Тэмбр ‘акустычная афарбоўка гуку’ (ТСБМ), тэ́мбар ‘тс’ (Некр. і Байк.). Відаць, праз польск. tembr ‘тс’, што з франц. timbre (ЕСУМ, 5, 542: непасрэдна з французскай мовы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл. Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.

В.​Дз.​Марозаў, С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эпіцэ́нтр

(ад эпі- + цэнтр)

1) вобласць на зямной паверхні, размешчаная непасрэдна пад ачагом землетрасення ці пад ачагом выбуху;

2) перан. месца, дзе з найбольшай сілай праяўляюцца якія-н. з’явы, падзеі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Карбу́нкул ’гнойнае запаленне глыбокіх слаёў скуры’ (ТСБМ), непасрэдна з лац. Carbunculus. Nomen deminutivum ад carbō carbonis ’вугаль’ (carbunculus ’рубін’) або праз польск. пасрэдніцтва (Слаўскі, 2, 70–71).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жні́ўнік ’ліпеньскі баравік’ (мазыр., Жыв. сл., 210). Назва дадзена паводле часу з’яўлення (падчас жніва), магчыма, шляхам кампрэсіі (жніўны — баравік) з суфіксам ‑ік або непасрэдна з суфіксам ‑нік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБМЕ́Н у эканоміцы,

узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч. вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.

Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл. Бартэр).

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш. сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРА́НСКІ СХОД,

карпаратыўны орган дваранскага самакіравання ў губернях і паветах Рас. імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. Узніклі ў паветах у 1766, потым утвораны губернскія дваранскія т-вы і іх органы — губернскія Д.с. У 1775 «Устанаўленне для кіравання губернямі», а ў 1785 «Даравальная грамата дваранству» узаконілі арганізац. структуру губернскіх і павятовых Д.с. Звычайна яны збіраліся раз у 3 гады; надзвычайныя маглі склікацца часцей, але з дазволу губернатара. Губернскія Д.с. абмяркоўвалі ўсе саслоўныя справы і пытанні, прапанаваныя дзярж. ўладамі; мелі права рабіць прадстаўленні губернатару, міністру ўнутр. спраў, а ў асабліва важных выпадках непасрэдна цару. Важнейшай функцыяй Д.с. былі выбары саслоўных дваранскіх органаў. Павятовыя Д.с. збіраліся за 3 месяцы да губернскага сходу і разглядалі саслоўныя справы павятовага маштабу. Д.с. скасаваны ў 1917.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад аўта... + інтаксікацыя), самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя,

пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш. сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАГЕ́НЫ,

рэчывы для халоднага фарбавання; прадукты, якія выкарыстоўваюцца для сінтэзу азафарбавальнікаў непасрэдна на валакністых матэрыялах. Найб. пашыраны азатолы і дыазолі.

Азатолы — арыламіды шэрагу араматычных кіслот (напр., 3-гідраксі-2-нафтойнай кіслаты) ці β-кетакіслот (напр., ацэтавоцатнай кіслаты) — крышталічныя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе, пры награванні са шчолачамі ўтвараюць водарастваральныя солі. Дыазолі — стойкія формы дыазазлучэнняў, пераважна двайныя солі з хлорыстым цынкам, араматычнымі сульфакіслотамі (крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, пры награванні ці ўдары ўзгараюцца, пылапаветраныя сумесі іх выбухованебяспечныя). Для змяншэння небяспечных уласцівасцей дыазолі змешваюць з напаўняльнікамі (сернакіслымі солямі натрыю ці алюмінію).

Азагены змяшчаюцца на матэрыялах (цэлюлозных, поліамідных, поліэфірных, поліакрыламідных валокнах, тканінах, пражы) і пры адпаведнай апрацоўцы (гл. Фарбаванне) надаюць ім яркую і трывалую афарбоўку любога колеру.

Выкарыстоўваюцца пры друкаванні на тканінах.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)