АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ, азоту вокіслы,

злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр. нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,

алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНА́ТЫ,

солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.

К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3) солі (гл. Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К. шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл. Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр., метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гемі́н

(ад гр. haima = кроў)

салянакіслы гемацін, рэчыва, якое ўтвараецца пры ўздзеянні салянай кіслаты на гемаглабін крыві; вызначэнне на гемін выкарыстоўваецца ў судовай практыцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

амія́к

(ад лац. ammoniacum < гр. ammoniakon)

злучэнне азоту з вадародам, бясколерны газ з едкім непрыемным пахам; выкарыстоўваецца для атрымання азотнай кіслаты, соды і штучных угнаенняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

карбана́ты

(фр. carbonate, ад лац. carbo, -onis = вугаль)

1) солі вугальнай кіслаты (напр. сода, паташ);

2) мінералы, якія з’яўляюцца вуглякіслымі солямі розных металаў (напр. кальцыт, даламіт).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аспергі́л

(н.-лац. aspergillus)

недасканалы грыб сям. маніліевых, які развіваецца ў глебе, на розных субстратах, асабліва на раслінных прадуктах; выкарыстоўваецца для атрымання лімоннай кіслаты, ферментаў, антыбіётыкаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

хлары́ты

[ад гр. chloritis (lithos) = зялёны камень]

1) група слюдападобных мінералаў, якія ўтрымліваюць хлорыстыя злучэнні;

2) солі хлорыстай кіслаты, якія выкарыстоўваюцца для адбельвання тканін, цэлюлозы, паперы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НІТРА́ТЫ,

неарганічныя і арган. вытворныя азотнай кіслаты.

Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO3)n (n — ступень акіслення металу М). Вядомыя амаль для ўсіх металаў. Н. амонію, шчолачных і шчолачназямельных металаў наз. салетрамі. Крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. Вызначаюцца нізкай тэрмічнай устойлівасцю і здольнасцю акісляць арган. і неарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць як мінер. ўгнаенні (гл. Азотныя ўгнаенні), кампаненты ракетнага паліва, піратэхн. саставаў і інш. Таксічныя: выклікаюць кашаль, ірвоту, вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць і інш. Дапушчальнае сутачнае спажыванне 5 мг/кг (смяротная доза для чалавека 8—15 г Н.). Н. арганічныя — эфіры азотнай к-ты. Маюць адну ці некалькі груп —O—NO2, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала. Бясколерныя ці бледна-жоўтыя вадкасці або цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе. Добра раствараюцца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Многія выбухованебяспечныя (напр., нітрагліцэрына, нітраты цэлюлозы). Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, а таксама як кампаненты бяздымных порахаў і ракетнага паліва, дабаўкі да дызельнага паліва (для павышэння цэтанавага ліку), у медыцыне (нітрагліцэрына і інш. Н. шмататамных спіртоў). Таксічныя: акісляюць гемаглабін у метгемаглабін, выклікаюць галаўны боль, пачашчанае сэрцабіцце.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

га́лавы

(ад лац. galla = чарнільны арэшак)

г-ая кіслата — арганічнае злучэнне, бясколернае крышталічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца для сінтэзу фарбавальнікаў;

г-ыя фарбавальнікі — сінтэтычныя фарбавальнікі, вытворныя галавай кіслаты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)