ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯЛО́ГІЯ (ад іхтыя... + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае рыб; аснова рыбалоўства і рыбаводства. Цесна звязана з біёнікай, гідралогіяй, фізіялогіяй, экалогіяй і інш.

Першыя сістэматызаваныя звесткі пра будову і біялогію рыб трапляюцца ўжо ў працах Арыстоцеля (4 ст. да н.э.). У Еўропе развіццё І. звязана з працамі франц. вучоных П.​Белона і Г.​Рандэле (2-я пал. 15 ст.). У сістэму ведаў І. аформілася ў канцы 18 ст., пераважна ў працах швед. вучоных П.​Артэдзі і К.​Лінея, ням. І.​П.​Мюлера, рус. К.​Ф.​Кеслера, С.​П.​Крашаншнікава. С.​Г.​Гмеліна, І.​І.​Ляпёхіна і інш.

На Беларусі з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. звесткі пра іхтыяфауну абмяжоўваліся пераважна спісамі складу рыб буйнейшых рэк (Нёман, Дняпро і інш.). У пач. 20 ст. вадаёмы краіны абследавалі экспедыцыі Рус. т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, Віцебская рыбагаспадарчая і інш. Найб. інтэнсіўна І. развіваецца пасля стварэння ў 1928 Бел. н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1977 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі). Сучасны этап іхтыялагічных даследаванняў звязаны з працамі П.​І.​Жукава, С.​В.​Кахненкі, У.​С.​Пенязя, У.​П.​Ляхновіча, А.​А.​Баравік, Г.​В.​Гладкага, Т.​М.​Шаўцовай і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, ВНУ, запаведніках, нац. парках і інш. Даследаванні звязаны з вывучэннем праблем біял. разнастайнасці рыб, распрацоўкай навук. асноў рыбаводства і рыбалоўства.

У.​Б.​Петухоў.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),

навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.

Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст. англ. вучоныя Э.​Галей, Дж.​Хэдлі і рас. вучоны М.​В.​Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.​І.​Ваейкаў, ням. А.​Тумбальт, У.​П.​Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.​А.​Камінскага, Я.​С.​Рубінштэйн, Л.​С.​Берга, амер. Г.​Ландсберга, Д.​Мілера, аўстр. Ф.​Штайнгаўзера і інш.

На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.​І.​Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.​В.​Валабуевай, М.​А.​Гольберга, А.​І.​Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.​Х.​Шкляра (БДУ), М.​А.​Гольчанкі (БСГА), М.​І.​Касцюкевіча (Бел. тэхнал. ун-т).

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метэарало́гія

(ад гр. meteora = атмасферныя з’явы + -логія)

навука аб складзе і будове зямной атмасферы і аб працэсах і фізічных з’явах, якія адбываюцца ў ёй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гастраэнтэрало́гія

(ад гастра- + энтэра- + -логія)

раздзел медыцыны, які вывучае будову і функцыі органаў стрававання, іх хваробы, а таксама метады прафілактыкі і лячэння гэтых хвароб.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геатапало́гія

(ад геа- + гр. topos = месца + -логія)

кірунак у ландшафтазнаўстве, які вывучае падраздзяленні геаграфічнай абалонкі ніжэйшых таксанамічных рангаў; прыкладна ў межах фацыі і біягеацэнозу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фенало́гія

(ад гр. phaino = выяўляю + -логія)

раздзел біялогіі, які вывучае сезонныя з’явы ў жывой прыродзе, тэрміны іх надыходу і прычыны, што вызначаюць гэтыя тэрміны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

герантало́гія

(ад гр. geron, -ntos = стары + -логія)

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т.л. чалавека; уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пентало́гія

(ад пента- + -логія)

літаратурны твор, які складаецца з пяці адносна самастойных твораў, звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.​П.​Боткіна, І.​І.​Мечнікава, І.​П.​Паўлава, А.​А.​Багамольца, А.​В.​Нагорнага, Дз.​Ф.​Чабатарова, англ. Б.​Стрэлера, А.​Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.​М.​Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.​П.​Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.​Р.​Гацко.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)