроднам. Панчанка.

[Польск. szlachta з стараж.-верхненям. slahta — род, парода.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як-нія́к, прысл.

1. У нейкай меры, пэўным чынам. Гэту прапанову Турсевіч зразумеў, як захады з боку сябра вярнуць згоду і ранейшую дружбу паміж імі, што як-ніяк былі парушаны нядаўнімі спрэчкамі. Колас. Слон пакуль што як-ніяк трымаўся на нагах. Маўр.

2. у знач. пабочн. Усё ж такі. Вось і ўсё. Канчаецца дарога, Я Еўропу шчыра ўсю абняў. Разглядаў і строга і не строга, Як-ніяк, а з ёю мы радня. Панчанка. Як-ніяк, тыя людзі, з якімі можа давядзецца жыць і працаваць, глядзяць на яго [Сцяпана] няласкава. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)