Саме́ц ’асобіна мужчынскага полу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’дрэва, якое не дае насення’ (Сл. ПЗБ), ’часць сеці, якая непасрэдна прымыкае да «маткі»’ (Маш.), само́к ’самец’ (ТС), самчу́к ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. саме́ц, укр. саме́ць, польск. samiec, samczek, чэш., славац. samec, серб.-харв. са́мац ’адзінокі чалавек’, славен. sámec ’адзінокі чалавек’, ’самец’. Прасл. *samьcь, дэрыват ад *samъ ’сам’. Махэк₂, 537 семантыку назвы тлумачыць тым, што самцы жылі адны, не ўдзельнічаючы ў выхаванні патомства. Форма само́к утворана як паралель м. р. да наз. ж. р. самка, гл. Гл. яшчэ Борысь, 538.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
т. 5, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ННЕ (semen),
орган палавога размнажэння і рассялення раслін. Развіваецца з семязачатку (семязавязі) у завязі кветкавых раслін і знаходзіцца ў плодзе або адкрыта на мегаспарафіле ў голанасенных раслін. Часам развіваецца без апладнення (апаміксіс). Тыповае Н. мае: покрыва (скурка), утворанае 1—2 інтэгументамі, зародак, эндасперм і (або) перысперм.
Часам утвараецца некалькі зародкаў — поліэмбрыянія (напр., голанасенныя, складанакветныя). Сфарміраваны зародак мае зародкавы карэньчык, гіпакотыль, семядолі (семядолю), пупышачку. У некат. раслін канчатковае фарміраванне элементаў зародка адбываецца пасля стратыфікацыі насення або ў працэсе прарастання. Крыніца харчавання зародка — эндасперм, які ў адных відаў (напр., у бабовых) цалкам паглынаецца зародкам пры развіцці, у інш. (напр., у злакаў) — захоўваецца. Паверхня Н. часам мае розныя вырасты, што спрыяюць распаўсюджванню раслін. Покрывы захоўваюць змесціва Н. ў стане спачыну ад святла, высыхання і інш. Памеры і маса Н. ад 0,002 мг (некат. архідэі) да 20 кг (сейшэльская пальма). Паяўленне Н. ў эвалюцыі раслін спрыяла іх прыстасаванню да розных экалагічных умоў і пашырэнню ў раслінным покрыве.
т. 11, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шрот
(ням. Schrot)
1) дробныя свінцовыя шарыкі, якія разам з порахам служаць зарадам для паляўнічых стрэльбаў;
2) адходы пасля выціскання алею з насення алейных раслін, якія ідуць на корм жывёле.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Кажура́ ’скурка (на гародніне)’ (Др.-Падб.), кажурына ’тс’ (ТСБМ, Шат.). Цяжка па некалькіх фіксацыях меркаваць аб статусе слова. Рус. кожура ’тс’ (у Даля без геаграфіі). З ‑ур‑суфіксацыяй ад кожа (гл.); Шанскі (11, 8, К) прыводзіць рус. дыял. снежура ’снег, які прамок ад вады’, што сведчыць аб экспрэсіўным характары суфіксацыі ў разглядаемым слове. Да бел. кажурына можна прывесці наступныя адпаведнікі: ст.-рус., наўг., пск. кожурина ’кара дрэва’, наўг. ’кавалак драўнянай кары’, буйск., кастрам., калін. ’скурка на пладах насення’. Аб суадносінах гэтых слоў (інавацыя? запазычанне?) меркаваць цяжка. Параўн. кажурына ’кусок аўчыны’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свінакро́п ‘расліна Spergula vulgaris Boen.’ (Кіс., Бяльк., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ; лельч., Арх. ГУ), ‘свінакропнік, Spergularia rubra’ (Мядзв.), ‘калматка, Filago arvensis L.’ (Кіс.), ‘трава свідзіна’ (Сцяшк.), ‘драсён’ (Ян.). Польск. świniokrop, świnokrop ‘Spergula arvensis L.’. Злучэнне асноў свін‑ (гл. свіны) і кроп (гл.); расліна названа па выгляду дробнага насення, якое пакрывае сцябло расліны (параўн. іншую назву — вошкі, польск. swinia wesz ‘Conium maculatum’). Першая частка ўтворана ад прыметніка свіны, бо расліна часта ўжываецца на корм свінням. Укр. палес. сʼвʼіно̂кро̂п ‘тс’ утварае адзін арэал з беларускімі назвамі (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сарціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сартаваць. Машыны чакалі рамонту, а насенне — сарціроўкі і ачысткі. Барашка. У гарадскую турму на сарціроўку арыштаваных разам з нямецкім начальствам прыехалі Рэкша і Пятроў. Няхай.
2. Сельскагаспадарчая машына для размеркавання па сартах насення, гародніны і ачысткі іх ад дамешак. У канцы 1944 года.. [рабочыя] ўжо выпусцілі першую сарціроўку «Клейтон». «Беларусь».
3. Механізм, пры дапамозе якога сартуюць руду, а таксама памяшканне для сартавання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усхо́ды 1, ‑аў; адз. няма.
Парасткі насення, якія паказаліся з зямлі. Шаўковай рунню вабілі позірк бяскрайнія ўсходы ранніх культур. Шамякін. // перан. Вынікі якой‑н. дзейнасці. Так ужо сёння, на нашых вачах, нараджаюцца і дужэюць усходы новага, якое становіцца нормай нашага жыцця. Кухараў.
усхо́ды 2, ‑аў; адз. няма.
Прыступкі лесвіцы. Грында парывіста бярэ вядро і з грукатам спускаецца па ўсходах, выходзіць на двор, ідзе да калодзежа. Колас. Па стромкіх усходах чалавек сыходзіў з трыбуны. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бетэ́ль
(парт. betel, ад тамільск. vettila)
1) трапічная кустовая расліна сям. перцавых з пякучым на смак лісцем;
2) сумесь для жавання з лістоў гэтай расліны, насення пальмы арэкі, тытуню і вапны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сабады́ла
(н.-лац. Sabadilla < ісп. cebadilla, ад cebada = ячмень)
расліна сям. лілейных, пашыраная на горных лугах Амерыкі, пераважна Мексікі; настойка і адвар насення гэтай расліны выкарыстоўваюцца супраць паразітаў жывёл і чалавека.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)