БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́БРЭЦЭН (Debrecen),

горад на У Венгрыі. Адм. ц. медзье Хайду-Біхар. Вядомы з 10 ст. 217,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць; маш.буд. (вагонабудаванне, вытв-сць падшыпнікаў, мед. абсталявання, с.-г. машын), хіміка-фармацэўтычная, швейная, мэблевая, гарбарна-абутковая, тытунёвая, харчасмакавая. 3 ун-ты. Ін-ты атамных даследаванняў і фізікі Сонца АН Венгрыі. Музеі. Арх. помнікі 18—19 ст. Бальнеалагічны курорт. У Д. ў 1849 Л.Кошут абвясціў незалежнасць Венгрыі.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РШТАНАС (Birštonas),

горад у Літве, на р. Нёман (Нямунас), за 39 км ад Каўнаса. Вядомы з 14 ст. 4,1 тыс. ж. (1992). Бальнеалагічны і кліматычны курорт. 2 санаторыі. Краязнаўчы музей. Мінер. крыніцы вядомы з 18 ст.; інтэнсіўна выкарыстоўваюцца з 19 ст. ў лек. мэтах (піццё, ванны, арашэнні) пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані, з тарфянымі гразямі мясц. радовішчаў — пры лячэнні хвароб гінекалагічнай, апорна-рухальнай, перыферычнай нерв. сістэм. Вял. маляўнічы парк з гарой Вітаўтаса. Побач з Бірштанасам заказнік Пунайскі бор, турбаза.

т. 3, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙТАН (Brighton),

горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс. ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕА́РН (Béarn),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,8 тыс. км². Нас. каля 390 тыс. чал. (1990), значную частку складаюць баскі. Гал. горад — По. На Пд — адгор’і Зах. Пірэнеяў, на Пн — перадгорныя ўзгорыстыя раўніны. Клімат умераны, вільготны. Здабыча прыроднага газу. Хім. і алюмініевы з-ды. Прамысл. цэнтр Баёна (авія- і машынабудаванне, тэкст. і абутковая прам-сць). На Пд — гарнапашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі), у перадгор’ях — пасевы пшаніцы і кукурузы, сады і вінаграднікі. Кліматычны, прыморскі і бальнеалагічны курорт Біярыц.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦА (Krynica),

бальнеалагічны і кліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Новы-Сонч, на схілах Бяскідаў (у складзе Карпат), «жамчужына польскіх курортаў». Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Ахаванасць схіламі гор, укрытых хвойным лесам, крыніцы каштоўных мінер. вод (вядомыя з 18 ст.), мясц. тарфяныя гразі выкарыстоўваюцца як асн. лек. фактары пры захворваннях органаў стрававання, дыхання, сасудаў і сэрца, мочапалавой сістэмы, парушэннях абмену рэчываў. База для навук. устаноў Кракаўскай мед. акадэміі. Буйны цэнтр турызму, адпачынку і зімовага спорту. Помнікі драўлянай архітэктуры. Мастацкі музей.

т. 8, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРЫ,

прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.​Кемеры (адсюль назва). Асн. прыродныя лек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц. тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв. сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕРМО́Н-ФЕРА́Н (Clermont-Ferrand),

горад у цэнтр. ч. Францыі. Адм. ц. дэпартамента Пюі-дэ-Дом і гал. горад гіст. вобласці Авернь. Склаўся з 2 гарадоў: Клермон (вядомы з часоў стараж. Рыма) і Феран (атрымаў правы горада ў 13 ст.). 254 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр гумава-тэхн. і шыннай прам-сці. Развіта таксама металаапр., маш.-буд., тэкст., швейная, паліграф., харч. прам-сць. Ун-т (з 1810). Арх. помнікі 12—18 ст. Паблізу — бальнеалагічны курорт Руая.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧЫ,

вёска ў Мінскім р-не, каля вадасх. Крыніца, на аўтадарозе Мінск—Заслаўе. Чыг. ст. на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнЗ ад г. Мінск. 5669 ж., 660 двароў (1997). Дарожна-буд. ўпраўленне № 5, ПМК № 1, гідрагеал. станцыя, рамонтна-буд. ўпраўленне, з-д безалкагольных напіткаў. Рэсп. інтэрнат ветэранаў вайны і працы. Мінская абл. школа глухіх дзяцей, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр, дзіцячы дом, сярэдняя школа, 4 б-кі, амбулаторыя, аптэка, 3 аддз. сувязі. Каля вёскі курорт Ждановічы.

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАПА́НЭ (Zakopane),

горад на Пд Польшчы, у Новасандэцкім ваяв., каля падножжа Татраў. 30 тыс. ж. (1994). Харч. прам-сць. Тэатр, музеі (Татранскі, Я.​Каспровіча, К.​Шыманоўскага і інш.), маст. галерэі. Цэнтр традыц. нар. промыслаў (ткацтва, выраб карункаў, разьба па дрэве). Штогадовыя міжнар. фалькл. фестывалі. З 19 ст. развіваецца горна-кліматычны курорт. Буйнейшы ў Польшчы цэнтр круглагадавога адпачынку, турызму, альпінізму і зімовага спорту, а таксама кліматычнага лячэння хвароб органаў дыхання. Паблізу Татранскі нац. парк, горныя азёры, у т. л. Морске-Вока.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)