АДА́МКУС (Adamkus) Валдас (да 1955 Адамкявічус Вальдэмарас; н. 3.11.1926, г. Каўнас, Літва),
дзяржаўны і паліт.дзеяч Літвы. Скончыў Ілінойскі тэхнал.ін-т (г. Чыкага, ЗША, 1960). У гады ням.-фаш. акупацыі Літвы (1941—44) вучыўся ў Каўнаскай гімназіі «Аўшра». З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША (у 1955—98 амер. грамадзянін). З канца 1950-х г. уваходзіў у кіраўніцтва шэрагу грамадскіх і грамадска-паліт. арг-цый літоўцаў ЗША. З 1970 на кіруючых пасадах у федэральнай службе ЗША па ахове прыроды, у т. л. ў 1981—97 кіруючы адміністратар 5-га рэгіёна краіны (6 штатаў). З 1972 удзельнік перагавораў ЗША з СССР па пытаннях аховы прыроды (часта наведваў Літву), у 1980—97 — старшыня амер. дэлегацыі ў Міжнар. аб’яднанай камісіі (ЗША і Канада) па Вял. Азёрах. З 1988 удзельнічаў у паліт. і грамадскім жыцці, падтрымліваў рух «Саюдзіс». У 1996 у час выбарчай кампаніі ў сейм Літвы арганізаваў блок памяркоўных цэнтрыстаў. У 1998—2003 прэзідэнт Літвы. Праводзіў курс на «хуткую мадэрнізацыю» краіны і яе паскораную інтэграцыю ў зах.-еўрап.паліт. і эканам. структуры і НАТО.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЗЕЎ Станіслаў Нічыпаравіч (н. 6.11.1948, г. Новасібірск, Расія),
дзяржаўныдзеяч Беларусі, юрыст, гісторык. Ген.-маёр (1994). Канд.юрыд.н. (1999), праф. (2001). Скончыў Томскае ваен. вучылішча сувязі (1969), Вышэйшую школу (Акадэмію бяспекі) КДБСССР (1982). З 1969 на адказных пасадах у Прыкарпацкай ваен. акрузе, з 1974 у асобых аддзелах КДБ групы сав. войск у Германіі, потым у Прыкарпацкай і Туркестанскай ваен. акругах. З 1989 нам., з 1994 нач. ўпраўлення ваен. контрразведкі КДБ Рэспублікі Беларусь. У 1998—2001 нач. Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. З лют. 2001 нам.дзярж. сакратара Рэспублікі Беларусь, з верасня 1-ы нам. кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адначасова са жн. 2002 старшыня Геральдычнага савета. З сак. 2003 рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1995—2001 прэзідэнт рэсп. экалагічнага фонду «Экамір». Аўтар навук. публікацый, падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па пытаннях тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, тэорыі і практыкі кіравання.
Тв.:
Основы информационно-аналитической деятельности. Мн., 1996;
Ф.Э.Дзержинский и его время. Мн., 1998;
Военная контрразведка на территории Беларуси в начале двадцатого века. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭМІ́Р Дзмітрый Канстанцінавіч (5.11.1673, г. Ясы, паводле інш. звестак с. Сіліштэ або г. Фэлчыў, Румынія — 1.9.1723),
малдаўскі і рас.дзяржаўныдзеяч, гісторык, філосаф, пісьменнік музыказнавец і кампазітар. Чл. Берлінскай АН (1714). Святлейшы князь (1711), сенатар, тайны саветнік (з 1721). Малодшы сын малд. гаспадара (правіцеля) Канстанціна К. У 1688—91 вучыўся ў Канстанцінопалі. З 1693 (з перапынкамі) прадстаўнік малд. гаспадара пры двары тур. султана. У 1710—11 гаспадар Малдовы; у крас. 1711 заключыў з рас. царом Пятром I дагавор аб саюзе супраць Турцыі і ўваходжанні Малдовы на правах аўтаноміі ў склад Расіі, удзельнік Пруцкага паходу 1711. Са жн. 1711 у Расіі: дарадца Пятра I па ўсх. пытаннях, удзельнік Персідскага паходу 1722—23. Аўтар гіст. прац «Гісторыя ўзвышэння і заняпаду Атаманскай імперыі» (1714—16, класічнае даследаванне, перакладзена на англ., ням., франц. мовы), «Апісанне Малдавіі» (1716), «Сістэма, або Стан мухамеданскай рэлігіі» (1719), філас. твораў «Метафізіка» (1700), «Даследаванне прыроды манархій» (1714) і інш., рамана «Іерагліфічная гісторыя» (1705), муз. трактата (1704), у якім даў нотную сістэму тур. музыкі, і больш як 30 твораў тур. класічнай музыкі.
