ГАЛАГРА́МА (ад грэч. holos увесь, поўны + ...грама),
зарэгістраваная на святлоадчувальным матэрыяле (або інш. носьбіце) інтэрферэнцыйная карціна хвалевага поля, якая змяшчае інфармацыю пра аб’ёмны відарыс аб’екта і дае магчымасць узнаўляць гэты відарыс.
Атрымліваецца пры інтэрферэнцыі святла ў тонкім слоі фотаэмульсіі ў выглядзе інтэрферэнцыйных палос — двухмерная (плоская) галаграма або ў тоўстым слоі фотаэмульсіі — трохмерная (аб’ёмная) галаграма. Узнаўленне відарыса аб’екта адбываецца за коштдыфракцыі святла пры праходжанні яго праз галаграму (прапускальная галаграма) або пры адбіцці ад галаграмы (адбівальная галаграма). Гл. таксама Галаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЗАКА́З (дзяржзаказ),
заданне дзяржавы прадпрыемствам (аб’яднанням) на вытв-сць і пастаўкі якой-н. прадукцыі ў пэўнай колькасці або аб’ёме. У склад Дз.з. могуць уключацца заданні на ўвод у дзеянне вытв. магутнасцей і аб’ектаў сац. сферы за кошт цэнтралізаваных капітальных укладанняў; ён можа размяшчацца на конкурснай аснове і абавязковы для ўключэння ў вытв. план. Пры выдачы Дз.з. прадугледжваецца ўзаемная адказнасць бакоў — выканаўцы і заказчыка; ён у першую чаргу забяспечваецца фін. і матэрыяльнымі рэсурсамі, гарантаваным збытам прадукцыі і інш. льготнымі ўмовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАРНЫ РАДЫЁПРЫЁМНІК,
найпрасцейшы радыёпрыёмнік, у якім прынятыя сігналы радыёстанцый не ўзмацняюцца, а толькі дэтэктыруюцца (гл.Дэтэктыраванне). Прыняты сігнал вылучаецца ў вагальным контуры Д.р., пераўтвараецца дэтэктарам у эл. ваганні гукавых частот, якія праслухоўваюцца ў тэлеф. навушніках. У Д.р. адсутнічае ўласная крыніца энергіі і ўсе працэсы ў ім адбываюцца за кошт энергіі прынятых сігналаў. Выкарыстоўваецца для прыёму перадач магутных радыёстанцый, а таксама ў навуч. мэтах.
Схема дэтэктарнага радыёпрыёмніка: A — антэна; LC — вагальны контур; D — дыёд; C — блакіровачны кандэнсатар; Т — галаўны тэлефон; З — зазямленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme ад ісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТЛААГРЭГА́Т,
комплекс устройстваў для атрымання пад ціскам пары або гарачай вады за кошт спальвання паліва. Складаецца з топачнай камеры і газаходаў, у якіх размешчаны паверхні нагрэву (параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветранагравальнік). Бываюць з шматразовай натуральнай або прымусовай цыркуляцыяй і праматочныя. Выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях, у прамысл. і ацяпляльных кацельных, у суднавых і інш.кацельных устаноўках. У энергет. К. для павышэння эканамічнасці выкарыстоўваюцца схемы з другасным (прамежкавым) перагрэвам пары. Аснашчаны сродкамі аўтаматыкі, прыладамі і прыстасаваннямі кантролю, кіравання і аховы. Гл. таксама Паравы кацёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВЫ́ ПРАЦЭ́С.
тэрмадынамічны працэс, у выніку якога рабочае рэчыва (газ, пара ці інш.) вяртаецца ў першапачатковы стан. Пры гэтым усе тэрмадынамічныя параметры і характарыстычныя функцыі сістэмы ў канцы працэсу прымаюць першапачатковыя значэнні, а змены адбываюцца толькі ў навакольным асяроддзі. У прамым К.п. частка цеплаты, нададзеная рабочаму целу, пераўтвараецца ў карысную работу (напр., у цеплавых рухавіках), а ў адваротным — за кошт работы адбываецца перадача цеплаты ад менш нагрэтых цел да больш нагрэтых (напр., у халадзільных машынах). Гл. таксама Карно цыкл, Цыкл тэрмадынамічны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),
сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.
Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл.Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХ,
рух цел пад дзеяннем рэактыўнай цягі. У тэхніцы ажыццяўляецца з дапамогай рэактыўных рухавікоў за кошт выцякання газаў, што ўтвараюцца пры згаранні рэактыўнага паліва. Бывае і ў прыродзе сярод жывёл (медуза, каракаціца, кальмар) і раслін (шалёны агурок). Тэорыю Р.р. (рух ракеты з улікам змены яе масы) распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі. Скорасць Р.р. v у любы момант часу t вызначаецца формулай Цыялкоўскага: v = u [ln(M1 + M2) − ln(M1 + M)], дзе u — адносная скорасць выцякання газу з рухавіка, M1, M2 і M — адпаведна масы ракеты, згарэлага паліва і паліва, што засталося.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕ́РСІЯ (ад лац. reversio вяртанне) у генетыцы, узнаўленне ў мутантнага арганізма дзікага (нармальнага) фенатыпу ў выніку паўторнай мутацыі. Адбываецца за кошт прыгнечання (супрэсіі) уздзеяння мутантнага гена або шляхам сапраўднай мутацыі. Арганізм, які ўзнік у выніку супрэсіі, мае псеўдадзікі фенатып, а пры сапраўднай зваротнай мутацыі — нармальны, таму што геном вяртаецца ў зыходны стан (напр., узнаўленне зыходнай нуклеатыднай паслядоўнасці ў гене, які быў закрануты прамой мутацыяй). Частата і характар Р. залежаць ад тыпу змен, якія адбыліся пры прамой мутацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
заро́дак, ‑дка, м.
1. У жывёл і чалавека: арганізм у першы перыяд свайго развіцця, які жывіцца за кошт матчынага арганізма або пажыўнымі рэчывамі, назапашанымі ў яйцы. Зародак кураняці.// У вышэйшых насенных раслін: зачатак новай расліны, які развіваецца з аплодненай яйцаклеткі ўнутры семені. Зародак семя пшаніцы.
2.перан. Пачатковы стан, першае праяўленне чаго‑н. Зародкі культуры. □ Містыцызм.. — атрута, якая забівала і забівае ўсе творчыя зародкі духоўнай дзейнасці чалавека.Лойка.
•••
У зародку — у самым пачатку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)