блефары́т
(ад гр. blepharon = павека)
запаленне павекаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
трахеі́т
(ад трахея)
запаленне слізістай абалонкі трахеі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
урэтры́т
(ад урэтра)
запаленне слізістай абалонкі урэтры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЕЗІКУЛІ́Т (ад лац. vesicula пузырок + ...іт), сперматацыстыт,
запаленне семявага пузырка ў чалавека і жывёл. У мужчын назіраецца часцей разам з прастатытам, урэтрытам, эпідыдымітам. Праяўляецца адчуваннем цяжару і болем у вобласці прамежнасці і ў прамой кішцы, які аддае ў паясніцу і машонку. Адзначаецца пачашчанае мочаспусканне, што суправаджаецца пачуццём пякоты. Характэрны павышаная палавая ўзбуджальнасць, частыя эрэкцыі і палюцыі, болі пры эякуляцыі з ірадыяцыяй у галоўку палавога члена. Пры хранічным везікуліце развіваецца бясплоднасць. Лячэнне: фізіятэрапія, антыбіётыкі. З жывёл на везікуліт найчасцей хварэюць быкі, бараны, кныры. Працякае ў катаральнай або гнойнай форме. Хворых жывёл звычайна выбракоўваюць.
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку), пачачуй,
вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.
Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.
т. 5, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМО́ІД (ад дэрма + грэч. eidos выгляд), дэрмоідная кіста,
пухлінападобнае ўтварэнне, што ўзнікае пры парушэннях эмбрыягенезу з эктадэрмы і мезадэрмы, а таксама ў працэсе жыццядзейнасці з функцыян. элементаў скуры — потавых і тлушчавых залоз, валасяных фалікулаў. Разнавіднасць тэратомы. Бывае ў розных участках цела, найчасцей на скуры галавы, вельмі рэдка ва ўнутр. органах, галаўным мозгу і яго абалонках. Поласць Д. запоўнена жэле- ці тлушчападобный масай з валасамі, касцявымі структурамі, зубамі і інш. тканкамі. Пры росце Д. з’яўляецца боль, іншы раз запаленне тканкі і скуры вакол яго. Магчыма развіццё з Д. пласкаклетачнага рака. Лячэнне хірургічнае.
В.Я.Рабека.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),
запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),
запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛО́М,
поўнае парушэнне цэласці косці. Адрозніваюць П. траўматычны (ад уздзеяння мех. сілы) і паталаг. (пухліна, запаленне і інш.). Можа суправаджацца пашкоджаннем нерв. канцоў або ствалоў, буйных сасудаў, скурных покрываў, інфіцыраваннем раны. Пашкоджанне крывяносных сасудаў пры П. вядзе да крывацёку, часам да развіцця дэкампенсаванай ішэміі тканкі і інш. П. бываюць адкрытыя, закрытыя (скура не пашкоджваецца), са зрушэннем і без зрушэння. Асн. клінічная праява П. — паталаг. рухомасць косці. Інш. праявы залежаць ад лакалізацыі П. (на чэрапе, пазваночніку, канечнасцях і інш.). Асн. метад дыягностыкі — рэнтгенаграфія. Лячэнне кансерватыўнае (гіпсавыя павязкі, лёгкія шыны, выцяжэнне), хірургічнае.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬПІ́Т,
запаленне пульпы зуба. Узнікае пры пападанні ў яе бактэрый, іх таксінаў, прадуктаў распаду тканак з карыёзнай поласці, парушаных калязубных тканак, пры траўме зуба, з крывацёкам пры цяжкіх інфекц. захворваннях і інш. Бывае востры і хранічны, ачаговы і дыфузны (пашыраецца на ўсю пульпу зуба). П. пашкоджвае малочныя і пастаянныя зубы. Характарызуецца моцным болем, які можа ўзнікаць, напр., пры пападанні на хворы зуб халоднай (гарачай) ежы; пры некат. формах П. холад купіруе боль. Часам П. закранае галіны трайчастага нерва і боль пераходзіць на пэўныя часткі твару. Лячэнне: поўнае ці няпоўнае выдаленне пульпы з далейшым пламбаваннем зуба.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)