Літ.:
Бабий А.И. Дмитрий Кантемир. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Дз.К.Кантэмір. З партрэта невядомага мастака. Каля 1720.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЗЯН ЦЗЭМІ́НЬ (н. 17.8.1926, г. Янчжоў, Кітай),
дзяржаўны і паліт.дзеяч Кітая. Скончыў Шанхайскі політэхн.ін-т «Цзяатун» (1947). Працаваў на інж. і кіруючых пасадах на з-дах і ў тэхнал.-даследчых ін-тах, з 1973 у апараце 1-га Мін-ва машынабудавання. Стажыраваўся ў СССР (1955—56), узначальваў групы кіт. спецыялістаў у Румыніі (1971—73; з кіт. дапамогай там пабудаваны 10 з-даў) і Пакістане (1976). З 1980 нам. старшыні і адказны сакратар Дзярж. к-таў КНР па кіраванні экспартам, імпартам і замежнымі інвестыцыямі. З 1982 нам. міністра, міністр электроннай прам-сці. Мэр г. Шанхай (1985—88), сакратар яго гаркома КПК (1987—89), Чл.ЦК (1982—2002) і Палітбюро ЦК (1987—2002) КПК. Ген. сакратар (чэрв. 1989—ліст. 2002), старшыня Ваен. савета (з ліст. 1989) ЦККПК і старшыня КНР ( сак. 1993 — сак. 2003). Праводзіў курс на паглыбленне рыначных рэформ пры захаванні кіруючай ролі КПК. У 2001 наведаў з афіц. візітам Беларусь.
Тв.:
Рус.пер. — Реформа, развитие, стабильность: Статьи и выступления. 2 изд. М., 2001;
У кн.: Творцы истории: Мао Цзэдун, Дэн Сяопин, Цзян Цзэминь: Статьи и выступления. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,
Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),
кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аўТайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-я г. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.
Літ.:
Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВІ́ЦКІ Пётр Адамавіч (26.8.1906, в. Лазавое Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 24.11.1977),
дзяржаўныдзеячБССР. Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1935). З 1925 на сав. рабоце ў Асіповіцкім р-не. У 1928—31 у органах АДПУ. З 1936 дырэктар Мар’інагорскага с.-г. тэхнікума. З 1939 заг. аддзела, сакратар Мінскага, са студз. 1941 1-ы сакратар Палескага абкомаў КП(б)Б. У пач.Вял.Айч. вайны адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі. 3 кастр. 1941 сакратар Алтайскага крайкома ВКП(б), з ліст. 1942 у апараце ЦКВКП(б). Са жн. 1943 1-ы сакратар Палескага абкома КП(б)Б, адначасова чл.ваен. савета 61-й арміі. У 1944—47 1-ы нам. старшыні СМБССР. З 1947 нач. Баранавіцкага абл. ўпраўлення сельскай гаспадаркі, 1-ы нам. міністра сельскай гаспадаркі БССР. З 1956 1-ы нам. старшыні СМЛіт. ССР. З 1959 нам. старшыні, старшыня Магілёўскага аблвыканкома. У 1964—66 нач.Гал. ўпраўлення меліярацыі і воднай гаспадаркі пры СМБССР. Чл.ЦККПБ у 1940—49, 1960—66, чл. Бюро ЦК КП(б) у 1945—47. Дэп. Вярх. СаветаСССР і нам. старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1946—50, дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—51, 1955—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Мацей (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўныдзеячВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел.пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАШЭ́ЎСКІ Аляксандр Восіпавіч (Сташэўскі-Стасевіч; 24.3.1889, в. Думічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.12.1938),
дзяржаўныдзеячБССР. Скончыў Мінскі Бел.пед.ін-т (1920). У 1911—14 выкладаў у Рэчыцкім прыходскім вучылішчы. З 1916 у рас. арміі. З 1918 удзельнік бел.нац. руху, чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». Удзельнік антыпольскага падп. і партыз. руху на Міншчыне, у студз. 1920 адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай камуністычнай арганізацыі, чл. яе ЦК. У жн. 1920 кааптаваны ў склад КП(б)Б. У 1921 абраны сакратаром ЦВК і СНКБССР. З 1924 старшыня Полацкага акр. выканкома, спрыяў правядзенню палітыкі беларусізацыі. З 1926 нарком унутр. спраў БССР, з 1928 нарком юстыцыі і пракурор БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—31 і яго Прэзідыума ў 1921—24 і 1927—31. Чл.Рэвіз. камісіі КП(б)Б у 1924—25, чл.ЦКККП(б)Б у 1929—31. 28.1.1931 абвінавачаны ва ўдзеле ў «антыпартыйнай групе Ігнатоўскага—Жылуновіча», зняты з пасады і прызначаны старшынёй Бабруйскага райвыканкома, 18.2.1931 выведзены са складу ЦКККП(б)Б. З восені 1931 заг. рабфака БДУ, са снеж. 1931 дырэктар Гомельскага с.-г.пед. ін-та. 27.4.1937 арыштаваны, 29.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ТА, Броз Ціта (Broz Tito) Іосіп (25.5.1892, в. Кумравец, Харватыя — 4.5.1980), дзяржаўны і паліт.дзеяч Югаславіі. Маршал (1943), тройчы Нар. герой (1944, 1972, 1977), Герой Сац. Працы (1950) Югаславіі. Удзельнік 1-й сусв. вайны (на баку Аўстра-Венгрыі) і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (дзе быў у палоне). Чл. (з 1920), ген. сакратар (з 1940), старшыня (з 1966) Камуніст. партыі Югаславіі (з 1952 Саюз камуністаў Югаславіі). У час народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 галоўнакаманд. Нар.-вызв. арміяй і партыз. атрадамі (1941—45), старшыня Нац.к-та вызвалення Югаславіі (1943—45). Узнагароджаны сав. ордэнам «Перамога». Кіраўнік урада (1945—63), прэзідэнт (1953—80) Югаславіі. У перыяд часовага (1948—55) разрыву сав.-югасл. міждзярж. і міжпарт. сувязей Ц. актывізаваў кантакты з краінамі—членамі НАТО, супрацьстаяў ідэалаг. і паліт. націску СССР і прапанаваў уласную мадэль сацыяліст. грамадства, засн. на дэцэнтралізацыі кіраўніцтва гасп. дзейнасцю. На міжнар. арэне прыхільнік пазаблокавай палітыкі, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху. З 1955 адрадзіў дружалюбныя адносіны з СССР пры прызнанні апошнім своеасаблівасці югасл. мадэлі сацыялізму і неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. У 1965 наведаў Беларусь.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные статьи и речи, май 1941 — окт. 1979 г.М., 1987.
Літ.:
Уэст Р. Иосип Броз Тито: Власть силы: Пер. с англ. Смоленск, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ Міхаіл Львовіч (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеячВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял.кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял.кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.